У Дрыбіне гарачую ваду даюць толькі раніцай і вечарам, бо круглыя суткі – нявыгадна

А калі жыхарам нешта не падабаецца, намеснік старшыні райвыканкама параіў ім ставіць награвальныя катлы.

Гарачая вада ў раённым цэнтры падаёцца ў шматкватэрныя жылыя дамы толькі раніцай, з 6:00 да 9:00 (у нядзелю да 11:00) і вечарам з 17:00 да 23:00.

– Чаму мы не можам карыстацца гарачай вадой круглыя суткі, бо гэта стварае нязручнасці, і асабліва тым, у каго маленькія дзеці, хворыя пажылыя людзі? – з такім пытаннем звярнуліся жыхары Дрыбіна ў рэдакцыю мясцовай раённай газеты “Савецкая вёска”.

Сітуацыю пракаментаваў начальнік кацельна-цеплавой і газавай гаспадаркі КПК “Жылкамгас” Аляксандр Кускаў:

– Графік падачы гарачай вады зацверджаны раённым выканаўчым камітэтам. Перавесці на кругласутачны рэжым падачу гарачай вады кацельня пакуль не мае тэхнічнай магчымасці.

Намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Уладзімір Лясяк песімістычна адрэагаваў на запыт чытачоў газеты – кругласутачна падаваць ваду ў шматкватэрныя дамы будзе нявыгадна, бо пацягне вяликия затраты электраэнергии. А калі камусьці карыстацца гарачай вадой па графіку не падабаецца – стаўце сабе награвальныя сістэмы:

– Гарачая вада ў шматкватэрныя дамы райцэнтра падаецца з катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, гэта значыць пры спальванні дроў. Па заканадаўстве ў невялікіх населеных пунктах, такіх, напрыклад, як Дрыбін, гарачая вада павінна падавацца толькі пры спальванні мясцовых відаў паліва. – тлумачыць чыноўнік – Усталяваць дадаткова яшчэ адзін кацёл, які б падаваў большую колькасць гарачай вады, на сённяшні дзень няма магчымасці. Для падачы гарачай вады выкарыстоўваюцца магутныя энергазатратныя помпы, а спажыванне вады атрымліваецца невялікае, бо людзі ў асноўнай масе карыстаюцца гарачай вадой раніцай і ўвечары. Калі гарачую ваду падаваць кругласутачна, тое гэта прывядзе да вялікага спажывання электраэнергіі. А гэта эканамічна нявыгадна і затратна. Таму, калі спажыўца не задавальняе дзейсны графік падачы гарачай вады, ён можа ўсталяваць індывідуальны электранагравальнік або газавы награвальнік вады.

Фота ілюстрацыйнае

Ушчыльненне Саломенкі – улада настойвае, а жыхары супраць

Дзіва – жыхары магілёўскай Саломенкі дабіліся перагляду праекта будаўніцтва новага дома, але канфлікт працягваецца.

У мікрараёне Саломенка адбылася прэзентацыя праекта новага дома па вуліцы Каштанавая. Архітэктары вымушаны былі перарабляць праект, бо ізноў разгарэўся традыцыйны ў падобных выпадках канфлікт, у якім улада прапануе будаўніцтва, а жыхары катэгарычна супраць. 

Магілёўскі гарадскі выканкам абвясціў пачатак грамадскага абмеркавання праекта і вывучэння грамадскай думкі наконт узвядзення шматкватэрнага жылога дома паміж домам № 18 па вуліцы Каштанавая і сярэдняй школай №40. 

– Папярэдняе абмеркаванне праекта не адбылося па шэрагу прычын. – цьмяна паведаміў начальнік упраўлення архітэктуры гарвыканкама Зміцер Бабкуноў.  

Насамрэч, без вывучэння думак жыхароў мікрараёна, яшчэ некалькі месяцаў назад улада планавала пабудаваць чатырохпад’ездны вялізны дом, знішчыць пасадкі дрэў, разбурыць пешаходную вуліцу Каштанавая, зацяніць школу і нарабіць яшчэ масу глупстваў. 

Менавіта глупствам і непрафесіяналізмам палічылі задуму жыхары Саломенкі. Яны здолелі самаарганізавацца, стварылі свой раённы чат, у які ўвайшлі жыхары каля 500 кватэр – а гэта прыкладна 2 000 чалавек – і абмеркавалі ў ім план сваіх дзеянняў. У выніку было сабрана некалькі сотняў подпісаў супраць бязглуздага, на думку жыхароў мікрараёна, праекта. 

