Лабавое сутыкненне пад Шкловам – кіроўца Iveco загінуў на месцы

Вечарам у 19.00 на аршанскай аўтадарозе каля вёскі Новыя Чамаданы Шклоўскага раёна адбылося сутыкненне грузавіка і мікрааўтобуса. Кіроўца Volvo з паўпрычэпам выскачыў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з Iveco Daily. Абедзьве машыны вынесла ў кювет, дзе Iveco перакуліўся. 21-гадовы кіроўца мікрааўтобуса, жыхар Віцебскай вобласці, загінуў на месцы. Вадзіцель Volvo шпіталізаваны – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС, скрыншот

Беспрацоўны магілёвец зняў кватэру, а калі скончыліся грошы, распрадаў рэчы гаспадыні

44-гадовы магілёвец, які нідзе не працуе, распрадаў рэчы са здымнай кватэры на 1 500 рублёў – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Мужчына папрасіў сваю сястру адшукаць яму кватэру для доўгатэрміновай арэнды. Тая парэкамендавала яго сваёй знаёмай, 60-гадовай пенсіянерцы. Калі ў мужчыны скончыліся грошы, ён пачаў адну за адной распрадаваць рэчы з чужой хаты. Першую прапажу пенсіянерка заўважыла, калі зайшла да кватаранта, каб забраць свой танометр. Магілёвец паабяцаў, што хутка яго прынясе, а сам уцёк. Як высветлілася, усяго ён накраў рэчаў на 1 500 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Па Бабруйску хадзілі махляры – дорага прадавалі звычайны посуд пад выглядам брэндавага

Пенсіянерка заплаціла за набор беларускімі рублямі і парай завушніц.

Як мінімум два чалавекі ў Бабруйску сталі ахвярамі гандляроў, што разносілі па дамах наборы посуду, якія выдаваліся за высокаякасныя тавары вядомага брэнда. Паведамляецца, што невядомы мужчына змог прадаць аднаму гаспадару такі набор за 400 рублёў. Потым пакупнік заўважыў, што на самім посудзе выстаўлена зусім іншая назва фірмы-вытворцы.

89-гадовая бабруйская пенсіянерка набыла падобны тавар за 500 рублёў, але грашыма расплацілася толькі часткова – аддала за набор 145 рублёў і пару залатых завушніц.

Судовая таваразнаўчая экспертыза паказала, што максімальны кошт кожнага прададзенага набору посуду не сягае вышэй за 229 рублёў.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Магілёвец паабяцаў знайсці пакупніка на антыкварную манету, а сам уцёк з ёй у ламбард

Двое мужчын пазнаёміліся на вуліцы і вырашылі выпіць. Адзін з іх валодаў рэдкай калекцыйная манетай, якую ацэньваў прыблізна ў 1000 рублёў. Яго новым знаёмым аказаўся 58-гадовы раней судзімы магілёвец.

Засядаючы ў бары з новым прыяцелем, уласнік манеты хвастаўся, за які вялікі кошт яе можна прадаць. 58-гадовы мужчына прапанаваў паказаць яе іншаму знаёмаму, што жыве непадалёк. Узяўшы манету быццам бы для таго чалавека, магілёвец насамрэч проста кінуўся з ёй уцякаць а саму каштоўнасць здаў у ламбард – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Зараз калекцыйная рэдкасць вернута ўласніку, супраць злодзея ўзбуджана крымінальная справа.

Фота: УУС

Самыя папулярныя імёны – Аляксандр і Ганна. Сярод рэдкіх – Лявон, Дабрыня, Лея

ЗАГС Магілёўскага раёна падсумаваў статыстыку за 2023 год, як часцей за ўсё называюць сваіх дзетак бацькі ў ваколіцах абласнога цэнтра. Сярод імёнаў хлопчыкаў на першым месцы – Аляксандр. Іншымі папулярнымі імёнамі сталі Марк, Мацвей, Дамір, Максім, Сцяпан і Цімафей. Рэдкімі імёнамі аказаліся Давід, Лявон, Дабрыня, Юлій і Ціхан.

Сярод дзявочых імёнаў для нованароджаных самым папулярным стала імя Ганна. Іншыя самыя распаўсюджаныя – Сафія, Ева, Ксенія, Соф’я і Стэфанія. Рэдкімі імёнамі для дзяўчынак сталі Асміна, Лея, Каміла, Евангеліна, а таксама Яраслава і Міраслава – піша “Прыдняпроўская ніва”.

