Больш за 10 праміле – трагічны алкагольны рэкорд у Бабруйску

Судовыя эксперты падвялі сумныя вынікі алкагольных смерцяў за 2022 года на Магілёўшчыне.

У Бабруйску было знойдзена цела 72-гадовага мужчыны, у крыві якога канцэнтрацыя алаколя склала рэкордныя 10,3 праміле. Для падобнага паказніка мужчына павінен быў выпіць каля 2 літраў гарэлкі за кароткі прамежак часу.

8,6 праміле выявілі ў крыві 65-гадовай жанчыны, што памерла ў Магілёўскім раёне ў 2022 годзе. Гэта антырэкорд сярод жанчын. 

Наогул для чалавека ў сярэднім смяротнай лічыцца доза алкаголю, якая паказвае больш за 5 праміле. Але здараюцца і нечаканыя выпадкі. Так, самым вядомым зафіксаваным выпадкам з’яўляецца паказчык у 13,74 праміле – такі вынік паказаў тэст у мужчыны, якога патрульныя знайшлі на абочыне ў польскім горадзе Тарноўска Воля ў ліпені 2013 года. Да шчасця, гэты чалавек не быў за рулём, і ён выжыў.

Папярэдні рэкорд выжывальнасці паказаў 67-гадовы жыхар баўгарскага горада Плоўдзіў. Тэст паказаў вынік у 9,14 праміле. Прычым пажылы аматар спіртнога апынуўся на бальнічным ложку выпадкова. Туды ён патрапіў не з-за алкагольнага атручвання, а пасля таго як яго збіў аўтамабіль. Зрабіўшы аналізы, медыкі не паверылі сваім вачам і паўтарылі даследаванне 5 разоў.

Фота: Судовыя экспертызы

Зборка металаканструкцый новага моста праз Бярэзіну пачалася ў Бабруйску

Нарэшце надышоў вырашальны этап будаўніцтва маставога пераходу праз Бярэзіну – каля старога Цітоўскага моста магілёўскі завод “Протас” пачаў збіраць металаканструкцыі

Супрацоўнікі трэсту “Мостабуд” пачалі зборку металічных канструкцый моста праз раку Бярэзіну ў Бабруйску побач са старым Цітоўскім мостам – паведаміў рэсурс mogilevnews.by. 

Металічныя канструкцыі пралёта для моста ўжо выраблены на заводзе “Протас” Магілёўскага раёна і прывезены ў Бабруйск. Іх асноўнымі элементамі з’яўляюцца бэлькі каробчатага сячэння, вага кожнай з якіх складае ад 8 да 25,5 тон.

Згодна з праектам моста, побач са старой пераправай будзе пабудавана новая. Рух на ёй у выпадку стабільнага фінансавання плануюць адкрыць ужо ў гэтым годзе. Пасля чаго стары Цітоўскі мост будзе закрыты для рэканструкцыі. А пасля заканчэння работ горад на Бярэзіне ў гэтым дзесяцігоддзі атрымае фактычна два незалежныя масты даўжынёй па 252 метры. 

Фота з адкрытых крыніц

На Бабруйскай трасе правядуць следчы эксперымент, рух на ўчастку дарогі абмяжуюць

28 лютага з 19.30 да 21.00 будзе абмежаваны рух на трасе “Магілёў-Бабруйск” у раёне вёсак Глухская сяліба і Паплаўшчына – паведамляе Тэлеграм-канал “ЧП Могилев”. Тут запланавана правядзенне следчага эксперыменту для ўстанаўлення абставін ДТЗ, якое здарылася на абазначанымдадзеным участку. Рух паміж вёскамі Глухская сяліба і Паплаўшчына будзе цалкам заблакаваны.

 

Трактар пратараніў маршрутку пад Бабруйскам

Раніцай 24 лютага адбылася аварыя на трасе Р-55, што злучае Бабруйск і Глуск. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца трактара, выяжджаючы з другараднай дарогі, не прапусціў маршрутку, у якой ехалі 20 чалавек. Чатыры жанчыны, пасажыркі маршрутнага таксі, атрымалі траўмы сярэдняй цяжкасці і былі шпіталізаваныя. Усяго пацярпела 10 чалавек – паведамляе Telegram-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота: ДАІ

Бабруйчане прапануюць талакой стварыць фотаэкспазіцыю мясцовага музея

Бабруйскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей звярнуўся да ўраджэнцаў Бабруйшчыны, якія пражываюць у вобласці і за яе межамі, з заклікам перадаць фотаздымкі старэйшыя за 1960 год для стварэння выставы і папаўнення фондаў.  

