У Магілёве на мемарыяле на плошчы Славы абадралася абліцоўка, і крайніх хутка знойдуць

На мемарыяле “Змагарам за Савецкую ўладу” на плошчы Славы ў Магілёве заўважылі “абгрызеную” плітку, і мы ўжо здагадваемся, каго ў гэтым хутка абвінавацяць.

Плітка на мемарыяле плошчы Славы Магілёва выглядае так, нібыта яе нехта абгрыз альбо адбіваў малатком па кавалках – заўважылі аўтары Тэлеграм-каналаў. Больш за тое, на плітачным пакрыцці з’явілася шмат шчылін, і яно з цягам часу прыйдзе яшчэ ў горшы выгляд.

Прычынай, верагодна, з’яўляецца ў першую чаргу нізкая якасць саміх будаўнічых матэрыялаў.  Адзначым таксама, што цэнтральная гарадская плошча з’яўляецца асабліва папулярнай для моладзі, якая займаецца скейбордынгам і велатрыялам. Іх спартыўныя фокусы таксама могуць пакідаць адбітак на знешнім выглядзе плітачнага пакрыцця. 

Відаць, ім і будзе адведзена роля вінаватых у “пагрызеных” краях мемарыяльнага комплекса, пасля чаго варта чакаць санкцый і забарон для адпачынку дзяцей на плошчы. Прагназуем, што наўрадці ім прапануюць прыймальную альтэрнатыву.

Фота з адкрытых крыніц

Святкуючы нараджэнне сына, магілёўцы пабілі вартаўніка бальніцы

За ўдар у галаву і штуршок у грудзі мужчына атрымаў кампенсацыю ад прафсаюза на 1 000 рублёў.

Хуліганскі выпадак здарыўся на тэрыторыі адной з бальніц Магілёва. Кампанія зладзіла феерверк, святкуючы нараджэнне сына аднаго з сяброў. Адзначаецца, што запуск феерверкаў адбываўся непадалёк ад халоднага крыягеннага газіфікатара. Вартаўнік бальніцы зрабіў кампаніі заўвагу і запатрабаваў пакінуць тэрыторыю, за што на яго напаў адзін з удзельнікаў святкавання –  штурхнуў у грудзі і ўдарыў па галаве. Дзеянні нападніка кваліфікаваныя як хуліганства. Прафсаюзны камітэт работнікаў аховы здароўя прыняў рашэнне выплаціць вартаўніку кампенсацыю на адну тысячу рублёў – піша БелТА.

Фота ілюстрацыйнае.

Пахаладанне, воблачна, магчымы нават снег – прагноз надвор’я на уікенд

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць паніжэнне сярэднесутачных тэмператур да +4°С, з ваганнямі ноччу ад +1°С да +2°С, днём – ад +4°С да +6°С. 

Будзе пераважаць пахмурнае, месцамі з праясненнямі і з ападкамі надвор’е. З суботы на нядзелю магчымы снег. 

З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на 8 хвілін з 13 гадзін і 57 хвілін 14 красавіка да 14 гадзін 5 хвілін на Вялікдзень 16 красавіка. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 5:58, зойдзе а 20:03.

Сінаптычны прагноз надвор’я на канец тыдня наступны.

14 красавіка, пятніца, раніцай да +8°С, удзень да +9 +10 °С, увечары да +6°С. Цэлы дзень пераважна воблачна. 

Суботняе, 15 красавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, з магчымымі праясненнямі неба у першай палове дня. Раніцой і днём тэмпература каля +4°С, увечар +6°С. У ноч магчыма выпадзенне снега.

У нядзелю, на праваслаўны Вялікдзень, 16 красавіка, раніцай тэрмометры пакажуць +1  +2°С, магчымы снег, удзень +4°С, дождж. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёвыя і паўднёваўсходнія вятры хуткасцю да 4-6 м/с.

Ранак панядзелка 17 красавіка пачнецца з воблачнага надвор’я, месцамі з дажджамі, з паўднёва-ўсходнімі вятрамі хуткасцю да 3-4 м/с, тэмпературай да +4°С. Днём тэмпература можа падняцца да +11  + 12°С.

Фота mogilev.media

У Магілёве пачалі бяліць дрэвы на цэнтральных вуліцах – зусім як у Бабруйску

У Магілёў прыйшла правінцыйная эстэтыка – паведамляюць чытачы mogilev.media. Дрэвам на цэнтральных вуліцах горада пачалі масава бяліць ствалы.

Мы адмыслова пацікавіліся і пераканаліся – так з магілёўскімі дрэвамі не абыходзіліся ні ў дарэвалюцыйныя часы, ні ў савецкія. Вось як даглядалі гарадскія дрэвы на Дняпроўскім бульвары (цяпер Першамайская), напрыклад.