Пра тое, што новы дом перарэжа самую старажытную пешаходную вуліцу ў горадзе і знішчыць толькі што высаджаныя дрэвы паведамлялі mogilev.media. 

Новы праект дома

Трэба аддаць належнае гарадскім чыноўнікам. Яны ўлічылі многія заўвагі і выправілі пэўныя хібы папярэдняга праекта. Замест 4-х пад’ездаў цяпер прапануецца 2. Зроблены асобны праезд да дома. У мікрараёне прадугледжана будаўніцтва новай паркоўкі. І нарэшце, яны ў памяшканні мясцовай школы зрабілі прэзентацыю новага праекта.  

Праект прадугледжвае будаўніцтва 10-павярховага жылога будынка ў раёне дома № 18 па вуліцы Каштанавая. Інсаляцыя жылых памяшканняў будынка і яго тэрыторыі цяпер адпавядае стандартам. Таксама назіраюцца нарматыўныя адлегласці да паркоўкі, участкаў цвёрдых адыходаў і гульнявых пляцовак.

У месцах перасячэння пешаходных дарожак з праезнай часткай устаноўка бетонных бакоў будзе пракладацца на тым жа ўзроўні для зручнасці перамяшчэння дзяцей і інвалідных калясак. У межах участка распрацавана ўстаноўка сучаснага велабокса для захоўвання асабістых ровараў.

Таксама распрацавана зона для шпацыраў са зручнымі лавамі і маляўнічымі пасадкамі дрэў і хмызнякоў. Гэтая зона звязана з дарожнай сеткай і існуючым пешаходным бульварам мікразоны. 

Патрабаванні і думкі жыхароў

На сустрэчу прыйшла без малога сотня неабыякавых жыхароў мікрараёна, якія  прадстаўлялі групу, у якой зарэгістравана больш за 500 кватэр суседніх дамоў на Саломенцы. Сустрэча была жывая, часам жарсці разгараліся, асаблівай актыўнасцю, як звычайна апошнім часам, адзначыліся мясцовыя жанчыны.

Удзельнікі сустрэчы задавалі наступныя пытанні: навошта будаваць дом на месцы нядаўна высаджанага сквера? Хто кампенсуе затрачаныя на пасадку дрэў дзяржаўныя сродкі? 

Пад’езд да дома ізноў тупіковы – гэта памылка праектантаў 1990-х гг. Няма асобнага тэхнічнага пад’езда да дому. 

Вырасце нагрузка на дзіцячыя сады і на адзіную ў мікрараёне школу №40. І без гэтага дома раённая паліклініка №10 перапоўненая.

Дом і праезд да яго пабудуюць каля школы і стадыёна, што створыць небяспеку для дзяцей.

Жыхары бліжэйшых дамоў выказалі галоўнае пытанне: чаму міністэрства пайшло насустрач, а мясцовая ўлада ўпарта ідзе супраць нас?

Адказы чыноўнікаў:

Транспартнае абслугоўванне вырашыцца ў рамках будаўніцтва мікрараёна Міжгор’е (Саломенка-2). Ужо ў 2023 годзе плануецца пачаць будаўніцтва дзіцячага саду і школы за вуліцай Жамчужная ў новым мікрараёне.

Парковачныя месцы, у тым ліку для жыхароў бліжэйшых дамоў, а не толькі для жыльцоў новага – будуць аднесены ўбок і размесцяцца каля магазіна “Суседзі”.

На многія пытанні жыхароў мікрараёна ў праектантаў, архітэктараў і будаўнікоў не было канкрэтных адказаў. Яны зусім не арыентаваліся на мясцовасці, жыхарам прыйшлося потым вадзіць галоўнага архітэктара на экскурсію на запланаваны ўчастак будаўніцтва.

Не атрымалі жыхары адказу і на галоўнае пытанне: “Ці пачулі вы нашы галасы супраць, і ці будзе распачата будаўніцтва дома?” Галоўны архітэктар толькі паабяцаў перадаць думкі, якія ён пачуў, членам камісіі.

Частку ўдзельнікаў сустрэчы змены ў праекце збольшага задаволілі. А іншыя жыхары суседніх дамоў маюць намер змагацца і надалей. 

