Дванаццаць рулонаў сена скраў жыхар Быхава ў Слаўгарадскім раёне

Прапажу заўважыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства “Урэчанскі” Слаўгарадскага раёна і падаў сігнал у міліцыю. Вечарам 15 ліпеня на полі прадпрыемства каля вёскі Рабінаўка злодзеяў затрымалі – на чале з 25-гадовым жыхаром Быхава яны спрабавалі вывезці тры рулоны сенажу на аўтамашыне. Усяго, як высветлілася, быхаўчанін спрычыніўся да крадзяжу дванаццаці рулонаў сена за некалькі дзён – піша газета “Прысожскі край”.

Фота: “Прысожскі край”

Дзяўчынка хацела выпіць энергетык і атруцілася сродкам ад каларадскіх жукоў пад Слаўгарадам

У Слаўгарадскім раёне 4-гадовая дзяўчынка вырашыла паспрабаваць «энэргетык» і патрапіла ў лякарню з атручваннем. Аказалася, у бутэльцы ад энэргетыка быў сродак ад каларадскіх жукоў.

Маленькая дзяўчынка знаходзілася ў гасцях у бабулі. У хаце захоўваўся сродак ад каларадскіх жукоў, які быў наліты ў бутэльку з-пад энергетычнага напою. Жанчына вырашыла скарыстацца сродкам, паставіла бутэльку на кухні і адлучылася. Дзіця вырашыла паспрабаваць “энергетычны напой”. Добра, што бабуля своечасова вярнулася і зразумела, што адбылося. Яна адразу ж выклікала хуткую дапамогу.

На шчасце, медыкі досыць хутка аказалі дапамогу маленькай пацыентцы. Цяпер з ёй усё добра.

Па выніках судовай медыцынскай хімічнай экспертызы ў вадкасці аб’ёмам 68 мілілітраў знойдзены тыялакрыд, што з’яўляецца небяспечным для здароўя як дзяцей, так і дарослых – паведамляе камітэт судовых экспертызаў.

Фота: sudexpert.gov.by

У Слаўгарадзе пройдзе сырны фестываль

22 ліпеня ў Слаўгарадзе пройдзе штогадовы гастранамічны фестываль “Гаспадарчы сыр” – пачынаючы з 2012 года мясцовыя гаспадыні прадстаўляюць на ім самаробныя сыры.

Будуць працаваць тэматычныя падворкі, дзе можна будзе пазнаёміцца з мясцовымі сыраварамі і іх прадукцыяй. Разгорнецца вялікі кірмаш, дзе можна будзе набыць харчовыя і прамысловыя тавары, а таксама вырабы ручной работы і сувеніры. 

Свята пройдзе на адкрытай пляцоўцы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Пачатак у11.30 – паведамляе БелТА.

Фота: СБ

У старым парку Слаўгарада прыходзіць у занядбанне ўсімі забытая вежа сядзібы Галіцына XVIII стагоддзя

Вежа і парк канца XVIII стагоддзя не з’яўляюцца адметнасцямі горада, хаця пры належным стаўленні да аб’ектаў, яны маглі б стаць прыцягальным месцам для турыстаў, гасцей Слаўгарада і саміх гараджанаў. 

У помніку садова-паркавага мастацтва канца XVIII стагоддзя, што быў заснаваны на сутоку рэк Сожа і Проні, знаходзіцца цікавая старая пабудова. Вежа з чырвонай цэглы – адзінае збудаванне, што захавалася ад  сядзібы Галіцыных. 

На вялікі жаль, з кожным годам стан старой пабудовы пагаршаецца, а яна, натуральна, патрабуе кансервацыйных работ, якія дазволілі б захаваць сённяшні стан аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны горада.

Нагадаем, што пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай імператрыцай Кацярынай ІІ тагачасны Прапойск быў перададзены ва ўладанне расійскаму генералу Аляксандру Галіцыну. Менавіта пра ім быў заснаваны прыгожы парк пейзажнага тыпу. Ён быў прарэзаны трыма ярамі і абмяжоўваўся лясным масівам. Прычым у гэтым парку абапал сярэдняга вала была створана сістэма вадаёмаў са штучнымі каскадамі. 

Кампазіцыю парку складалі газон, кветнікі, грот, скульптура, тэхнічныя збудаванні. Парк у паўночнай частцы спалучаўся з гарадзішчам, а на месцы старадаўняга замку быў пабудаваны палац, ад якога зараз захавалася толькі цагляная вежа.

