Дзень у гісторыі. Нарадзіўся Антон Шукелойць, шукальнік зніклых беларускіх рэліквіяў. Памёр Тамаш Зан, руплівец беларушчыны ў 19 стагоддзі. Байкатаваная краінамі Захаду Маскоўская алімпіяда

19 ліпеня 1855 года памёр Тамаш Зан.

Беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік вызваленчага руху, прыродазнавец, музеязнавец.

Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, філарэтаў – тайнага таварыства ў навучальных установах Віленскай вучэбнай акругі. Суполка філаматаў ператварыўся ў буйную арганізацыю са шматлікімі філіяламі ў розных раёнах Беларусі. У асяроддзі арганізацыі зарадзілася погляды, якія ляглі ў аснову фармавання беларускай нацыі ва ўмовах панавання расійскай культуры.

Адыграў значную ролю ў развіцці новага літаратурнага кірунку – рэвалюцыйнага рамантызму. Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасць за адзін з найгалоўнейшых раздзелаў сваёй паэтычнай праграмы.

Пахаваны пад Воршай. Яго імя носяць гара на Паўднёвым Урале, вуліца ў Гродне.


19 ліпеня 1915 года нарадзіўся Антон Шукелойць.

Беларускі этнограф, педагог. Грамадскі дзеяч у ЗША.

У юнацтве далучыўся да грамадскага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі.

Па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета.

23 чэрвеня 1941 года арыштаваны органамі НКУС. Выбавіўся з няволі падчас бамбавання нямецкай авіяцыяй турмы.

Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Мінскай гарадской управы, дзе ўпарадкоўваў архівы ЗАГСа, часткова знішчаныя ў выніку ваенных дзеянняў.

Па вайне працаваў у сістэме адукацыі лагераў для перамешчаных асобаў у Германіі. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сляды вывезеных туды беларускіх музейных каштоўнасцяў.

У ЗША старшыняваў у Беларуска-Амерыканскім задзіночанні, быў чальцом рэдакцыі газеты «Беларус» і Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.


19 ліпеня 1957 года памёр Мікола Засім.

Паэт, журналіст. Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, партызан.

Працаваў у брэсцкіх газетах «Зара», «Зара над Бугам», кіраваў абласным літаб’яднаннем. Друкаваўся ў шэрагу газет і часопісаў, аўтар 5 зборнікаў паэзіі.


19 ліпеня 2010 года памёр Ігар Дабралюбаў.

Рэжысёр, сцэнарыст, актор.

Народны артыст Беларусі. Працаваў на «Беларусьфільм». Рэжысёр шматлікіх фільмаў. Вядомыя яго работы: «Іван Макаравіч», «Па сакрэту ўсяму свету», «Дзіўныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы», «Плач перапёлкі».


19 ліпеня 1814 года памёр брытанскі мараплаўца Мэцью Фліндэрс (Matthew Flinders).

Даследчык Аўстраліі.

Аўтар назвы кантынента Аўстралія, якая замацавалася за за ім па выхадзе ягонай кнігі «A Voyage to Terra Australis».


19 ліпеня 1980 года адкрыліся адкрыліся XXII летнія Алімпійскія гульні.

Урачыстасць праходзіла ў Маскве ў спарткомплексе «Лужнікі».

Алімпійскія гульні байкатавалі краіны Захаду праз вайну Савецкага Саюзу ў Аўганістане. Пачалася яна ў 1979 годзе.

Спаборніцтвы праводзіліся і ў Мінску. У сталіцы Беларусі пабудавалі алімпійскую вёску, гатэль «Планета», мадэрнізавалі аўтадарогу Масква-Брэст, якую сталі называць «алімпійка», чыгунку, а таксама гарадскую інфраструктуру.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Дзень у гісторыі. Уцёкі манарха. Перамога Касцюшкі. Путч у Іспаніі і ўдзел беларусаў у грамадзянскай вайне

18 ліпеня 1574 года польскі кароль і Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Генрых III Валуа ўцёк на радзіму і заняў французскі трон.

Кіраўніком дзяржавы пабыў крыху больш за год

Праз 15 гадоў быў забіты манахам. Смерць нялюбага караля парыжане адсвяткавалі масавымі гуляннямі, а каталіцкія цэрквы – падзячнымі імшамі.


18 ліпеня 1613 года памёр Іпацій (Адам) Пацей.

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік.

Прамовы вёў пераважна на беларускай мове. Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць, першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.


18 ліпеня 1792 года армія ВКЛ на чале з Тадэвушам Касцюшкам разбіла расійскае войска.

Пасля бітвы кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі павысіў Тадэвуша Касцюшку да звання генерал-лейтэнанта і ўзнагародзіў яго ордэнам Белага Арла.

Навіна пра перамогу Касцюшкі разышлася ў Еўропе, і 26 жніўня ён атрымаў ганаровае грамадзянства Францыі ад заканадаўчага сходу рэвалюцыйнай Францыі.


18 ліпеня 1936 года адбыўся ваенны путч у Іспаніі.

Пачалася грамадзянская вайна паміж рэспубліканцамі і дыктатурай Франка трывала да красавіка 1939 году.