У Магілёве заўважылі незвычайны снег – вінаваты “Омск-карбон”?

У сацыяльных сетках з’явіўся ролік, запісаны ў магілёўскім Задняпроўі. Аўтар відэа задаецца пытаннямі – можа, гэтаму незвычайнаму снегу, падобнаму на крошку пенапласта, гараджане абавязаныя хімічнымі гігантамі, напрыклад, “Омск-карбону”?

Цікава, што падобны снег таксама быў заўважаны ў Мінску. Да сапраўднага снегу прымяшаўся незразумелы парашок – сцвярджалі жыхары вуліц Асаналіева і Сярова па паведамленні onliner.by. Быццам бы таксама дробны, белы, без асаблівага паху, але чамусьці ён не раставаў. Гэтае незвычайнае выпадзенне ападку мінчукі звязалі з дзейнасцю завода “Крыён”.

І сапраўды, як высветлілася, незвычайны снег – вынік правядзення на “Крыёне” рамонтных работ. Вось як гэта патлумачыў галоўны інжынер прадпрыемства:

— Гэта перлітавы пясок — натуральны цеплаізаляцыйны матэрыял, ён на сто працэнтаў бяспечны для людзей, жывёл і раслін, ніякіх таксічных уласцівасцяў ён не мае. Гэта, па сутнасці, пясок, які спецыяльна успушваюць (як папкорн) ля печы, каб надаць яму цеплаізаляцыйныя ўласцівасці.

Як ён апынуўся на вуліцы? У нас вядуцца рамонтныя работы, на адной з установак учора якраз праводзілася так званае расперлічванне, і адзін з мяшкоў з рэчывам з-за моцных парываў ветру разнесла па вуліцы. Гэта цалкам дакладна разавая з’ява: супала мноства розных фактараў.

З часам перліт перастане быць белым і стане незаўважным – як звычайны пясок. Паўтаруся, што перажываць няма чаго: гэта прыродны матэрыял, які не нясе пагрозы здароўю – патлумачыў галоўны інжынер прадпрыемства.

Можна дапусціць, што заўважаны ў магілёўскім Задняпроўі незвычайны снег таксама насамрэч з’яўляецца перлітавым пяском і звязаны з нейкімі рамонтнымі работамі на гарадскіх прадпрыемствах. 

Новы мэр Магілёва пасварыўся з начальнікам ДАІ?

Беларускія СМІ паведамляюць пра камічныя разборкі паміж двума прадстаўнікамі вертыкалі ў Магілёве.

Гаворыцца, што высвятленне адносін паміж функцыянерамі па прынцыпе “хто галоўны” выклікае насмешкі ў асяроддзі гарадскога і абласнога чынавенства.

Нібыта нядаўна прызначанага старшыню гарвыканкама Аляксандра Студнева вырашыў асабіста наведаць дзеля знаёмства начальнік ДАІ упраўлення унутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Віктар Ротчанкаў. Але паспрабаваў без папярэдняй дамоўленасці, проста вырашыў прыехаць і зайсці ў яго працоўны кабінет. 

Ротчанкава не прынялі, параіўшы прытрымлівацца субардынацыі і запісвацца на прыём да старшыні гарвыканкама загадзя.

– На наступны дзень непадалёк ад выканкама стаяў экіпаж ДАІ, які спыніў машыну новага мэра. – паведамляюць беларускія СМІ па словах абазнаных крыніц –  На пытанне «Ці вы ведаеце, каго вы спыняеце?» інспектар адказваў нешта кшталту «Ведаю, таму і спыняю». Пасля прынізлівых працэдур праверкі дакументаў Студневу выпісалі штраф за таніроўку шкла і прымусілі аддзіраць таніроўку на месцы.

Аляксандр Студнеў быў прызначаны ў кастрычніку 2022 года на пасаду старшыні гарвыканкама, а Віктар Ротчанкаў пераведзены ўзначальваць абласное ДАІ ў 2021 годзе. Раней ён займаў пасаду начальніка ДАІ мінскага аблвыканкама.

Фота ўзята з адкрытых крыніц.

Галоўныя падзеі 2022 года на Магілёўшчыне – наш дайджэст

Падзеяй года, без усялякіх альтэрнатыў, стала злачыннае ўварванне расійскай арміі ва Украіну.

