«Ім гэта падабаецца!». Магілёўскіх студэнтаў кінулі ў палі на моркву, а вучоба іх чакае

У медыйнай прасторы адшукаць публікацыі, ці выпраўляюць студэнтаў Гарвардскага, ці Кембрыджскага ўніверсітэтаў дапамагаць мясцовым фермерам не ўдалося.

А вось, у восеньскую пару ўбачыць беларускіх навучэнцаў на «калгасных палетках» звыклая справа. Тое паўтараецца з году ў год. Адпраўка студэнтаў у палі ўспрымаецца як будзённасць і штораз падкрэсліваецца: «моладзевы дэсант працуе з ахвотаю».

«Хлопцы і дзяўчаты старанныя, працуюць не горш за дарослых, і не чакаюць патуранняў. Да таго ж разумеюць, што ад асабістага ўкладу залежыць агульны канчатковы вынік», – цытуе працаўніка прыгараднай гаспадаркі «Кадзіна» рэсурс Mogilevnews.by.

На тутэйшыя палі «кінулі» студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту харчовых і хімічных тэхналогіяў ды навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжу.

«Кожны год нашы студэнты з задавальненнем ездзяць на ўборку гародніны. Ім гэта падабаецца», – настойвае выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту ўніверсітэту харчавання Алег Арлоў.

Колькі заробяць за працу студэнты высветліць не ўдалося.

А, ці падабалася чытачам Магілёў.media «гнуцца» у палях замест вучобы? Вашы ўражанні і згадкі пра мінулае абавязкова апублікуем. Допісы чакайма ў skrynia@mogilev.media.

фота: mogilevnews.by

Дзіцячы садок у Магілёве шукае смецяра «з пазітыўным поглядам на свет». Варта дапамагчы!

Фотаздымак аб’явы з патрэбай у дворніку «з пазітыўным поглядам на свет» даслала Магілёў.media адна з чытачак. У абвестцы яшчэ гаворыцца, што такі работнік не павінен быць пенсійнага веку і не мець шкодных звычак. Адно з пытанняў, дзе ж такога ўзяць?

Адказ: выгадаваць свайго! У любым разе зычым дзіцячаму садку работніка з такімі якасцямі адшукаць і тады тэрыторыя ўстановы будзе не толькі дагледжанай, але і «сонечна вясёлай».

У Магілёве гавораць пра адстаўку старшыні мясцовага гарвыканкаму Цумарава. Афіцыйна яна не пацверджаная

Вядома, што 12 верасня Уладзімера Цумарава на працоўным месцы не было. У гарвыканкаме ўдалося высветліць, што яго кіраўнік на бальнічным.

У прыватных гутарках чыноўнікі кажуць, што, нібыта, пытанне аб зняцці Цумарава са старшынёўства ўжо вырашанае і яму знойдзеная замена. Гарвыканкам аддадуць пад кіраўніцтва Аляксандра Студнева, які цяпер узначальвае Бабруйскі гарвыканкам. Самаго Цумарава адправяць на кіроўную пасаду ў прафсаюз.

На сайце Магілёўскага гарвыканкаму на старонцы старшыні застаецца фотаздымак Цумарава і назва ягонай пасады. Больш інфармацыі няма.

Уладзімер Цумараў узначаліў Магілёўскі гарвыканкам у 2013 годзе. Ён гадаванец яшчэ савецкай бюракратычнай сістэмы. Пачынаў шлях службоўцы з камсамолу. У незалежнай Беларусі застаўся ва ўладных структурах. Дзесяць гадоў кіраваў Ленінскім раёнам Магілёва. З гэтай пасады пайшоў на старшынёўства ў Магілёўскі гарвыканкам.

Цумараў нарадзіўся ў Бялыніцкім раёне. Ён скончыў Магілёўскі політэхнічны тэхнікум і Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. У 2002 годзе — Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.

На Магілёўшчыне дазволілі наведваць лясы

Гэта вынікае з інтэрактыўнай карты Міністэрства лясной гаспадаркі, дзе Магілёўшчына афарбавана ў «зялёнае». Гэта азначыць, што наведванне лясоў дазволена.

Забарона наведваць лясы ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі трывала з канца жніўня. Пастановы аб тым прынялі выканкамы 21 раёну вобласці.

Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў актуальныя для 15 раёнаў поўдня Беларусі – у Гомельскай і Брэсцкай вобласці.

