У Магілёве паймалі разбойніцу

Жыхарка Магілёва 49 гадоў, раней ужо асуджаная за забойства, пагражаючы нажом напала на 91-гадовую пенсіянерку ў абласным цэнтры. Разбойніца прыйшла да пенсіянеркі пад выглядам супрацоўніцы электрасетак і папрасілася ў дом, каб праверыць лічыльнікі. Калі пажылая жанчына ўпусціла яе ў дом, рэцыдывістка стала пагражаць нажом і гвалтам, патрабуючы аддаць грошы. Атрымаўшы адмову – паведамляе прэс-служба абласнога УУС – уцякла. Па відэа з камер назірання яе аператыўна затрымалі.

На фота: скрыншот з аператыўнага відэа

Узяў у арэнду гульнявую прыстаўку і прадаў яе

У Ленінскі РУУС г. Магілёва звярнуўся прадпрымальнік, які заявіў, што невядомы завалодаў ягонай гульнявой прыстаўкай коштам каля 1500 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба Магілёўскага УУС. Высветлілася, што чужую маёмасць забраў 29-гадовы магілёвец. Ён узяў прыстаўку ў арэнду на некалькі дзён, але ў выніку, пагуляўшы ў яе, праз суткі прадаў. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Падчас транспартнага калапсу кіроўца аднаго з магілёўскіх аўтобусаў паступіў нестандартна – фота

Вечарам 14 чэрвеня ў Магілёве здарылася магутная дарожная пробка, якая скавала ўсе цэнтральныя вуліцы. Гэта здарылася з-за абрыву тралейбуснай лініі электраперадач у раёне чыгуначнага вакзала. Відэа з інцыдэнтам апублікавала ДАІ.

У выніку практычна ўсе тралейбусы на гэтай лініі сталі і заблакавалі рух машын па вуліцы Першамайскай. Чытачы mogilev.media падзяліліся назіраннем за паводзінамі кіроўцы аднаго з рэйсавых аўтобусаў. 

Рухаючыся па Першамайскай з боку драмтэатра ў кірунку плошчы Леніна, аўтобус №4 павярнуў з маршрута на Круты завулак – налева па ходзе руху, у завулак паміж ГУБАЗіКам і кінатэатрам “Чырвоная зорка”. Тут, каля кінатэатра вадзіцель “чацвёркі” масава высадзіў пасажыраў і далей стаў рухацца ў бок вуліцы Дзяржынскага, маючы намер праскачыць пробку па гэтай вуліцы, а потым выруліць назад на Першамайскую каля ўнівермага, альбо наогул змяніць маршрут.

Тут аўтобус аказаўся заблакаваны патокам легкавушак, каторыя гэтаксама аб’яжджалі затор праз Дзяржынскага. Пасля перапалкі з кімсьці з пасажыраў, кіроўца аўтобуса памяняў маршрут – павярнуў у бок вуліцы Лазарэнкі, і праз яе і вуліцу Касманаўтаў паехаў на праспект Міра.

Фота: чытачы mogilev.media

Магілёўскую “Строммашыну” выставілі на таргі, летась завод згубіў кантракты на 9 мільёнаў даляраў з-за санкцый

Уся маёмасць магілёўскага завода “Строммашына выстаўленая на таргі за 26,6 мільёны рублёў – паведамляецца на сайце аўкцыённай пляцоўкі “Белрэалізацыя”. Гэта аб’екты нерухомасці (больш за 70 000 м2), энергетычнай інфраструктуры, добраўпарадкавання.

Стартавы кошт складае 26 692 149,17 бел. руб., а мінімальны, за які гатовыя прадаць завод – крыху больш за 21 мільён. Падача заявак пачалася сёння, 15 чэрвеня, а самі таргі адбудуцца 17 ліпеня.

Увесну гэтага года «Строммашына» была прызнана банкрутам.

Летась магілёўскае прадпрыемства «Строммашына» пасля ўвядзення санкцый страціла кантрактаў больш чым на 9 мільёнаў даляраў, а працаўнікі былі пераведзеныя на няпоўную занятасць – пісалі mogilev.media год таму.