Для гэтага музейныя работнікі просяць дасылаць фотаздымкі, якія звязаны з паўсядзённым жыццём, гісторыяй і падзеямі ў Бабруйскім раёне. Фотаздымкі прымаюцца даўнейшыя за 1960 год.

Да фота павінна быць дададзены прозвішча, імя, імя па бацьку адпраўніка, дата, геаграфічнае становішча і кароткае апісанне фатаграфіі. А таксама кантактныя дадзеныя адпраўніка: хатні адрас, тэлефон, электронная пошта (калі такія маюцца).

Фотаздымкі прымаюцца на паперы або ў электронным выглядзе. Калі немагчыма перадаць арыгіналы, то просяць адпраўляць іх сканы на электронную пошту альбо па Viber, а кантактныя дадзеныя можна знайсці тут.

На аснове сабраных матэрыялаў у музеі будзе створана экспазіцыя “Бабруйскі раён у кадры”. 

Фота ілюстрацыйнае.

Абгарэлі 20% цела – у Бабруйску гаспадар няўдала затапіў печку і трапіў у рэанімацыю

20 лютага жыхар Бабруйска 1968 года нараджэння растапліваў печку, але з-за неасцярожнасці апаліўся. Жонкі і дачкі з ім у хаце не было. Мужчына нічога не прадпрыняў пасля атрымання апёкаў, а назаўтра яго самаадчуванне значна пагоршылася. Познім вечарам 21 лютага ён быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне шпіталя з апёкамі 20% цела – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Бабруйскі педафіл гвалтаваў уласных дзяцей

Гаспадар шматдзетнай сям’і падазраецца ў сэксуальным гвалце над уласнымі дзецьмі – піша БелТА са спасылкай на Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці.

41-гадовы мужчына завёў шматдзетную сям’ю, аднак з-за праблем з алкаголем ад бацькоў забралі трох непаўналетніх дзетак. Яны былі ўсыноўленыя ў новую сям’ю, аднак працягвалі часам бачыцца са сваімі біялагічнымі бацькамі, заходзілі да іх у госці. 

Пазней, пасля пазбаўлення права на бацькоўства на старэйшых дзетак, у пары нарадзілася яшчэ адна дзяўчынка. Калі яна дасягнула 4-гадовага ўзросту, сын і яе старэйшы брат падчас чарговага наведвання біялагічных бацькоў заўважыў трывожныя змены ў паводзінах дзяўчынкі. Сваю занепакоенасць, а таксама гісторыю пра ўласны жахлівы вопыт ён расказаў бацькам у сваёй новай сям’і.

Як высветлілі праваахоўнікі, мужчына прымяняў сэксуальны гвалт да дваіх свах сыноў, калі ім было 5 і 9 гадоў. Кожны раз – у стане алкагольнага ап’янення. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнае

Бабруйскі сервісны цэнтр размясціў і адразу выдаліў абразлівую для ўкраінцаў рэкламу

Рэкламную акцыю па замене шкла ў мабільных тэлефонах сервісны цэнтр вырашыў правесці ў здзеклівай для украінцаў форме.

У сваім Instagram сервісны цэнтр “Рэстарт” размясціў абвестку пра рэкламную акцыю, прысвечаную 23 лютага. На пераклейку разбітага шкла дысплэя прапаноўвалася зніжка ў 23%, а ўкраінцам, якія спяюць гімн Расіі – 50%. 

Пасля шквалу гнеўных каментарыяў, фірма выдаліла абвестку, а цяпер Instagram сервіснага цэнтра наогул недасягальны. “Рэстарт” размяшчаецца па вуліцы Горкага ў Бабруйску, д. 41. Яго ўласнікам значыцца індывідуальны прадпрымальнік “Пегов О.А.”.

Фота ілюстрацыйнае 

Невясёлыя перспектывы Бабруйска ў 2023 годзе абмеркаваны на сходзе гарадскога актыву

Дзіцячы садок і планы нешта пачаць і штосьці працягнуць у 2023 годзе – вынікі сходу бабруйскага гарадскога актыву ў гэтую пятніцу. 

Пафасныя падвядзенні вынікаў года заўжды патыхаюць савецкім нафталінам і мала цікавяць людзей. Але пад час такіх імпрэзаў агучваюцца і планы на будучыню, якая ў Бабруйска, як высвятляецца, не надта вясёлая.