Аўтахамства і парушэнне ПДД у цэнтры Магілёва трапіла на камеру – відэа

Кіроўца машыны ўжо можа чакаць штрафу, і нават пазбаўлення правоў.

На папулярным магілёўскім Тэлеграм-канале з’явілася відэа з ліхой яздой кіроўцы аўтамабіля Audi ў самым цэнтры Магілёва. На скрыжаванні каля Аптэкі №1 па вуліцы Першамайскай аўтааматар крута выварочвае перад машынай, з якой вядзецца здымка. Затым, перасякаючы двайную суцэльную лінію разметкі, прытка абганяе наступны транспартны сродак.

 

На відэа трапіла як мінімум адно парушэнне правілаў дарожнага руху – перасячэнне двайной суцэльнай лініі. Манера ваджэння кіроўцы Audi таксама можа быць ахарактарызаваная як небяспечная.

Магілёўскае ДАІ часта адсочвае гарадскія паблікі, і па выкладзеных у іх відэа з рэгістратараў нярэдка знаходзіць ды карае парушльнікаў ПДД.  Апошні падобны выпадак здарыўся 2 верасня. ДАІ адсачыла кіроўцу, які не прапусціў карэту “хуткай дапамогі” і пазбавіла яго правоў на год. Відэа з парушэннямі правілаў дарожнага руху супрацоўнікі аўтаінспекцыі атрымалі з сацыяльных сетак.

 

Рэклама паслуг у Магілёве. Як не звярнуць увагі на такі крэатыў?

Вынаходлівы і арыгінальны спосаб рэкламавання паслугаў – адзін з важных чыннікаў поспеху ў бізнесе. Пажадайма ўладальніку «шыкоўнага рарытэту» адшукаць сабе пастаяльцаў.

Фотаздымак даслала Магілёў.media адна з чытачак. Спадзяёмся, што падобная ўвага да нашага рэсурсу ёсць і ў іншых прадстаўнікоў чытацкай аўдыторыі. Чакайма фотаздымкі аб тым, што радуе, уражвае, прыгнятае і перашкаджае жыць. Паштовая скрынка skrynia@mogilev.media да вашых паслугаў. Загадзя ўдзячныя.

Сіноптыкі наваражылі дождж з парывамі ветру. Не забывайма на цяплейшую адзежу і парасон

Магілёў апанавала позневосеньскае надвор’е. Холадна і дажджліва. Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Адгалоскі жнівеньскай спёкі ў раннім бабіным леце былі нядоўгімі. Разлічваць на сонца не варта.

Паводле Белгідрамету, у сённяшні выхадны дзень пераважаць будзе воблачнае надвор’е. Часам дождж (верагоднасць ападкаў больш за 90%). 

«Тэмпература паветра +10…+12°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с. Парывы да 14 м/с», – паведамляюць сіноптыкі.

Па краіне моцныя залевы. Усюды дужыя парывы ветру.

Фота з рэсурсу blr.belta.by

Магілёўскаму раёну не хапае сметнікаў. Адкіды з вёсак не паспяваюць вывозіць

Санітары занепакоены, каб не было ўспышкі інфекцыйных паразітарных захворванняў.

Камунальнікі праблемы з вывазам смецця называюць тэхнічнымі. Паводле іх, па закрыцці 5 міні-палігонаў для цвёрдых бытавых адыходаў, адлегласць да тых, што засталіся, павялічылася. Таму, не хапае тэхнікі, сродкаў і людзей.

Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі канстатуе: у вёсках раёну кантэйнеры перапоўненыя смеццем. Спецыялісты службы занепакоеныя, што не своечасовы яго вываз можа выклікаць успышку інфекцыйных паразітарных захворванняў сярод жывёл і людзей.

Камунальнае прадпрыемства «Жылкамгас» неаднаразова прыцягвала да адміністрацыйнай адказнасці, але праблема не вырашаецца.

«На жаль, вырашыць праблему аднымі штрафамі не ўдаецца, неабходныя больш кардынальныя меры. Так, прапрацоўваецца пытанне аб выбары іншага пастаўшчыка паслуг», – адзначае прадстаўнік санітарнай службы.

Як піша магілёўская раёнка «Прыдняпроўская Ніва» ужо абвясцілі тэндар на выбар арганізацыі, якая гатовая вывозіць смецце з вёсак своечасова.

Паводле санітарнай службы за 8 сёлетніх месяцаў яе супрацоўнікі абследавалі больш за 400 аб’ектаў, якія абслугоўваюць камунальныя прадпрыемствы, і парушэнні выяўленыя на кожным пятым абʼекце.