Санкцыі Еўрапейскіх краін супраць Беларусі цягам апошніх трох год уводзіліся за гвалт у адносінах да ўдзельнікаў пратэстаў, якія былі не згодныя з абвешчанымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. За прымусовую пасадку самалёта кампаніі Ryanair у траўні 2021 году, а таксама іміграцыйны крызіс. Нагодай для апошніх санкцыйных абмежаванняў стала падтрымка Беларуссю расійскай вайны ва Украіне.

Фота: mogilev.media

Спякотна, да +32°С, без дажджоў – прагноз надвор’я на канец тыдня

На ўікенд у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы вышэй за +20°С, з ваганнямі ноччу ад +9°С да +19°С, днём – ад 20°С да +32°С.

Будзе пераважаць воблачнае, пераважна без ападкаў надвор’е. Працягласць дня вырасце да 17 гадзін 8 хвілін 18 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 4:27, зойдзе а 21:35.

16 чэрвеня, пятніца. 

Надвор’е абяцае быць воблачным. Уноч да +9° +15°С, днём тэмпература падрасце да +24° +26°С, у асобных раёнах да +29°С. Пераважна без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, у другой палове дня – з поўдня, хуткасць вятроў 2-3 м/с, месцамі пры парывах да 9 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

У суботу, 17 чэрвеня, пераважна воблачна. 

Уноч і ўранні да +12° +19°С. Днём слупкок тэрмометра падымецца да +26° +28°С, месцамі і ў асобных раёнах да +30°С. Надвор’е пратрымаецца ў асноўным без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, поўдня. Хуткасць вятроў 3-4 м/с, пры парывах да 9-10 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

У нядзелю, 18 чэрвеня, таксама воблачна.

Уноч і раніцай да +18°С, удзень паветра прагрэецца да +27° +29°С, у асобных раёнах Магілёўшчыны да +30° +32°С, пераважна без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-ўсходнія вятры хуткасцю 3-7 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

Ранак панядзелка 19 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +18°С, з паўднёвымі вятрамі хуткасцю да 2-3 м/с. Днём да +24°С. Маладзік.

Фота: mogilev.media

У Магілёве быў жорстка затрыманы пратэстанцкі прапаведнік Сяргей Удальёў

Праваабаронцы паведамляюць, што днём 13 чэрвеня АМАП жорстка затрымаў пратэстанцкага прапаведніка Сяргея Удальёва. Сведкамі затрымання выпадкова сталі валанцёры зоаабарончых ініцыятыў – а Сяргей Удальёў актывіст у гарадскіх суполках, дзе шукаюць дом бадзяжным жывёлам.

Усё адбылося каля магілёўскага лядовага палаца. Па словах сведкаў, сілавікі выскачылі з «цёмнай машыны з затаніраванымі вокнамі», проста вырвалі мужчыну з яго аўтамабіля і брутальна ўціснулі ў зямлю.

Пазней яго павезлі, але не ў Кастрычніцкі РАУС, які знаходзіцца паблізу, а ў супрацьлеглы бок. Як удалося прасачыць валанцёрам, у Ленінскі РАУС яго таксама не даставілі, а машына “згубілася” на вуліцы Піянерскай, дзе размешчана Магілёўскае аблуўленне КДБ.

Затрыманне, магчыма, звязана з палітыкай. Тры месяцы таму з Удальёвым не працягнулі на працы кантракт з-за недастатковай лаяльнасці. Акрамя таго, раней Сяргей Удалёў вучыўся ў Кіеўскай Рэфармацкай семінарыі, ён вядомы як адзін з лепшых пратэстанцкіх багасловаў горада. Навучанне ва Украіне таксама, як мяркуецца, магло стаць прычынай пераследу.

Фота з сацыяльных сетак Удальёва

Рубрыка – прыдумай подпіс да фотаздымка

Вясёлай карцінкай падзяліўся чытач mogilev.media. Што тут адбываецца – у прынцыпе, інтуітыўна зразумела, але ўсё роўна лёгкая абсурднасць выявы не пакідае без усмешкі. То – смела каментуйце а самыя лепшыя водгукі мы неўзабаве апублікуем, разам з тлумачэннем карцінкі.

Каб пракаментаваць – падпісвайцеся на нашы старонкі ў VK, Facebook, Instagram, Ok, на канал у Telegram. Свае вясёлыя карцінкі высылайце таксама на пошту.