І, нажаль, яно адбывалася ў тым ліку і з выкарыстаннем Магілёўшчыны ў якасці плацдарма, чаму міністр замежных спраў Украіны прама назваў Беларусь суагрэсарам, а жыхары нашага рэгіёна мусілі канстатаваць – у такіх зверствах, як трагедыя ў Бучы, вінаватыя таксама і мы.

Аднак ёсць і прыклады супраціўлення гэтай крывавай заруцы. Адной з падзей года смела можна назваць учынак бабруйскіх рэйкавых партызан, якіх са стралянінай затрымлівалі ў красавіку 2022 года.

Эканамічныя санкцыі, удзел Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны прывялі да масавага скарачэння замежных інвестыцый у нашым рэгіёне, сыходу брэндаў і вытворчасцяў. Так, У красавіку 2022 года скарачэнне штату на 800 чалавек абвясціла магілёўскае “ВМГ індустры”, а ў чэрвені заснавальнік зусім закрыў вытворчасць. З Магілёва сыйшоў Jusk, H&M, з “Ольсай” перасталі супрацоўнічаць замежныя кампаніі.

Па Магілёўшчыне пракаціўся цэлы каскад банкруцтваў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія адыгрывалі значную сацыяльную ролю ў рэгіёне. Збанкрутавалі “Магілёўхлебапрадукт”, “Магілёўсаюздрук”, закрыўся быхаўскі завод прадукцыі пад брэндам “Хозяин-Барин”

Летам 2022 года адбываўся суд над палітыкам з Магілёўшчыны, лідарам БНФ Рыгорам Кастусёвым, які адпрэчыў усе абвінавачванні, але быў асуджаны на 10 гадоў. 

У абласным цэнтры змяніўся старшыня гарвыканкама – замест Уладзіміра Цумарава гарвыканкам узначаліў Аляксандр Студнеў. Таксама з новым мэрам пазнаёміўся Бабруйск.

Ліпень 2022 года праходзіў пад выразным акцэнтам цукровай панікі, што пракацілася па ўсёй краіне.

У Магілёве каля лесвіцы на Падміколле паставілі помнік Георгію Каніскаму.

Таксама, сярод галоўных навінаў можна назваць звестку, што пачалося праектаванне новага музея на Буйніцкім полі, хоць з першых жа крокаў праект апынуўся ў палоне гігантаманіі і пафасу.

У Клімавічах на пяць месяцаў закрылі мост, у Чэрыкаве – на два гады, а ў Магілёве вагоны сыходзілі з рэек.

У чэрвені на Быхаў абрынуўся жуткі град, галоўны сцяг Магілёва ў ліпені навальніцы ператварылі ў анучу, а перад Галоўпаштамтам у абласным цэнтры паставілі чамусьці віцебскую ратушу

“Сіліконавая Барбі” з Магілёва станавілася “Міс Масквы”, а ў Горках вырасцілі гіганцкі памідор.

Яшчэ ў 2022 годзе мы сачылі за лёсам дзяўчынкі што немаўляткай захварэла на каранавірус і доўга рэабілітавалася, а таксама чакалі ў магілёўскім БРУ скандальна вядомых расійскіх вундэркіндаў.

Гэта не ўсе навіны года, якія хацелі б асвяціць mogilev.media – чакайце далей наш дайджэст добрых навінаў, антыдайджэст і спіс тых, з кім мы развіталіся ў 2022 годзе.

Святочныя мерапрыемства ў Магілёве на Навагоднюю ноч

Магілёўцаў запрашаюць адсвяткаваць Новы год на плошчы Адзінства. З 23:30 31 снежня да 2:00 1 студзеня тут разгорнецца святочнае мерапрыемства — “Начная ДыскаЁлка”.

У праграме – выступленне артыстаў цыганскага шоу “Джалма” і абласной філармоніі, ды-джэя “Мажора”. Таксама запланаваны шматлікія конкурсы, сярод гледачоў будуць разыграныя прызы і сувеніры.

Адзначыць свята можна будзе яшчэ на 12 адкрытых пляцоўках у горадзе. 

З 1:00 да 2:00 жыхароў абласнога цэнтра чакаюць каля Магілёўскага мясакамбіната і «Бабулінага гладыша». 

