Пасля катастрофы на Кахоўскай ГЭС пад вадой апынуўся дом Паліны Райко ў горадзе Алёшкі. Гэта важны помнік наіўнага мастацтва.
Райко – мастачка-самавучка. Яна пачала распісваць сцены і столі свайго дома ў 69 гадоў.
Адзін з самых пранізлівых вобразаў – крумкач над печкай, які раздзірае белую птушачку.
Суседка Райко расказала, што крумкач «скраў у яе [Паліны] дзіця» – яе дачка загінула ў ДТЗ у 1994-м. Праз чатыры гады жанчына пачала маляваць.
У 2004 годзе Паліна памерла, яе дом выкупілі, адкрылі там музей і заснавалі фонд яе імя.
У Херсоне афармленне аднаго з супермаркетаў «Сiльпо» прысвяцілі яе творчасці. Аўтары праекта – харкаўскія архітэктары O.S.A., распавядае Тэлеграм-канал “домікі”.
У наступную суботу, 17 чэрвеня, у Парку культуры і адпачынку Бабруйска будзе праходзіць адкрыты конкурс “Пой, гітарная струна”. Выступленні будуць запланаваны ў наступных катэгорыях: класічная гітара – сола, класічная гітара – дуэты і электрагітара – сола.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца ў адміністрацыі парка. Выступленні пачнуцца ў 12.00 на малой сцэне парка – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.
Жанчыны з фальклорнага калектыва “Астранка” правялі абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна.
Узяўшы з сабой саху і пугу, жанчыны сабраліся ля ракі Асцёр. Спачатку прачыталі малітву «Ойча Наш», перахрысціліся і згодна з абрадам вымавілі такія словы: «Дай, Госпадзі, дапамажы, Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, арашы зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб благадатна ўрадзіла, і ўсіх напаіла…».
Затым у святочных кашулях жанчыны зайшлі ў ваду і сталі цягнуць па беразе ракі плуг – “аралі ваду”. Прычым дзве цягнулі плуг, трэцяя ішла за ім, а яшчэ адна пугай паганяла, а астатнія спявалі абрадавую песню. Рухаліся ўдзельніцы ансамбля ўздоўж берага, старанна аралі раку – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.
Дарэчы, вынікам абраду сапраўды стаўся дожджык, хоць увесь дзень у Старым Дзедзіне свяціла сонца. Але трэба адзначыць, што і дождж намячаўся, паводле сіноптыкаў.
Абрад “Зазыванне дажджу” ў 2016 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Традыцыя мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вескі Стары Дзедзін, хоць характэрны звычай для ўсяго Магілёўскага Пасожжа.
Абрад не мае пэўнай даты правядзення, бо праводзіцца аказіянальна – толькі тады, калі няма больш тыдня дажджу і гіне ўраджай збожжавых на палях і на гародах вяскоўцаў. У аснове магічных дзеянняў, песень, пераворвання дна рэчкі знаходзіцца ахоўная магія ад засухі, каб выкліканы дождж садзейнічаў росту збожжавых і іншых культур не толькі на палетках і агародах вяскоўцаў, але і на палетках сядзіб.
Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў, і існуюць ў рэальнай традыцыі.
У магілёўскім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі адкрылася выстава “V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў “ДЭКАРТ-22. Выбранае”.
Для Беларускага саюза мастакоў стала ўжо традыцыйным раз на тры гады напрыканцы года ў лістападзе праводзіць буйны мастацкі праект, прысвечаны сучаснаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву.
Цяпер творы Трыенале выстаўлены ў магілёўскім філіяле Нацыянальнага мастацкага музея – музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.
У выставе ўдзельнічаюць не толькі сябры секцый дэкаратыўнага мастацтва і тэкстылю“Беларускага саюза мастакоў”, але і творчая моладзь, студэнты, мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Прадстаўлены формы як класічнага, традыцыйнага мастацтва, так і новыя эксперыментальныя інтэрпрэтацыі.