Фота з адкрытых крыніц

Угоншчыкаў катка ў Касцюковічах знайшлі па паху

Чатыры юнакі ў Касцюковічах знайшлі сабе забаўку – яны звярнулі ўвагу на пнеўмакаток, які дарожнікі пакінулі на ноч на адной з вуліц горада. Ключы аказаліся прыхаванымі тут жа ў кабіне. 

Аднойчы ноччу хлопцы 19, 18 і 17 гадоў пакаталіся на катку і вярнулі яго на месца. Праз тыдзень вырашылі пакатацца зноў, але каток заглух на іншай вуліцы. Хлопцы кінулі машыну, але судовыя эксперты хутка іх знайшлі – па адбітках абутку і па пахаваму следу, аналіз на які ўзялі ў кабіне. 

Паводле вынікаў судовай трасалагічнай экспертызы сляды абутку супадаюць па малюнку і размерных характарыстыках з абуткам дваіх падазроных. А вынікі судовай адаралагичнай экспертызы ўказалі на тое, што канфіскаваныя ў кабіне пнеўмакатка пахавыя сляды паходзяць ад 17-гадовых фігурантаў крымінальнай справы. Зараз юнакі – фігуранты крымінальнай справы, піша “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: Камітэт судовых экспертыз

Вось як выглядае ўчастак дарогі каля дзіцячай паліклінікі ў Крычаве

Участак дарогі на мікрараёне Камсамольскім у Крычаве пагражае падвескам аўто крычаўлян сваімі ямамі і выбоінамі. 

Раней mogilev.media ужо звярталі ўвагу чытачоў на кепскі стан дарог у розных частках Крычава. Аднак тое было ранняй вясной і сітуацыя павінна была ўжо даўно змяніцца. Але з таго часу, як паказвае практыка, мало што зрушылася ў лепшы бок. 

Яскравым прыкладам з’яўляецца ўчастак дарогі на шляху да дзіцячай паліклінікі – каля дома № 13 па вуліцы Мікрараён Камсамольскі. Па шырыні ўсяго асфальтавага палатна знаходзіцца шырокая выбоіна з ямкамі. Раніцай у гэтым месцы часта можна ўбачыць сітуацыю, калі вадзіцелі сустрэчных напрамкаў руху прапускаюць адзін аднаго, каб кожны мог пераадолець гэты ўчастак з мінімальнымі наступствамі для падвескі ўласнага аўто – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.  

Што цікава, гэты ўчастак дарогі бачаць мясцовыя камунальшчыкі, калі прыязджаюць, каб вывезці смецце, аднак не прадпрымаюць ніякіх дзеянняў па ўладкаванню асфальтнага пакрыцця.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

80% бабруйскіх паркаў забруджаныя смеццем – пракуратура

Гэта негатыўна адбіваецца на турыстычным, рэкрэацыйным і эстэтычным патэнцыяле Бабруйска – заявілі ў ведамстве.

Пракуратура Бабруйска сумесна са спецыялістамі Бабруйскай гарадской і раённай інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праверыла паркі і іншыя азелянёныя тэрыторыі горада. 

У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што звыш 80 працэнтаў аб’ектаў азелянення ў горадзе, большасць з якіх размешчаны ў лесапарку “Яловікі” і трох гарадскіх лясах, раслі на неўладкаваных азелянёных тэрыторыях.

– З-за адсутнасці лесаўпарадкавальнай праектнай дакументацыі, а таксама спецыялістаў з неабходнай кваліфікацыяй, на землях лесапаркаў і гарадскіх лясоў не праводзіліся спецыяльныя ахоўныя і ахоўныя мерапрыемствы – заявілі ў пракуратуры Магілёўскай вобласці.

На землях лесапарку “Яловікі” і гарадскіх лясоў пракуроры выявілі шматлікія факты антысанітарыі, неўпарадкаванага захоўвання лежных і зламаных дрэў.

Камунальнікі не забяспечылі належны кантроль за работамі па кладцы тратуарнай пліткі на ўчастках вулічна-дарожнай сеткі, якія прылягаюць да зялёных зон. Акрамя таго, пракуроры выявілі факты незаконнага складзіравання цвёрдых бытавых і іншых адходаў, будаўнічых матэрыялаў.

Бабруйскаму гарвыканкаму пракуратура прадпісала тэрмінова прыбраць у горадзе – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота: Пракуратура г. Бабруйска