Дзівосы дня цвярозасці – на Магілёўшчыне гарэлку нельга, піва можна, на Гомельшчыне піва нельга, гарэлку можна

10 чэрвеня ў Беларусі пройдуць выпускныя вечары ў школьнікаў, і па гэтай прычыне практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны будзе абмежаваны гандаль алкагольнымі напоямі. Але ўсюды па-рознаму.

Чытачы mogilev.media падзяліліся дзіўным назіраннем. Заўтра, 10 чэрвеня ва ўсіх крамах Магілёўшчыны забараняецца продаж моцных алкагольных напояў, а вось піва і слабаалкагольныя напіткі можна будзе набываць. А вось на Гомельшчыне абмежаванне адваротнае – так, у крамах Рагачоўскага раёна нельга будзе набыць піва і слабаалкагольныя напоі, тады як на любую прадукцыю з градусам вышэй за 7 – ніякіх абмежаванняў.

Атрымліваецца, што калі на Магілёўшчыне нельга будзе набыць гарэлку, а піва можна, то на Гомельшчыне піва не, а вось гарэлку – колькі заўгодна.

Фота: чытачы mogilev.media і з адкрытых крыніц

Санслужба выявіла небяспечныя цукеркі

Санітарна-эпідэміялагічная служба выявіла наяўнасць сарбінавай кіслаты ў турэцкіх цукерках “Coco” вытворчасці турэцкай кампаніі “Antat” – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Цукеркі – з какосавай стружкі, пакрытыя шакаладнай глазурру. Сарбінавая кіслата, што ўваходзіць у склад прадукта, не была пазначаная на этыкетцы.

Фота ілюстрацыйнае.

Цёпла аж горача, дзесьці пройдуць дажджы, магчымы навальніцы – прагноз надвор’я на ўікенд

На канец тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць ноччу ад +11° да +17°С, днём – ад 16°С да +27°С.

Будзе пераважаць пераменна воблачнае і пахмурнае з ападкамі і навальніцамі надвор’е. Працягласць дня вырасце да 17 гадзін 3 хвілін 11 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 4:28, зойдзе ў 21:31.

Сінаптычны прагноз надвор’я на другія чэрвеньскія выходныя наступны.

Сёння, 9 чэрвеня, пятніца 

Надвор’е абяцае быць воблачным з праясненнямі. Уноч да +13° +17°С, днём тэмпература падрасце да +24°С, месцамі да +26 +27°С. Днём месцамі пройдуць невялікія дажджы, магчымы навальніцы. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўднёвага захаду, захаду і паўночнага ўсходу. Хуткасць вятроў 3-4 м/с, месцамі пры парывах да 9 м/с. Убываючы месяц. Магнітнае поле спакойнае.

Субота, 10 чэрвеня

Будзе пераважна пахмурна. Уноч і ўранні да +13° +17°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да +17° +20°С, месцамі і да +21°С. Удзень месцамі магчымы кароткатэрміновыя дажджы, не выключаюцца навальніцы. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, хуткасць вятроў 4-6 м/с, пры парывах да 10-14 м/с. Убываючы месяц. Магнітнае поле няўстойлівае.

Нядзеля, 11 чэрвеня

Ноччу воблачна, да +11° +15°С, раніцай да +17°С, удзень паветра прагрэецца да +18°С, месцамі да +23°С. Пахмурна, пераважна без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-усходнія вятры хуткасцю 3-7 м/с. Убываючы месяц – апошняя чвэрць. Магнітнае поле спакойнае.

Ранак панядзелка 12 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі +11° +14°С, з паўночна-усходнімі вятрамі хуткасцю да 3-7 м/с, якія прынясуць у асобныя раёны дажджы. Днём да +18° +21°С. Убываючы Месяц. Магнітнае поле спакойнае.

Фота: mogilev.media

Спакуса паліўнай карткі – сем магілёўцаў скралі тону саляркі

З лютага па красавік бягучага года сем магілёўцаў выкралі з прадпрыемства не менш як тону дызпаліва на агульную суму каля 2 000 рублёў – паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога УУС. 