У экспазіцыі можна ўбачыць сучасны тэкстыль, кераміку, шкло, батык, метал.
Вярхоўны суд Нідэрландаў пацвярдзіў рашэнне Апеляцыйнага суда Амстэрдама, вынесенае яшчэ ў кастрычніку 2021 года аб вяртанні каштоўнасцяў украінскаму боку.
Музей Аларда Пірсана ў Амстэрдаме атрымаў золата скіфаў у арэнду ад чатырох музеяў Крыма ў 2014 годзе. Калі Расія анексавала гэты паўвостраў, стала незразумела, каму аддаваць аб’екты – музеям у акупаваным Крыме ці Украіне.
Калі суд прызнаў скарбы культурнай спадчынай усёй Украіны, крымскія музеі звярнуліся ў Вярхоўны суд Нідэрландаў. Цяпер, калі Вярхоўны суд ратыфікаваў папярэднюю пастанову Апеляцыйнага суда, спрэчка нарэшце падышла да канца – піша галандскае агенцтва NOS.
У апошнія выходныя ліпеня на Чыгірынскім вадасховішчы ў Быхаўскім раёне адбудзецца ХIІ Музычны фэст «Вялікая бард-рыбалка» – паведамляе сайт фэста.
Штогадовы летні мультыкультурны фестываль пройдзе 28-30 ліпеня на пляцоўцы базы адпачынку Магілёўскага металургічнага завода. Як чакаецца, пройдзе як заўсёды – з яркай і насычанай музычнай праграмай, творчымі праектамі, выставамі і конкурсамі, з жывой музыкай, зоркамі аўтарскай песні, шансона, рок, кантры і фолька, з мясцовымі прысмакамі, забавамі для дарослых і дзяцей.
Арганізатары мерапрыемства прапануюць на кожны з 3 дзён фэста новыя праграмы з удзелам больш за 200 удзельнікаў на Галоўнай і Лясной сцэнах, на 7 пляцоўках.
Мерапрыемствы фэста пачнуцца 27 ліпеня, у чацвер, з канцэрта-прэзентацыі творчага праекта “Песні нашага кола” у малой зале Магілёўскага Палаца культуры вобласці (а 19.00).
Непасрэдна на беразе Чыгірынскага вадасхвішча, у асноўныя дні фэста з пятніцы 28 да нядзелі 30 ліпеня, будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі, “Лазневая паляна”, “Кірмаш Смаку”, конкурсы, рыбалоўныя спаборніцтвы, канцэрты аўтарскай песні і паэзіі.
Запланавана і цырымонія закладкі валуноў у бард-сцежку з удзелам гасцей фестывалю. Падрабязней з праграмай мерапрыемства можна азнаёміцца тут.
За тры дні наведвання фестывалю кошт уваходнага білета на аднаго чалавека складае 20 рублёў.
Як даехаць – на сваім аўтатранспарце, маршрутнымі таксоўкамі, рэйсавымі аўтобусамі з Магілёва, Бабруйска да в. Чачэвічы. Далей па дарожным ўказальнікам.
Музычны фестываль стартаваў у 2010 годзе і за кароткі час стаў адной з галоўных візітовак музычна-фестывальнага жыцця Магілёўскай вобласці. Ён адраджае традыцыі сямейнага турыстычнага адпачынку, аб’ядноўвае сяброўскія і карпаратыўныя кампаніі. За 12 гадоў музычны форум наведалі каля 18 тысяч гледачоў, музыкантаў і артыстаў з 16 краін: Расіі, Літвы, Славакіі, Германіі, Чэхіі, Ізраіля, ЗША, Іспаніі, Кітая і іншых.
4 чэрвеня на Троіцу ў Чавускім раёне адбылося свята “Зялёныя святкі”, якое з’яўляецца брэндам рэгіёна. Праграма была – ад аўтэнтыкі да беларускіх казакоў.
