Школьнікі змогуць прапускаць заняткі да пяці дзён без даведкі – Мінздароўя

Такая мера дзейнічае ў перыяд усплеску рэспіраторных захворванняў.

Навучэнцы з прыкметамі вострых рэспіраторных вірусных інфекцый могуць адсутнічаць на занятках без даведкі да пяці дзён. Адпаведны ліст накіравала Міністэрства аховы здароўя ў Міністэрства адукацыі – піша Office Life.

Рашэннем Міністэрства аховы здароўя прадугледжана, што, калі дзіця адсутнічае на занятках у дзіцячым садку, школе, гімназіі, каледжы, універсітэце на працягу пяці дзён у сувязі з хваробай, даведку аб часовай непрацаздольнасці прадстаўляць не трэба.

Гэтая норма дзейнічае на час высокага ўздыму захворванняў на вірусныя інфекцыі. Яе можа адмяніць новае рашэнне Міністэрства аховы здароўя.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Адзіны падатак на маёмасць і павышаны працэнт на звышдаходы – якія змены чакаюцца ў Кодэксе аб падатках

На Нацыянальным прававым партале апублікаваны праект змяненняў у падатковы Кодэкс Рэспублікі Беларусь. Згодна з дакументам, у Беларусі можа быць уведзены адзіны маёмасны плацеж. Гэта агульная сума падатку на нерухомую маёмасць, зямельнага падатку і транспартнага падатку, якая падлягае выплаце фізічнай асобай.

Змены чакаюцца таксама па стаўках падаходнага падатку. Так, для індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх даходы ў год перавысілі 500 тысяч рублёў, стаўку падаходнага падатку прапануецца ўстанавіць у памеры 30 працэнтаў. Звычайная стаўка складае 20 працэнтаў. Што да фізічных асоб, чый даход за каляндарны год перавысіць 200 тысяч, стаўка падатку можа скласці 25 працэнтаў з сумы перавышэння.

Фота: mogilev.media

Курс долара дасягнуў 3.30 беларускіх рублёў. Год назад было 2.48

Працягваецца падзенне беларускай валюты. Сёння абменнікі прабілі сімвалічную планку ў 3 рублі 30 капеек за адзін долар. Для разумення маштабу інфляцыі, год таму банкі прадавалі і набывалі амерыканскую валюту па курсе, блізкім да 2.50. Гэта азначае, што за год беларускі рубель прасеў амаль на 25%. Самы высокі курс да беларускага рубля даляр паказваў паўтара года таму, на таргах 15 сакавіка 2022 года – 3,3195 рубля. Такім чынам да абсалютнага рэкорду засталося паўтары капейкі.

Фота: myfin.by

Кожны шосты беларус – пенсіянер. Менш за ўсё іх на Магілёўшчыне

Паводле дадзеных Белстата на пачатак 2023 года ў Беларусі жыло каля палутара мільёнаў чалавек. Гэта кожны шосты жыхар краіны. Сярод абласцей найбольшая колькасць пенсіянераў на Міншчыне – 234 тысячы. Менш за ўсё іх жыве ў Магілёўскай вобласці, 168 тысяч чалавек.

Летась больш за 3 тысячы беларускіх пенсіянераў ажаніліся ці выйшлі замуж. Шлюбаў, дзе і жаніх, і нявеста былі ў старэчым узросце зарэгістравана 978. З гэтага ліку 8% жанчын і 5,5% мужчын ніколі не насілі пярсцёнкі. 18% і 25% страцілі сваіх мужа і жонкі, а 70% былі разведзены.

Тых, хто вырашыў яшчэ папрацаваць усяго каля 80 тысяч, ці 1,9% ад усяго працоўнага насельніцтва краіны. Застаюцца працаваць яны звычайна ў сферах адукацыі, аховы здароўя і ў навуцы. Шмат пенсіянераў удзельнічае ў валанцёрскім руху, іх доля каля 15 працэнтаў.

Фота ілюстрацыйнае

Вось якія маркі цыгарэт падаражэюць з 1 кастрычніка

У Беларусі з 1 кастрычніка падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве па падатках і зборах.

На 20-45 капеек падаражэюць некаторыя віды цыгарэт Магнат, Мінск, Прэм’ер, Фэст, Dove, Credo, NZ, Queen, Matrix, portal, Pall Mall, Rigins, Kent, Vogue, Rothmans, RB ад Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”.

“Тытунь-інвест” павышае цэны на 5-40 капеек на некаторыя віды цыгарэт Mac, Карона, Форт, Kalipso, LD, Pall Mall, Camel, Richmond, Kent, Rothmans, Vogue, Lucky Strike.

У «Інтэр-Табака» на 40-45 капеек даражэюць некаторыя віды цыгарэт Dove і Red Bor.