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2022 года былі падведзены ў Бабруйску. Урачыстая сустрэча з гэтай нагоды адбылася 17 лютага ў палацы мастацтваў і сабрала ўвесь актыў горада на Беразіне, пра што паведаміў bobr.by. Перадавікі былі абазначаны, граматы ўручаны, гімн і песні спеты. Практычны сэнс імпрэзы ў магчымасці прэміравання калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія падалі лепшыя справаздачы начальству. 

Нашмат цікавей паглядзець, якія перспектывы чакаюць горад і рэгіён. Пра гэта, хаця і сярод іншага, узгадалі і “губернатар”, і “мэр” горада. 

Па словах губернатара Ісачанкі, горад Бабруйск аднесены да тэрыторыі паскоранага развіцця альбо так званых гарадоў “80+”. Але нічога акрамя пабудовы дзіцячага садку, пачатку праектавання шэрагу аб’ектаў ды бягучага рамонту вуліц Чангарскай, Урыцкага, Берагавой і Мінскай не было названа.

Старшыня выканаўчага камітэта горада Бабруйска Ігар Кісель быў больш канкрэтны і назваў “знакавыя праекты”, якія будуць ажыццяўляцца ў Бабруйску ў 2023 годзе. 

Ён адзначыў, што бягучы год будзе адзначаны – ўводам дзіцячага садка для 240 месцаў у мікрараёне Кісялевічы, пачаткам будаўніцтва новага хірургічнага корпуса гарадской бальніцы хуткай дапамогі, праектаваннем базы веславання, праектаваннем трэнажорнай залы для гульнявых відаў спорту, працягам рэканструкцыі маставых канструкцый,  будаўніцтвам кацельнай на вуліцы Сямёнава. 

А яшчэ старшыня гарвыканкама паставіў задачу знайсці больш за 350 мільёнаў інвестыцый для развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. 

Калі перавесці з чыноўнічай мовы на чалавечую, то ў Бабруйску будзе шмат планаў, размоў і праектавання, а рэальным з’яўляецца дзіцячы садок, ды яшчэ павольная рэканструкцыя моста праз Беразіну, а таксама магчымы пачатак будаўніцтва кацельнай і хірургічнага корпусу. Дай Божа веры, што пачнуць, бо праз дзесяцігоддзі пакутлівага праектавання новай базы веславання ў Бабруйску mogilev.media ўжо пісалі

Такім чынам, асноўным знакавым аб’ектам Бабруйска стане ўвод у дзеянне дзіцячага садку. Для 200-от тысячнага горада – гэта правал ці, як мінімум, затрымка ў развіцці, кажуць эксперты. 

Фота з адкрытых крыніц. 

Выбух у Бабруйску – разнесла гаражы, узарвалася машына з газавым абсталяваннем

Вечарам 17 лютага прагрымеў выбух у гаражным масіве па вуліцы Коўзана ў Бабруйску. Адзін чалавек быў шпіталізаваны з апёкамі, другі самастойна выбраўся з-пад завалаў і не пацярпеў – паведамляе прэс-служба МНС.

17 лютага ў 19-11 відавочцы паведамілі ратавальнікам аб выбуху ў гаражы гаражна-будаўнічага кааператыва №12 па вуліцы Коўзана ў Бабруйску і пра магчымае знаходжанне пад заваламі людзей.

Ратавальнікі, якія прыбылі на месца, выявілі, што абрынуліся будаўнічыя канструкцыі трох гаражоў, пашкоджаны дахі яшчэ двух гаражоў. Са слоў відавочцаў, у разбураным гаражы знаходзіцца чалавек, яшчэ адзін да прыбыцця падраздзяленняў МНС самастойна пакінуў разбураны будынак.

Папярэдне ўстаноўлена, што ў адным з гаражоў з дазволу гаспадара праводзіліся рамонтныя работы легкавога аўтамабіля, аснашчанага газабалонным абсталяваннем.

Работнікі МНС з-пад завалаў дасталі грамадзяніна 1977 г.н., жыхара Бабруйска. Мужчына шпіталізаваны з апёкамі. Другі мужчына 1969 г.н., з-пад завалаў выбраўся самастойна, ад медыцынскай дапамогі адмовіўся.

У выніку выбуху разбураны 3 гаража, яшчэ ў 2 гаражах пашкоджаны дахі, пашкоджаны тры легкавыя аўтамабілі, якія знаходзіліся ўнутры. Разгляданая версія выбуху – успышка газа-паветранай сумесі або пары лёгкаўзгаральнай вадкасці (то бок, газу альбо бензіну).

Фота: МНС