У шасці працаўнікоў мелася некалькі паліўна-заправачных картак арганізацыі, прызначаных для транспартных сродкаў прадпрыемства. Мужчыны карысталіся імі, запраўляючы асабістыя аўтамабілі і перадаючы карты адзін аднаму, а таксама свайму прыяцелю – сёмаму фігуранту. 

Яны таксама злівалі паліва ў каністры і перапрадавалі іншым людзям. Узбуджана крымінальная справа.

Фота: Магілёўскае УУС.

Клімавіцкіх школьнікаў адправяць пажыць у вайсковай частцы на дзесяць дзён

Дваццаць непаўнагадовых навучэнцаў клімавіцкіх школ правядуць дзесяць дзён у ваеннай частцы ў Пашкава пад Магілёвам. Іх чакае жыццё ў намётавым лагеры, розныя армейскія заняткі, у тым ліку і фізічныя.

З 23 чэрвеня дваццаць юнакоў ва ўзросце ад чатырнаццаці гадоў і старэй з розных школ Клімавіцкага раёна правядуць частку сваіх летніх канікул на базе ваеннай часткі ў складзе зводнага атрада. Жыць школьнікі будуць у намётавым лагеры. У пашкаўскай частцы для іх падрыхтавалі розныя мерапрыемствы, заняткі, у тым ліку фізічныя – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. 

Мерапрыемства арганізавана аддзелам адукацыі Клімавіцкага райвыканкама нібыта з мэтай выхавання школьнікаў у патрыятычным духу, а таксама каб пазнаёміць хлопцаў з армейскім жыццём вайскоўцаў. 

Фота ілюстрацыйнае

Вечарам 10 чэрвеня, з-за свята выпускнікоў, па Першамайскай у Магілёве не будзе хадзіць транспарт

У сувязі з правядзеннем свята “Выпускны вечар” 10 чэрвеня 2023 года будзе закрытая вуліца Першамайская – паведамляе Магілёўаблтранс. У сувязі з гэтым усе тралейбусныя маршруты, што хадзілі праз цэнтр горада, памяняюць маршрут свайго руху. Тралейбусы з Задняпроўя і з вуліцы Чалюскінцаў будуць хадзіць толькі да плошчы Арджанікідзэ. Змены ў руху адбудуцца на перыяд з 16.00 да 23.00.

Фота ілюстрацыйнае

З пачатку года санслужба выявіла няякасную прадукцыю на 75% аб’ектаў з тых, якія правярала

Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя падсумаваў вынікі праверак на прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання па ўсім рэгіёне.

З 578 арганізацый, якія трапілі пад праверку, парушэнні былі выяўленыя ў 340 – што складае 58% ад агульнай колькасці. З 1 263 абследаваных аб’ектаў парушэнні правіл гандлю знайшліся на 944-х, а гэта 74,7% ад усіх.

У структуры выяўленых парушэнняў часцей за ўсё траплялася рэалізацыя тавараў без маркіроўкі або з неадпаведнай інфармацыяй на маркіроўцы – 213 выпадкаў. Таксама была выяўлена рэалізацыя прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці або захоўвання – 163 выпадкі, парушэнне ўмоў захоўвання харчовай прадукцыі – 153 выпадкі, рэалізацыя без дакументаў, якія сведчаць пра якасць і бяспеку – 36 выпадкаў.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёвец спрабаваў засекчы сякерай двух чалавек, яму далі 16 гадоў

Выпіваючы дома з двума знаёмымі, 60-гадовы жыхар Магілёва нечакана і нематывавана схапіў сякеру і стаў наносіць удары гасцям па жыццёва важных органах. Аднаму са знаёмых ён ударыў сякерай у шыю і галаву, другому ў твар. 

Калі адзін з гасцей адабраў у гаспадара сякеру, магілёвец схапіў нож. Дабіць сваіх ахвяр нажом яму, аднак не ўдалося – нож у яго таксама адабраў той жа госць.