“Байкаўскія крыніцы” – дужа атмасфернае месца, якое прыцягвае кожны год шмат творчых калектываў, што працягваюць песенныя традыцыі сваёй мясцовасці, выхоўваюць моладзь на беларускай народнай спадчыне.
У гэтым годзе ўдзельнікаў конкурса было ажно 17. Кожны калектыў прадстаўляў мясцовыя троіцкія абрады. Гэта і кумленне, і завіванне бярозы, і карагоды, і традыцыйныя стравы.
На свяце можна было пачаставацца беларускімі стравамі, прыгатаванымі па традыцыйных рэцэптах, паназіраць за выступленнямі калектываў, набыць сувеніры, зробленыя майстрамі-рамеснікамі з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны – паведамляе чавуская раённая газета “Іскра”.
Частка наведвальнікаў прыехалі на “Зялёныя святкі” менавіта для таго, каб набраць вады з крыніц, якія ў гэты дзень, згодна народнай традыцыі, набываць гаючую сілу. Асвячэнне крыніц адбылося падчас свята.
Не абыйшлося і без трэшу, бо на свяце сярод удзельнікаў прысутнічалі прадстаўнікі так званага беларускага казацтва. Яны прыяжджаюць з Магілёва на Байкава на Троіцу штогод, а яшчэ наведваюць магілу героя Вялікай Айчыннай вайны, які загінуў на чавускай зямлі – Георгія Арэхоўскага.
За захаванне мясцовых траецкіх традыцый ў розных намінацыях было ўзнагароджана некалькі народных калектываў Магілёўшчыны.
У глабальнай кампаніі Rosco, буйным пастаўшчыку фарбавальнікаў пацвердзілі, што на фільм “Барбі” ім прыйшлося аддаць апошнія запасы ружовай фарбы.
Мастак-пастаноўшчык фільма “Барбі” Сара Грынвуд распавяла, што падчас будаўніцтва Барбіленду і версій лялечнага Дома мараў у натуральную велічыню, “у свеце скончыўся ружовы колер”.
У размове з Architectural Digest рэжысёр фільма Грэта Гервіг і мастак-пастаноўшчык фільма Сара Грынвуд распавялі аб будаўніцтве Барбіленда, які амаль цалкам флуарэсцэнтна-ружовага колеру, ад «Дома мары» ў натуральную велічыню да дарог і ліхтарных слупоў.
Ларэн Прауд, віцэ-прэзідэнт па глабальным маркетынгу Rosco, кампаніі па вытворчасці фарбаў, выкарыстанай у фільме, падзялілася падрабязнасцямі з Los Angeles Times .
Яна пацвердзіла, што ў фільме «было столькі ж фарбы, колькі ў нас было», але адзначыла, што вытворчасць Барбі супала з больш шырокімі праблемамі ў глабальнай ланцужку паставак падчас Covid-19, а таксама з экстрэмальным надвор’ем у Тэхасе ў пачатку 2021 года, якое паўплывала на жыццёва важныя матэрыялы, якія выкарыстоўваліся каб стварыць фарбу.
“Быў гэты дэфіцыт, і тады мы далі ім усё, што маглі.” – сказала яна – “Яны сапраўды ачысцілі нас ад фарбы”.
У інтэрв’ю Architectural Digest рэжысёрка Грэта Гервіг расказала, што ярка-ружовае адценне ў фільме было важным для «захавання «дзіцячага» выгляду» эстэтыкі твору, і што дызайн Барбіленда быў натхнёны домам Каўфмана ў Палм-Спрынгс, карцінамі Уэйна Цібо і іншымі.
– Я хацела, каб ружовыя былі вельмі яркімі, і каб усяго было занадта шмат. – сказала Гервіг, дадаўшы, што яна не хацела «забываць тое, што прымусіла мяне палюбіць Барбі, калі я была маленькай дзяўчынкай».