«На сённяшні дзень ёсць праблемы тэхнічнага парадку. З 2022 года ў нас закрыта 5 міні-палігонаў, на якія раней мы вывозілі цвёрдыя камунальныя адходы, – апраўдваюцца ў Жылкамгасе. – Калі раней смеццявоз мог за дзень падняць 200 кантэйнераў, то цяпер удвая менш. Павялічылася адлегласць перавозкі смецця, таму не хапае тэхнікі, сродкаў і людзей у тым ліку».

фота: pniva.by

Галоўны трэнер “Дняпра” не пратрымаўся і двух месяцаў. Яго замяніў той жа трэнер, якога замяніў ён сам

Юрый Лукашоў падаў у адстаўку пасля чарговага паражэння – 0:4 ад мінскага “Дынама”. 

9 ліпеня прэс-служба магілёўскага “Дняпра” паведаміла, што пасля паражэння ад “Дынама” 4 ліпеня, галощны трэнер каманды Юрый Лукашоў падаў у адстаўку, якая была прынятая кіраўніцтвам клуба. Выконваць абавязкі галоўнага трэнера цяпер зноўку будзе Яўген Молчан – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Як пісала Магілёў.media, пры Лукашове “Днепр” ужо двойчы вылятаў з вышэйшай лігі. У ліпені 2022 года спецыяліст прыйшоў на замену галоўнаму трэнеру Яўгену Молчану, пры якім каманда апынулася на самым ніжнім радку турнірнай табліцы. Яўген Молчан, аднак, не пакінуў “Днепр” канчакова, а заняў пост памочніка галоўнага трэнера.

За менш чым два месяцы працы Юрый Лукашоў, якому адводзілася роля “пажарнага” па выратаванні каманды ад вылету, паказаў яшчэ горшыя вынікі. Пройгрыш 0:7 ад салігорскага “Шахцёра” і пяць паражэнняў у шасці гульнях наогул. Адзіным радасным пробліскам стала вікторыя над бабруйскай “Белшынай” 4:3 у шаснаццатым туры Вышэйшай лігі сезона 2022 года. Але гэтай перамогі аказалася крытычна мала для клуба, якому пагражае чарговае паніжэнне ў статусе. 

Каманда можа ў чарговы раз пакінуць Вышэйшую лігу чэмпіяната, месца ў якой дасталася зусім не спартыўнымі дасягненнямі, а ў сувязі са зняццем з турніра брэсцкага “Руху”. 

Фота: fc-dnepr.by

Санслужба заяўляе пра шаленства. Мясцовыя кажуць, што яна была ручной – з’явіліся падрабязнасці пра рысь, што пакусала людзей

Як пісалі Магілёў.media, у дачным пасёлку “Пушча”, які знаходзіцца на Лахве паміж Мяжысеткамі і Досавай Сялібай, адбыўся напад рысі на людзей. Жывёла пакусала рукі аўтамабілісту і была застрэленая выратавальнікамі.

Урач-эпідэміёлаг аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Марозава у сваім інтэрв’ю mogilevnews.by паведаміла, што ў драпежніка было выяўлена шаленства. 

– Пацярпелыя шпіталізаваны, зараз ім праводзіцца курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства. – распавяла Наталля Марозава.

Адначасова сітуацыю з рыссю ў садовым таварыстве “Пушча” абмяркоўвалі на адным з папулярных магілёўскіх тэлеграм-каналаў. Карыстальнік пад нікам DK, відавочна абазнаны ў сітуацыі, напісаў:

“Яна там ужо гады 2 жыла каля крамы ў лесе. Хутчэй за ўсё нехта ўзяў кацянём, потым зразумеў, што драпежнік і выкінуў яе. Яна, каб дзікая была, пайшла б у лес, патомствам абзавялася… А яна нават паляваць не ўмела, максімум якога ката ці сабачку зловіць. У той частцы “Пушчы” ў апошні час сабакі перасталі тусавацца. Ёй людзі хлеб падкідвалі. А яна абыякава да ўсяго ставілася, можа і хварэла. Там мужык прыехаў, якога яна за руку ўкусіла, а яна ляжала пад каляінай каля калодзежа, ну і да яго пад машыну залезла. А ён яе палкай пачаў адтуль выкалупваць, вось яна і кусанула яго… Наогул шкада, вядома. Кацяра, толькі вялікая. Хтосьці прыручыў, а потым выкінуў…”

Фота: Прэс-служба Міністэрства па надзвычайных здарэннях