Сам слаўгарадскі парк на сённяшні дзень пашкоджаны і захаваўся толькі часткова. У парку з тых часоў засталіся мясцовыя лісцевыя пароды дрэў, а таксама некаторыя экзатычныя расліны як, напрыклад, ясень пенсільванскі.

Што цікава – ні паркавы комплекс, ні вежа не выступаюць адметнасцямі сённяшняга Слаўгарада. На сайце Слаўгарадскага райвыканкама сярод славутасцей можна ўбачыць археалагічны комплекс Замкавая гара, але вежы і парка там няма, хоць гэтая гарадская лакацыя магла б стаць вельмі пазнавальным і адметным месцам, якое прыцягвала б турыстаў і стварала непаўторную атмасферу мясцовым жыхарам.

Фота з адкрытых крыніц

Пайшлі лісічкі – жыхар Слаўгарадскага раёна сабраў 16,5 кілаграм за пяць гадзін

Менш чым за паўдня жыхару Слаўгарада ўдалося сабраць вялікую колькасць грыбоў – бо меў свае запаветныя мясціны.  

Раніцай аднаго дня слаўгарадчанін Іван Маргелаў адправіўся на прагулку ў лес да родных мясцінаў каля вёскі Дубна і за пяць гадзін яму ўдалося сабраць шаснаццаць з паловай кілаграм лісічак. 

Такія запаветныя грыбныя мясціны Маргелаў ведае, бо нарадзіўся ў Дубне і добра арыентуецца ў лясных прасторах. Больш за тое, слагўарадчанін з’яўляецца сапраўдным прафесіяналам “ціхага палявання”, бо займаецца гэтым заняткам для душы і цела ўжо не адно дзесяцігоддзе.  – паведамляе раённая газета “Прысожскі край”. 

Грыбнік-прафесіянал прызнаецца, што да сваіх запаветных месцаў прыходзіць штогод збіраць лясныя дары і яны яго часта радуюць вялікай колькасцю грыбоў, а асабліва – смачных лісічак.

Фота ілюстрацыйнае і slavgorod.by

У Слаўгарадзе адкрыліся дабрачынныя рахункі для рэстаўрацыі і рамонту помнікаў архітэктуры горада

Два аб’екты ў Слаўгарадзе занесены ў спіс Дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі – гэта ансамбль царквы Раства Багародзіцы з адметнымі фрэскамі і будынак былой паштовай станцыі.

Слаўгарадская царква, званніца і царкоўна-прыходская школа, пабудаваныя па загадзе князя А.М.Галіцына ў 1791-1793 гадах па праекце рускага архітэктара Мікалая Львова, з’яўляюцца адным з самых дасканалых прыкладаў архітэктуры класіцызму ў Беларусі.

Будынак былой паштовай станцыі пабудаваны ў стылі неаготыкі ў другой палове XIX стагоддзя паводле «ўзорнага праекту» 1846 года. У будынку паштовай станцыі размяшчаліся кватэра наглядчыка і пакоі для прыезджых. Акрамя гэтага, меўся флігель для фурманаў, свіран і хлеў. Сёння ад комплексу захаваўся толькі адміністрацыйны будынак.

Цяпер гэтыя аб’екты спадчыны маюць патрэбу ў правядзенні рамонтных работ. Пагэтаму былі адкрыты дабрачынныя рахункі, каб ўсе зацікаўленыя асобы і арганізацыі маглі аказаць неабходную спонсарскую дапамогу – паведамляе слаўгарадская раённая газета “Прысожскі край”.

Фота з адкрытых крыніц

У Слаўгарадзе пройдзе свята “Народная прыпеўка”

На адкрытай пляцоўцы слаўгарадскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці 24 чэрвеня пройдзе святочнае мерапрыемства пад назвай “Народная прыпеўка”. Будзе шмат прыпевак і частушак, народных спеваў і музыкі, а таксама – горад майстроў пад гукі гармоні. 

Свята мае статус рэгіянальнага і праводзіцца з перыядычнасцю адзін раз ў два гады. Яно прадугледжвае ўдзел творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў Слаўгарадскага раёна, а таксама прадстаўнікоў іншых раёнаў і гарадоў Магілёўшчыны, іншых абласцей. 