У фільме «Барбі» галоўныя ролі выконваюць Марго Робі і Раян Гослінг у ролі лялечнага кавалера Кена. Фільм выходзіць у сусветны пракат 21 ліпеня.
Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” збярэ больш за 900 удзельнікаў. Аднак творчыя калектывы і выканаўцы прадстаўлены толькі чатырма краінамі: Беларусь, Расія, Узбекістан і Кыргызстан.
Удзельнікі 21-га фестываля прадставяць сваю творчасць у трох жанрах – вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва. Кожны напрамак падзелены на асобныя намінацыі. Дзеці выступяць у трох узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў), сярэдняя (13-15 гадоў) і старэйшая (16-18 гадоў).
Узельнікаў з іншых краін катастрафічна мала, бо ў папярэднія гады ў фестывалі прымалі ўдзел выканаўцы з Польшчы і Украіны, краін Балтыі і Малдовы. А часам у Клімавічы даязджалі нават удзельнікі з Германіі, Фінляндыі, Сербіі, Славакіі, Чэхіі і Румыніі.
У першы дзень “Залатой пчолкі” будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей.
У другі дзень фестывалю адбудзецца конкурснае праслухоўванне ўдзельнікаў. У 20:30 удзельнікі і госці “Залатой пчолкі” збяруцца на святочнае адкрыццё фестывалю, а завершыцца дзень святочным феерверкам –паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.
У суботу, 3 чэрвеня, пройдуць круглыя сталы з удзелам чальцоў міжнароднага журы фэсту. Будуць працаваць розныя тэматычныя, гульнявыя пляцоўкі. Адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю і гала-канцэрт удзельнікаў форуму. Будзе арганізаваны конкурс “Малюнак на асфальце”. Увечары адбудзецца канцэртная праграма творчых калектываў Клімаўшчыны.
У нядзелю, 4 чэрвеня, у гарадскім парку пачнуць працаваць творчая і выставачна-гандлёвая пляцоўкі. Свае экспазіцыі прадэманструюць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў раёна. Будзе арганізавана спартыўна-забаўляльная праграма – інфармуюць пра штогадовы фестываль “Магілёўскія ведамасці”.
Падрабязную праграму XXI Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці
«Залатая пчолка» вы зможаце паглядзець па гэтай спасылцы.
Буйнейшы горад Аўстраліі ў канцы мая і ў чэрвені на тры тыдні ператвараецца ў яркі калейдаскоп і прымае мільёны наведвальнікаў.
Фестываль Vivid праходзіць пачынаючы з 2009 года, а ствараўся ён як фестываль разумнага святла ў імя энергаэфектыўнасці. За 14 гадоў ён стаў буйнейшай фестывальнай пляцоўкай у краіне, а адной з традыцыйных «пляцовак» фестывалю з’яўляецца будынак Сіднэйскай оперы, на які мастакі праецыруюць розныя маляўнічыя выявы.
У гэтым годзе гасцям фестываля прапанавана светлавая прагулка працягласцю 8,5 кіламетры ад Опернага тэатра да Цэнтральнага вакзала.
На сваім вэб-сайце Vivid цяпер прапагандуе тое, што арганізатары называюць сваёй “прыхільнасцю да ўстойлівай і экалагічнай адказнасці”.
У паведамленні арганізатараў гаворыцца, што аднаўляльныя крыніцы энергіі, акрэдытаваныя экалагічна чыстымі, сілкавалі больш за 80 працэнтаў асвятляльных установак у мінулым годзе.
Vivid адкрыўся ў пятніцу ўвечары і з’яўляецца штогадовым фестывалем святла, музыкі, ідэй і ўпершыню – ежы. Ён будзе доўжыцца да 17 чэрвеня і на разнастайных пляцоўках чакаюцца каля двух мільёнаў наведвальнікаў – паведамляе ABC News.
Фота з адкрытых крыніц і з сайта фестываля vividsydney.com