Фота з адкрытых крыніц

Туркменскія студэнты ў Беларусі аказаліся масава ўцягнутымі ў кантрабанду людзей – СМІ

Туркменскае выданне turkmen.news сцвярджае, што студэнты з Туркменістана ўцягнутыя ў пераправу выхадцаў з Сярэдняй Азіі ў краіны Еўрасаюзу і мігранцкі крызіс на мяжы. Адзін з затрыманых і дэпартаваных туркменаў вучыўся ў сельгасакадэміі ў Горках. 

Дзесяткі маладых хлопцаў і дзяўчат з Туркменістана за грошы незаконна пераводзяць у Польшчу жыхароў краін Блізкага Усходу – піша выданне. Студэнтаў ловяць беларускія памежнікі, іх штрафуюць і дэпартуюць на радзіму, а некаторыя атрымліваюць турэмныя тэрміны. Сітуацыя аказалася настолькі сур’ёзнай, што намеснік міністра адукацыі Беларусі разаслаў у ВНУ ліст з патрабаваннем сачыць за навучэнцамі з Туркменістана. Копія ліста патрапіла ў распараджэнне turkmen.news.

Фота: turkmen.news

Дакумент, падпісаны намеснікам міністра Аляксандрам Бахановічам, паступіў у беларускія ВНУ ў верасні. У ім гаворыцца аб шматлікіх выпадках затрымання студэнтаў і выпускнікоў з Туркменістана ў межах памежнай паласы, у тым ліку ў той час, калі ў ВНУ праходзяць заняткі. Бахановіч патрабуе, каб кіраўніцтва ВНУ не дапускала пропускі заняткаў і ўзмацніла прафілактычную працу з замежнымі студэнтамі.

Паводле інфармацыі крыніцы turkmen.news у кіраўніцтве адной з ВНУ Беларусі, туркменскія студэнты ўцягнуты ў дзейнасць міжнароднай мафіі. Праз Беларусь у Польшчу, а потым у заходнюю Еўропу незаконна трапляюць грамадзяне Ірака, Лівіі, Йемена, Егіпта, Сірыі, Афганістана і іншых краін. Іх праваднікамі праз мяжу і з’яўляюцца туркменскія студэнты.

Яны на машыне давозяць групы замежнікаў да мяжы з Польшчай. Гэтая краіна Еўразвяза ў апошні час моцна ўмацавала сваю мяжу, пабудаваўшы сцяну, аднак кантрабандысты робяць пад ёй падкопы. Туркмены пераводзяць нелегальных мігрантаў на польскі бок і саджаюць іх у машыну саўдзельнікаў. Потым яны фатаграфуюць сваіх падапечных у доказ выкананай працы, вяртаюцца ў Мінск ці Брэст і атрымліваюць 3-4 тысячы долараў. Грошы за працу ім выплачвае нейкі грамадзянін, этнічны курд – сцвярджае выданне.

«Туркменскія студэнты аказваюцца ўцягнутымі ў гэта не ад безвыходнасці – падкрэслівае крыніца turkmen.news – Працы ў Беларусі шмат, яны могуць уладкавацца ў кафэ або таксістамі. Але іх прываблівае менавіта магчымасць зарабіць хутка і адразу шмат. Некаторыя студэнты гуляюць у азартныя гульні і маюць буйныя даўгі».

У звароце Бахановіча прыводзяцца прыклады затрыманняў і крымінальных спраў. У сакавіку 2023 года пры незаконным пераводзе праз мяжу васьмярых грамадзян Індыі быў затрыманы грамадзянін Туркменістана, студэнт чацвёртага курса Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута (МГЭІ) Наўруз Рэджэпаў. У ліпені яго прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі. У маі пры арганізацыі нелегальнай міграцыі дзесяцёх егіпцян былі злоўлены яшчэ двое студэнтаў той жа ВНУ – Керым Аламаў і Сапагельды Аладжанаў. У жніўні ім далі па 4,5 гады пазбаўлення волі.

Таксама ў звароце намесніка міністра адукацыі пералічваюцца грамадзяне Туркменістана, якіх пасля затрымання на мяжы аштрафавалі і дэпартавалі ў адміністрацыйным парадку. Сярод іх – студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Палван Анамаў. Адзначым, што ў спісе затрыманых і дэпартаваных студэнтаў адсутнічаюць студэнты ці выпускнікі Беларуска-Расійскага універсітэта, дзе навучаюцца вялікія групы туркмен.

Turkmen.news  падкрэслівае, што большасць туркменскіх студэнтаў усё ж працуюць у Беларусі і іншых краінах больш-менш легальна. Яны не могуць не працаваць, бо ўлады Туркменістана рэзка абмяжоўваюць аб’ём грошай, якія бацькі маюць права канвертаваць для адпраўкі дзецям за мяжу. Часта маладыя людзі і дзяўчаты вымушаны згаджацца на брудную і цяжкую працу.