З 1:00 да 3:00 – каля кінатэатраў “Космас” і “Ветразь”; каля Дамоў культуры філіяла ААТ «БЕЛАЗ» і «Магатэкса» (вул.Грышына, 87);

А таксама на вуліцах: 

  • Цярохіна-Залатавустаўскага; 
  • Крупскай, 137 (каля Палаца гімнастыкі); 
  • Куляшова, 20; 
  • Каралёва, 8; 
  • Прафсаюзнай, 21; 
  • Бярозаўскай, 12.

Акрамя таго, у першы дзень новага года з 14:00 да 16:00 на плошчы Адзінства пройдзе дзіцячая гульнявая праграма “Калі б я быў Дзед Мароз”, а з 18:00 да 21:00 святочны дзень працягне навагодняя дыска-праграма “Харавод. НонСтоп”.

Фота ілюстрацыйнае

Кожны пяты аб’ект на Магілёўшчыне прыбраны ад снегу дрэнна – санэпідэмслужба

Дзяржаўная санітарна-эпідэміялагічная служба правяла маніторынг уборкі снега за перыяд з 25.11.2022 па 23.12.2022 на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Было абследавана 5916 тэрыторый і аб’ектаў што да правядзення суб’ектамі гаспадарання супрацьгалалёдных мерапрыемстваў. Парушэнні ў частцы несвоечасовай ачысткі снегу выяўлены на 1220 аб’ектах – а гэта 20% ад агульнай колькасці, несвоечасовага прымянення супрацьгалалёдных сродкаў на 159.

Асноўная частка парушэнняў прыпадае на ўнутрыдваровыя тэрыторыі  – праезды, пешаходныя дарожкі, тратуары, вуліцы, аўтадарогі. Таксама парушэнні выяўляліся на прыпыначных пунктах, аб’ектах гандлю, прамысловых прадпрыемствах.

Па выніках нагляду за выяўленыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства вынесена 15 пастаноў аб накладанні штрафу – паведамляецца на афіцыйным сайце санстанцыі.

Фота ілюстрацыйнае.

Незавершаная паэма Віталя Еўмянькова

У нядзелю і на святы паміраюць праведнікі – лічылі нашы продкі. Сёння нас назаўжды пакінуў выдатны Чалавек, вельмі аўтарытэтны спецыяліст, навуковец, журналіст, літаратуразнаўца ад Бога, плённы пісьменнік, які да апошняга часу працаваў над сваімі новымі творамі.   

Арганізм чулага, неардынарнага, вельмі добрага чалавека не вытрымаў выпрабаванняў лёсу апошніх гадоў. Стрэс пасля звальнення з універсітэта імя Куляшова, цяжкая хвароба памножаная на кавідную інфекцыю (або грып) прывялі да маркотнага фіналу. 

Нарадзіўся Віталь 5 чэрвеня 1976 года ў Магілёве. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура”. Надалей ён вучыўся ў аспірантуры па спецыяльнасці “Беларуская літаратура”, “Літаратура народаў краін замежжа (польская літаратура)”. Ягоныя навуковыя інтарэсы – славянскія літаратуры (польская, украінская, беларуская).

Віталь Іванавіч быў кандыдатам філалагічных навук, доўгія гады працаваў дацэнтам кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова. 

Як педагог, Віталь найперш займаўся навучаннем магілёўскіх журналістаў. вучыў іх праектным метадам, даючыся раскрыцца іх індывідуальнасці. Выдаў дзясяткі метадычных дапаможнікаў для сваіх гадаванцаў. Да сваіх студэнтаў ён адносіўся не проста як да студэнтаў, а як да сваіх дзетак. Увогуле праца была ягоным другім домам. Ён літаральна бесперапынна працаваў з імі.  

Менавіта падтрымка студэнтаў у 2020 годзе, у тым  ліку ў вершаванай форме, рэзка пагоршыла яго адносіны з кіраўніцтвам універсітэта, зламала прафесійную кар’еру і прывяла да звальнення ў наступным годзе. Для спадара Еўмянькова гэта стала надзвычай моцным псіхалагічным ударам. Ен нібыта згубіў матывацыю да жыцця.

Выратавала яго літаратура. Ён стаў нашмат болей пісаць… На жаль, бальшасць твораў так і засталіся незавершанымі і неапублікаванымі. Таму Віталь пакінуў нам не такую вялікую па аб’ёме, але вельмі нацыянальна арыентаваную і пранікнёную, напісаную на нерве літаратурную спадчыну. 