За спробу забойства двух чалавек, мужчына асуджаны на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае

Маніторынг выявіў забруджанасць паветра ў Магілёве на працягу некалькіх дзён запар

Аналіз стану атмасфернага паветра ў гарадах Беларусі дэманструе стабільна высокія паказчыкі забруджанасці ў Магілёве – паведаляе Белгідрамет. Так, па стане з 30 мая да 2 чэрвеня станцыя фонавага маніторынга паветра, размешчаная на завулку Крупскай у Магілёве, паказвала перавышэнне норм па ўзроўні забруджанасці ў 1,1 – 1,5 разоў. 

Горш чым у Магілёве абстаноўка з чысцінёй паветра складалася на працягу мінулага тыдня толькі ў Брэсце.

Фота: mogilev.media, графіка: Белгідрамет

Вяртаецца цяпло, будуць дажджы – надвор’е на працоўны тыдзень

Да канца першай дэкады чэрвеня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае, цёплае з дажджамі надвор’е.

На працягу чарговага рабочага тыдня будзе адносна цёпла: удзень да +17 +24°С, уноч да +8 +14°С. 

Спякоты да +28 +30°С, як у 2019 годзе і дзённых халадоў да +2°С, як у 1977 годзе не будзе. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы падрасце і дасягне 17 гадзін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:29, зойдзе ў 21:29.

Невялікія маразы зараз – гэта нармальна

Даводзіцца часта чуць нараканні ад беларусаў, маўляў – быў прахалодны май з замаразкамі і не такі ўжо і цёплы пачатак чэрвеня. Неабходна адзначыць, што назіраныя тэмпературы ўкладваюцца ў дыяпазон кліматычнай нормы 15-16°C. 

Напрыклад, паводле статыстыкі 1881-2022 гадоў, у 40 летніх сезонаў тэмпература чэрвеня была на 1°C ніжэй за норму. Калі браць за сярэднюю норму тэмпературу чэрвеня 16,3°C, то сапраўды жудасна халодным за час інструментальных назіранняў выдаўся чэрвень 1928 года, калі сярэдняя чэрвеньская тэмпература склала толькі 12°C. Так што, усё у межах сярэдніх норм.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 5 чэрвеня. 

На працягу сутак будзе воблачна, пройдуць дажджы. Вятры ўноч і ўранні заходніх напрамкаў, днём – паўночныя і паўночна заходнія, хуткасцю да 2-4 м/с. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Поўня.

Аўторак, 6 чэрвеня

У аўторак надвор’е абяцае не быць гарачым, воблачна. Днём – кароткатэрміновыя дажджы, дзе-нідзе магчымы навальніцы. Будуць панаваць паўночна-заходнія і паўночныя вятры хуткасцю да 3-4 м/с. 

Уноч і раніцай ад +8°С да +10°С, днём тэмпература падрасце да +19°С, месцамі і да +21°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на рысцы не ніжэй за +18°С. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Поўня.. 

Серада, 7 чэрвеня 

У сярэдзіне рабочага тыдня прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Начныя і ранішнія тэмпературы да +11 +13°С, у другой палове дня да +21°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-заходнія вятры хуткасцю 1-2 м/с. Месяц убывае.

8 чэрвеня, чацвер

У чацвер сіноптыкі прагназуюць воблачнае надвор’е. Вецер паўночна-заходні хуткасцю 1-2 м/с. Ноччу і ўранні да +11°С, у абед і на працягу другой паловы дня тэмпература паветра падвысіцца да +23°С, пройдуць дажджы. Месяц убывае. 

Пятніца, 9 чэрвеня

У апошні дзень працоўнага тыдня, 9 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае, з ападкамі ў першай палове дня надвор’е з панаваннем паўночна-заходніх  вятроў хуткасцю 1-2 м/с і падвышэннем дзённых тэмператур. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +13°С, удзень і ўвечары да +24°С. Месяц убывае.

Фота: mogilev.media