Фота: gstu.by

Для беларусаў тавары на Wildberries і Ozon абкладаюцца двайным падаткам

Тавары, якія прадаюцца на буйных расійскіх пляцоўках Ozon і Wildberries, двойчы абкладаюцца падаткам на дададзеную вартасць пры продажы ў Беларусь – паведаміў дырэктар Ozon па аперацыях і развіццю ў СНД Аляксей Сапон 21 верасня на форуме ў Мінску. 

Паводле слоў Аляксея Сапона, гэта праблема па-ранейшаму актуальная, і яе абмеркаванне адбываецца не толькі на лакальным узроўні, але і сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Аднак на якім этапе знаходзіцца рашэнне гэтага пытання, прадстаўнік Ozon не змог адказаць.

Раней праводзілася сустрэча прадстаўніка Ozon з кіраўніком МАРГ Беларусі Аляксеем Багданавым. На ёй узнімалася тэма зменаў у беларускім заканадаўстве, якія замацуюць статус маркетплейсаў у Беларусі.

Афіцыйны прадстаўнік ЕЭК Ія Малкіна заяўляла, што зараз ужо існуе канцэптуальна ўхваленая рэдакцыя паправак у Дамову аб ЕАЭС. Магчыма, гэтыя змены пазбавяць маркетплэйсы ад падвойнага падаткаабкладання – пішуць “Беларусы і рынак”.

Фота з адкрытых крыніц

Заўтра – дзень без аўтамабіля

22 верасня ва ўсім свеце праводзіцца штогадовая акцыя – Сусветны дзень без аўтамабіля. Гэта міжнародная падзея, якая заклікае адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля хаця б на адзін дзень. ДАІ Магілёўскага РАУС адзначае, што мэта акцыі – скараціць колькасць аўтамашын на вуліцах і дарогах і падтрымаць іншыя віды ўстойлівага транспарту, уключаючы грамадскі і веласіпедны транспарт.

Лепшы спосаб адзначыць Сусветны дзень без аўтамабіля – проста не карыстацца сваім аўтатранспартам, заўважаюць спецыялісты. Калі вам трэба кудысьці пайсці, прагуляйцеся ці пракаціцеся на ровары. Калі ў вас ёсць электрасамакат, выкарыстоўвайце яго. Або ж проста скарыстайцеся грамадскім транспартам.

Для матывацыі аўтамабілістаў перасесці на грамадскі транспарт, у Мінску аб’явілі бясплатны праезд для аўтааматараў 22 верасня ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях і метро пры прад’яўленні пасведчання кіроўцы. Пра падобную ініцыятыву ў гарадах Магілёўшчыны не паведамлялася.

Фота: mogilev.media

Заўтра праваслаўныя вернікі будуць адзначаць Свята Нараджэння Маці Божай

У адпаведнасці з вучэннем царквы, нараджэнне Найсвяцейшай Багародзіцы – маці Ісуса Хрыста – не было падзеяй выпадковай і звычайнай, паколькі ёй была адведзена важная роля ў ажыццяўленні боскага плана выратавання чалавецтва. Старажытная традыцыя хрысціянскай Царквы разглядае многія старазапаветныя прароцтвы і правобразы як указанне на нараджэнне Багародзіцы.

У Новым Запавеце змяшчаюцца вельмі бедныя звесткі аб зямным жыцці Прасвятой Багародзіцы, і, у прыватнасці, нічога не сказана пра нараджэнне і бацькоў Дзевы Марыі. Пра падзею, у гонар якой устаноўлена святкаванне, вядома з апакрыфічнага Протаевангелля Якава IІ-га стагоддзя нашай эры. 

Паводле апавядання, у набожнай сямейнай пары з Іерусаліма – Іаакіма і Ганны – доўгі час не было дзяцей. Калі Іаакім прыйшоў у храм прынесці Богу ахвяру, першасвятар яму адмовіў, бо ён «не стварыў нашчадкаў Ізраілю». Тады Іаакім у смутку выдаліўся ў пустыню для малітвы, а яго жонка засталася дома ў адзіноце і таксама малілася. У гэты час ім абодвум было бачанне анёла, які абвясціў, што «Гасподзь пачуў малітву тваю, ты зачнеш і народзіш, і пра нашчадства тваё будуць казаць ва ўсім свеце».

На выяве: Фрагмент абраза “Нараджэнне Маці Божай” Пятра Яўсяевіча. Магілёў, 1649 год.

У Беларусі плануецца збіраць яшчэ адну марку кітайскага аўто – цяпер люксавую

Беларускае прадпрыемства “Юнісон” плануе выпуск кітайскіх аўтамабіляў Hongqi. Першыя 36 машынакамплектаў ужо знаходзяцца на заводзе, а да канца года мяркуецца сабраць тысячу аўтамашын кітайскага брэнда – паведамляе БелТА.

Hongqi – гэта кітайская марка аўтамабіляў класа люкс аўтавытворцы FAW Group. Некаторыя мадэлі гэтага брэнда выпускаюцца выключна для вышэйшага кітайскага чынавенства і не паступаюць у вольны продаж.

Фота з адкрытых крыніц