Найбольш значным раманам напісаным у 2008 годзе сталі “Успаміны Ваяводы або Пялёсткі белай ружы. Шляхецкая гавэнда.” У кнізе адлюстраваны падзеі, якія адбыліся на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай. Аўтар асэнсоўвае шляхецкую гісторыю, пададзеную Адамам Міцкевічам у паэме «Пан Тадэвуш», нібыта запрашае чытача ў эпоху рыцараў-сарматаў, якія жылі і паміралі ў імя Айчыны, Веры і Кахання. 

Апошняя ягоная незавершаная паэма “Філаматы” прысвечана 1820-м гадам. Але ў ёй лёгка пазнаць сучасных палітычных герояў. Яна была часткова прагаворана ім для ютуба і апублікавана на ўласным канале. Прапануем паслухаць яе і вам.

Памёр Віталь Еўмянькоў – рэпрэсаваны магілёўскі журналіст, філолаг, навуковец, пісьменнік

Сёння памёр Еўмянькоў Віталь Іванавіч – наш калега, былы дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый МДУ Куляшова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт – піша выданне Magilev.by, з якім да апошніх дзён ён супрацоўнічаў. 

Чалавек інтэлігентны, творчы, далікатны. Ён быў сапраўдны патрыёт.

Віталь Іванавіч доўга хварэў, але працаваў, пакуль мог, бо быў самаадданым і руплівым. Мы ўсе спадзяваліся на цуд. Але Віталя Іванавіча не стала сёння, у 10:30. На Каляды. Калегі, якія доўга ведалі яго, кажуць, што гэта было яго ўлюбёнае свята.

Светлая памяць і шчырыя спачуванні родным, сябрам, былым калегам і студэнтам спадара Віталя!

Mogilev.media далучаецца да словаў пашаны і спачуванняў нашага дарагога калегі і знакамітага чалавека, які ўсё жыццё сваё прысвяціў служэнню Беларусі. Віталь Еўмянькоў быў усебакова адораным чалавекам, навукоўцам і журналістам, педагогам і пісьменнікам. За падтрымку рэпрэсаваных у 2020 годзе студэнтаў ён, кандыдат філалагічных навук, быў звольнены з працы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова.

Развітанне з Віталём Еўмяньковым адбудзецца 27 снежня.

New York times назваў імёны забойцаў мірных жыхароў Бучы, а кангрэс ЗША 21 раз стоячы пляскаў у далоні Зяленскаму

Весткі з ЗША, важныя для беларусаў: Уладзімір Зяленскі атрымаў ваенную і палітычную падтрымку ад ЗША і трыўмфальна выступіў у кангрэсе, а журналісты разсякрэцілі ваенных злачынцаў расійскага дэсантна-штурмавога палка. 

Проста з фронту ў Бахмуце 21 снежня прэзідэнт Украіны ўпершыню з пачатку вайны накіраваўся за мяжу. Вынікі візіту ў ЗША шматгранныя і да канца будуць вядомы толькі пасля вайны. Але відавочна, што гэта каласальны прарыў. 

Візіт рыхтаваўся некалькі месяцаў і складаўся з дзвюх асноўных частак: перамовы з Прэзідэнтам Джо Байдэнам і выступленне ў Кангрэсе ЗША. 

Перамовы Уладзіміра Зяленскага і Джо Байдэна

Сустрэча двух прэзідэнтаў доўжылася больш за дзве гадзіны. Прэзідэнт Джо Байдэн выказаў рашучую падтрымку Ўкраіне. 

“Для мяне вялікі гонар быць побач з вамі ў сумеснай абароне ад жорсткай вайны, якую вядзе Пуцін… Цяжка паверыць, што прайшло 300 дзён, і што Пуцін груба замахнуўся на права ўкраінцаў існаваць як нацыі і напаў на нявінны ўкраінскі народ” – прамовіў Бейдэн.

Украінскі і амерыканскі бакі абмеркавалі шляхі да міру. Белы дом прапанаваў тры канцэпцыі мірных перамоў:

– Расія цалкам адклікае свае войскі з тэрыторыі незалежнай Украіны (гэта значыць, пакідае ўсе акупаваныя тэрыторыі, у тым ліку Крым, вяртаючыся да межаў 1991 года).

– Расія выдаляецца з усіх тэрыторый, захопленых пасля поўнага ўварвання 24 лютага, пакінуўшы “проксі” зону ў выглядзе Луганска і Данецка, а таксама Крыма.