Арганізатарам рэгіянальнага свята з’яўляецца цэнтральная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна. Праграма свята прадугледжвае конкурсныя выступленні па намінацыях: індывідуальныя выканаўцы частушак, гарманісты, групы і ансамблі – паведамляе слаўгарадская газета “Прысожскі край”. 

Акрамя таго, будзе арганізавана работа імправізаваных сельскіх падворкаў, выставы творчых работ устаноў адукацыі, культуры, а таксама «горад майстроў», на якім будуць прадсталены вырабы майстроў розных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамёстваў розных куткоў Магілёўскай вобласці.

Фота ілюстрацыйнае 

У Слаўгарадзе будуць выпускаць дзве тысячы тон мармеладу

Вытворчасць жавальнага і жалейнага мармеладу ў Слаўгарадзе плануецца запусціць на поўную праектную магутнасць ужо сёлета. 

Вытворчасць слаўгарадскага філіяла “Чырвоны харчавік”, якая паўстала ў сакавіку 2022 года, выпускае новую экспартна-арыентаваную прадукцыю розныя віды мармеладу: дыябетычны, з вітамінамі, нізкакаларыйны і іншыя. 

З канвеера філіяла выходзіць звыш 50 найменняў жэлейнага і жавальнага мармеладу на аснове пекціну, жэлаціну, карагінану і мадыфікаванага крухмалу. Нават выпусцілі мармелад узбагачаны вітамінамі груп В і С, які дазволены для дзецям дашкольнага і школьнага ўзросту.

Тавар ідзе ў тым ліку на экспарт, большая частка прадукцыі адгружаецца ў Расію, таксама ёсць пастаўкі ў Казахстан, Узбекістан, Балгарыю і Грузію – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА. 

Як адзначае дырэктар “Чырвонага харчавіка” Яўген Свірыд, у слаўгарадскага філіяла стаіць задача да канца гэтага года выйсці на праектную магутнасць. У гэтым годзе плануецца выпусціць і рэалізаваць больш за 2 тысячы тон кандытарскіх вырабаў, з якіх каля 700 тон будуць рэалізаваны на экспарт. 

Фота: БелТА

Глабальны экалагічны фонд прафінансуе садова-паркавы комплекс у Слаўгарадзе

На Замкавай гары ў Слаўгарадзе пройдзе маштабнае добраўпарадкаванне тэрыторыі, плануецца пракласці безбар’ерную экалагічную сцежку і арганізаваць фестываль “Прапойскія вытокі”. Гэта стане магчыма дзякуючы таму, што мясцовая асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам атрымала грант на інфраструктурнае развіццё тэрыторыі замчышча ад міжнароднай арганізацыі Глабальны экалагічны фонд на амаль 50 000 долараў.

Каарданатар праекта Віталь Варабей распавёў газеце “Прысожскі край” пра дэталі пректа. На тэрыторыі Замкавай гары ў Слаўгарадзе будуць праведзены добраўпарадкаванне тэрыторыі, пасадка новых дрэў, укладка пешаходных дарожак, устаноўка асвятлення і арт-аб’ектаў. Таксама запланавана правядзенне на тэрыторыі замчышча штогадовага фестываля “Прапойскія вытокі”. Рэалізацыя гэтага комплекса мерапрыемстваў разлічаная на два гады.

Глабальны экалагічны фонд  – гэта незалежная міжнародная фінансавая арганізацыя, чыя дзейнасць рэалізуецца праз Праграму развіцця ААН, Праграму па навакольным асяроддзі ААН, і Сусветны банк. ГЭФ дае фонды для фінансавання дадатковых выдаткаў для таго, каб праект стаў экалагічна прывабным. Арганізацыя створана ў 1991 годзе, у яе склад уваходзяць прадстаўнікі 181 дзяржавы.

Фота: Планета Беларусь

Узровень ракі Сож стаў небяспечна нізкім каля Крычава і Слаўгарада

Узровень вады на Сожы каля Крычава і Слаўгарада апускаецца да небяспечна нізкай адзнакі, паведаміліў у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У найбліжэйшыя дні на рацэ ўзроўні вады апусцяцца ніжэй за адзнакі, пры якіх узнікаюць цяжкасці ў рабоце рачнога транспарту. У сувязі з гэтым Белгідрамет аб’явіў штармавое гідралагічнае папярэджанне – паведамляе БелТА.

Фота: “Магілёўскі рыбалоў”