Фота з адкрытых крыніц

На пажары пад Быхавам загінуў мужчына, у Клімавіцкім раёне суседзі выратавалі пенсіянера

Вечарам 12 лістапада трагедыя здарылася ў вёсцы Трысціўка Быхаўскага раёна. На пажары ў прыватным доме загінуў гаспадар, пенсіянер 1939 года нараджэння. Прычыны ўзгарання высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

У вёсцы Галічы Клімавіцкага раёна на пажары прыватнага дома суседзі выратавалі чалавека. Гаспадар дома, пенсіянер 1960 года нараджэння быў дастаўлены ў лякарню з атручваннем прадуктамі гарэння.

Фота ілюстрацыйнае

Мокры снег і каля нуля – надвор’е на новы тыдзень

На пачатку тыдня надвор’е на Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклона, што рухаецца з Бранскай вобласці Расіі ў Валагодскую – адзначае Белгідрамет. 13 лістапада чакаецца перавага воблачнага надвор’я. У многіх раёнах пройдуць дажджы, часам з мокрым снегам. Тэмпература днём да +6°С.

14 лістапада Беларусь апынецца пад уплывам вільготнай няўстойлівай паветранай масы і атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы. Будзе воблачна з праясненнямі. Уначы, днём месцамі – дождж, мокры снег. Уначы і раніцай чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер пераменных напрамкаў умераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу -3 +2°С, максімальная днём +1 +8°С.

15 лістапада прыйдуць прахалодныя няўстойлівыя паветраныя масы.  Будзе воблачна з праясненнямі, месцамі чакаюцца ападкі – снег, мокры снег. Уначы і раніцай слабы туман і галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Тэмпература паветра ночу каля 0, днём +1°С.

Такое ж надвор’е чакаецца таксама ў чацвер і пятніцу – кая 0, дождж і мокры снег. У выходныя крыху пахаладае – да -2°С ноччу. Днём +1 +2°С, без істотных ападкаў.

Фота: mogilev.media

Gastrofest у Магілёве ўжо з наступнага чацвярга – 38 рублёў за сэт, 12 рэстаранаў

Шосты беларускі Gastrofest стартуе 16 лістапада і працягнецца да 3 снежня. Сёлета ён праходзіць ва ўссіх абласных цэнтрах і Мінску. Кошт за адзін сэт у сталіцы – 47 рублёў, тады як у іншых гарадах 38. У Магілёве ўдзел у фэсце бяруць дванаццаць рэстаранаў – “Эдысан”, “101”, “Карчма на Шклоўскім базары”, “Амазонка”, “Цокаль”, “Churchill”, “Дзве палачкі”, “Рахмат”, “Ван Гог”, “Белы ліс”, “Хінкальня” і “Луна”.

Большасць прапанаваных сэтаў сумарна важаць больш за кілаграм. Падрабязнасці пра ўсе прапановы можна знайсці тут – у праграме фестываля.

Gastrofest – гэта серыя гастранамічных фестываляў, якая прыйдзецца даспадобы ўсім аматарам смачнай ежы і якасных напояў. Ва ўсіх фестываляў розная тэма, але адна механіка. Установы прапануюць свае лепшыя сэты па фіксаваным кошце ў пэўны адрэзак часу, а наведвальнікі аддаюць свае галасы за лепшы пачастунак. 

Фота: Gastrofest.by

Пенсіянерка загінула на пажары ў Чавускім раёне

Трагедыя адбылася вечарам 11 лістапада. Пажар успыхнуў у прыватным доме ў вёсцы Хацетава Чавускага раёна. У ім загінула гаспадыня, пенсіянерка – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажару і гібелі ўстанаўліваюцца.

Фота ілюстрацыйнае

“Шчырасць адзіноты” Базыля Камарова – куды схадзіць у Магілёве на кароткім выхадным

У Выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва на вуліцы Болдзіна праходзіць юбілейная выстава вядомага мастака Базыля Камарова “Шчырасць адзіноты”. Гэтая выстава ўключае некалькі мастацкіх цыклаў і серый, а таксама асобных твораў жывапісу і графікі, сабраных ў адной зале.

Творчасць Базыля Камарова адрозніваецца глыбокай праработкай гістарычнай і архітэктурнай спадчыны роднага краю. Яго творы з выявамі старажытнага Магілёва лічацца ў шэрагу лепшых рэканструкцый сярэдневяковых беларускіх гарадоў.

Базыль Камароў нарадзіўся 12 ліпеня 1953 года ў в. Міхайлаўск Магілёўскага раёна. З 1965 г. вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. У 1972 годзе скончыў аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). 

Фота: mogilevnews.by