– Расія пакідае ўсю тэрыторыю Украіны, за выключэннем Крыма, вяртанне якога, сыходзячы з аналітычных нататак Захаду, можа пагражаць “ядзернай эскалацыяй”.

Амерыканцы аддаюць перавагу 1 і 3 варыянтам. Варыянт 2 выкрэслены як ненадзейная ўмова сусветнага парадку. Варыянт 1 лічыцца перспектыўна дасягальным, а 3 амаль гарантаваным.

А Зеленскі ў рамках закрытых перамоў заявіў, што будзе задаволены выключна першай канцэпцыяй. Трэцяя мадэль называецца “несправядлівасцю”. Зеленскі заявіў:

– Для мяне, як прэзідэнта, справядлівы свет – гэта адсутнасць кампрамісаў на нашай тэрыторыі і кампенсацыі за ўсе страты.

Выступленне ў кангрэсе

Абедзве палаты амерыканскага Кангрэса сустрэлі пасланніка ўкраінскага народа 9-хвіліннай авацыяй і 21 раз уставалі і пляскалі ў далоні ў знак падтрымкі. 

У прамове да кангрэса, Зеленскі зноў падзякаваў амерыканцам за дапамогу ў вайне і сказаў, што для таго, каб перамагчы, і Украіне і ўсяму свабоднаму свету трэба выявіць стойкасць. Усе страхі пра тое, што рэспубліканцы не будуць так моцна падтрымліваць Украіну, як дэмакраты, развеяны. 

У цяперашні час праз Кангрэс праводзяць 45 мільярдаў дапамогі, каб грошы былі запісаны перад прыходам на большасць рэспубліканцаў, каб не спыняць ваенную дапамогу.

Візіт Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон меў шмат сімвалізму і яшчэ больш канкрэтыкі. Канкрэтныя вынікі візіту бачацца наступнымі: 

– Узгадненне 45 мільярдаў дапамогі ў наступным годдзе. 

– Прамая ваенная дапамога ЗША (1 мільярд долараў).

– Ваенная дапамога, якая прадстаўляецца ў рамках праграмы USAI (800 мільёнаў долараў). 

У спіс цяперашняй ваеннай дапамогі ўваходзіць мноства пазіцый. Сярод іх самыя важныя: адна батарэя супрацьпаветранага комплексу Patriot і боепрыпасы да яго; боепрыпасы для “Himars”; больш за 2700 гранатамётаў і стралковай зброі; антыпяхотныя боепрыпасы “Клеймор”; прылады начнога бачання і оптыкі; тактычныя бяспечныя сістэмы сувязі; бронекамізэлькі і іншае. 

У рамках “закрытай сустрэчы” была скаардынавана “закрытая частка” дапамогі, каб гарантаваць “справядлівы свет”.

Забойцы жыхароў Бучы

Тым часам журналісты New York times ідэнтыфікавалі дзясяткі расійскіх вайскоўцаў, якія забівалі мірных людзей у Бучы. Былі прааналізаваны запісы тэлефонных размоў, дакументы, інтэрв’ю і тысячы гадзін відэа, якія паказваюць, як расійскае дэсантнае падраздзяленне забіла дзясяткі людзей на вуліцы Яблонскай у Бучы ў сакавіку гэтага году.

Паводле звестак СМІ, ёсць доказы таго, што зверствы ў Бучы здзяйснялі расійскія дэсантнікі. Увогуле журналісты ідэнтыфікавалі імёны 22-х акупантаў з 234-га дэсантна-штурмавога палка.

Гэта відаць, у прыватнасці, з сімволікі, якую акупанты спрабавалі схаваць на вайсковай тэхніцы, пакінутай у Бучы, па дакументацыі, а таксама з запісаў размоў расіян. 

Так, на адным з папяровых запісаў паказаны нумар вайсковай часці пскоўскіх дэсантнікаў – в/ч 74268. Таксама пасля сябе акупанты пакінулі нарукаўныя знакі палка. Адзначаецца, што тэлефоны некаторых ахвяр на Яблонскай акупанты выкарыстоўвалі для асабістых званкоў амаль адразу пасля забойства. Акрамя таго, тэхніку гэтага палка фіксавалі ў месцах абстрэлу ахвяр.

Журналістам таксама ўдалося ідэнтыфікаваць целы 36 ахвяр расіян на вуліцы Яблонскай у Бучы.