А вось дрэвы на той жа Першамайскай у 1960-я і 1970-я гады.

Фота: чытачоў mogilev.media і з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Аўтобус №32 у Магілёве з першага мая не будзе хадзіць да ветстанцыі

Замест 32-га аўтобуса да ветстанцыі, што знаходзіцца за чыгуначным пераездам, будуць ездзіць ралейбусы з аўтаномным ходам – паведамілі “Магілёўскія ведамасці”. Маршрут №32 пасля чыгуначнага вакзала (рухаючыся з боку Пашкаўскіх могілак праз Сурганава і праспект Міра) будзе накіроўвацца на вуліцу Грышына да завулка Бярозаўскага, і праз вуліцу Бялінскага будзе вяртацца на Першамайскую.

Фота ілюстрацыйнае

Вось у якіх вёсках Магілёўскага раёна памяняюцца межы

Змены закрануць пяць вёсак двух сельскіх саветаў. Гэта рашэнне дэпутатаў Магілёўскага раённага Савета – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”.

Зменяцца межы вёсак Засценкі, Старое Пашкова, Забалацце, Жукава Пашкаўскага сельскага савета і вёскі Будзішча Вендаражскага сельсавета.

На думку чыноўнікаў, змяненне межаў населеных пунктаў дасць магчымасць навесці парадак на зямлі і больш эфектыўна выкарыстоўваць участкі з наступным уводам іх у селькагаспадарчы абарот.

Фота з адкрытых крыніц

Пяць кілаграмаў альфа-PVP канфіскавалі ў закладчыкаў пад Магілёвам

У Магілёўскім раёне затрыманы 28-гадовы магілёвец і 38-гадовы жыхар Мінскага раёна, якія на працягу месяца супрацоўнічалі з наркамаркетам – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама.   Буйныя закладкі мужчыны пакідалі ў тайніках для кур’ераў. 

Супрацоўнікамі наркакантролю Магілёўскай і Віцебскай абласцей у лясным масіве недалёка ад Магілёва былі знойдзены і канфіскаваны пакеты з парашком агульнай вагой 5 126 грам. 

Па выніках экспертызы, дадзенае рэчыва з’яўляецца асабліва небяспечным псіхатропам альфа-PVP.

Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.

Новыя аўтаномныя тралейбусы запусцілі сёння па Магілёву

Шэсць новых тралейбусаў з аўтаномным ходам пачынаючы з сённяшняга дня пачнуць курсіраваць па маршруце №2, кампенсуючы ўчастак, які быў разарваны з-за рамонта вуліцы Камсамольскай. 

Тралейбусы МАЗ будуць ездзіць ад “Зялёнага луга” да чыгуначнага вакзала праз вуліцу Піянерскую, а ў зваротным кірунку яны будуць ісці па Першамайскай і Болдзіна – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота: Магілёўаблаўтатранс

З’явілася інфармацыя, па якіх артыкулах абвінавачваюць прафесара Юрыя Бубнава

Па інфармацыі праваабаронцаў, магілёўскаму прафесару, сацыёлагу Юрыю Бубнаву прад’яўлена абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Абодва яны палітычныя, гэта 367 і 368 артыкулы – “паклёп” і “абраза” Лукашэнкі. 

Нагадаем, што вядомага магілёўскага сацыёлага, аднаго з заснавальнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і “Дранік-фэста”, загадчыка кафедры гуманітарных дысцыплін узнагароджанага знакам “Выдатнік адукацыі” затрымалі 12 студзеня.

Фота з адкрытых крыніц.

Маніторынг паказаў забруджванне паветра па ўсім Магілёве, у 1,4 – 2,1 разы вышэй за норму

Станцыі праверкі атмасфернага паветра “Белгідрамета” паказалі перавышэнне канцэнтрацыі цвёрдых часціц у некалькіх гарадах Беларусі. Пры гэтым з 13 выпадкаў перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі па ўсёй краіне тры – былі зафіксаваныя ў Магілёве 11 красавіка. 

Так, гранічна дапушчальная норма была ў 2,1 разы перавышаная падчас маніторынгу ў раёне дома №5 па завулку Крупскай (раён чыгуначнага вакзала). У раёне праспекта Шмідта зафіксавана перавышэнне ў 1,7 разы, у раёне вуліцы Маўчанскага – у 1,4 разы. Нарматывы гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі былі зафіксаваныя па цвёрдых часціцах фракцыі памерам да 10 мікрон.

Крыніца графікі: Белгідрамет.

Фота: mogilev.media