На баку рэспубліканцаў ваявалі некалькі соцень беларусаў з 2100 савецкіх «добраахвотнікаў». Першымі Героямі Савецкага Саюзу сталі беларусы: Мікалай Сяліцкі і Павел Купрыянаў, Сяргей Грыцавец.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

 

Дзень у гісторыі. Нарадзіліся празаік Барыс Пятровіч, паэтэса Вольга Русілка. Памерла Эдзі Агняцвет. У савецкай Беларусі ўведзенае новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне

17 ліпеня 1924 года ў савецкай Беларусі ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне – акругі з раёнамі.

Рэкамендаваў географ Аркадзь Смоліч.

Утвораны 10 акруг: Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская /Клімавіцкая/, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая, а таксама 100 раёнаў.


17 ліпеня 1959 года нарадзіўся Барыс Пятровіч (Барыс Сачанка)

Пісьменнік, празаік.

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопісу «Дзеяслоў», вакол якога аб’ядналіся пісьменнікі, перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.

Старшыня Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

У творчай дзейнасці Барыса Пятровіча лічаць яскравым прадстаўніком экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.


17 ліпеня 1959 года нарадзілася Вольга Русілка.

Паэтэса, літаратуразнавец.

Суаўтар падручніка «Родная літаратура» для 7 класа школ, метадычных дапаможнікаў.


17 ліпеня 1998 года памёр Сяргей Сідор.

Географ, доктар педагагічных навук, прафесар, грамадскі дзеяч.

Працаваў на геаграфічных факультэтах Магілёўскага педінстытуту (цяпер, універсітэт імя Куляшова), Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Суарганізатар школьнай алімпіяды па геаграфіі.

Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, навуковай геаграфічнай тэрміналогіі. Працягваў справу Аркадзя Смоліча, стварыў першы ў Беларусі паўнавартасны беларускамоўны падручнік па геаграфіі Беларусі.


17 ліпеня 2000 года памерла Эдзі Агняцвет (Эдзіт Каган).

Паэтэса, перакладчыца.

Пісала пераважна для дзяцей. Выдала 26 кніг паэзіі, паэм, лібрэта, кнігу для чытання ў 4 класе «Роднае слова».

Перакладала на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, французскіх і іншых класікаў. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Ганса Крысціяна Андэрсэна.


17 ліпеня 2008 года памёр Віталь Шкраба.

Прафесійны баксёр.

Двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг).

Бокса займаўся лёгкай, цяжкай атлетыкай, плаваннем. Загінуў пры цьмяных абставінах.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Дзень у гісторыі. Раскол хрысціянскай царквы. Партызанскі парад. Заснаванне музею гісторыі Магілёва

16 ліпеня 1054 года адбыўся раскол Хрысціянскай Царквы.

Хрысціянства падзялілася на каталіцкую з цэнтрам у Ватыкане (Рым) і праваслаўную з цэнтрам у Канстанцінопалі (Візантыя, цяпер Стамбул, пасля акупацыі Асманскай імперыяй).


16 ліпеня 1944 года адбыўся ў Мінску Партызанскі парад

У ім бралі ўдзел 30 партызанскіх брыгад у асноўным Мінскага і Магілёўскага партызанскіх злучэнняў. На мітынг і парад сабраліся больш за 30 тысяч партызан і 50 тысяч жыхароў гораду.


16 ліпеня 1976 года памёр Ян Станкевіч.

Мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч.

Імкнуўся выкарыстоўваць найперш уласныя рэсурсы мовы – дыялектнай, даўнейшай, часам наватворы – каб засведчыць яе жыццяздольнасць і адметнасць ад суседніх. Каб найбольш адметныя рысы беларускае старой ды жывой народнай мовы знаходзілі сабе месца ў сучаснай моўнай практыцы.


16 ліпеня 1990 года заснаваны Музей гісторыі Магілёва.

Месціцца ў будынку гарадской ратушы.

Асноўная экспазіцыя прысвечаная Магілёву ў часы Магдэбурскага права.

Сярод экспанатаў адзіны ў Беларусі экзэмпляр Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 году.

У канферэнц-зале праходзяць урачыстыя гарадскія імпрэзы.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

 

 

Дзень у гісторыі. Гадавіна бітвы пры Грунвальдзе. Нарадзіўся паэт Ўладзімір Дубоўка, стваральнік літараў «дж» і «дз». Адноўлены Беларускі камітэт у Варшаве

15 ліпеня 1410 года адбылася бітва пры Грунвальдзе.

Войскі Польскага Каралеўства і ВКЛ перамаглі войска Дзяржавы Тэўтонскага ордэна.

Палітычнае значэнне бітвы: спынена нямецкая экспансія на балтыйскія і ўсходнеславянскія землі.

Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі і ў Еўропу.

У гонар бітвы названы вуліцы ў Брэсце, Гарадку, Гродне, Полацку, Магілёве.

У гонар гадавіны бітвы ў Дудутках 23-24 ліпеня 2022 года пройдзе маштабны беларускі фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд».


15 ліпеня 1901 года нарадзіўся Уладзімір Дубоўка.

Паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурнае аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Быў арыштаваны ў 1930 года. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.


15 ліпеня 1925 года адноўленая дзейнасць Беларускага камітэту ў Варшаве.

Грамадска-палітычная арганізацыя, створаная ў верасні 1919 года пад старшынствам ураджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Дубейкаўскага для «культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць беларусаў, якія жылі ў Польшчы.

Адноўлены камітэт узначалілі Лявон Більдзюкевіч і Янка Пачопка.


15 ліпеня 1938 года ў Гомелі адкрыўся Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.

У 1950 годзе пераехаў у Мінск.

Заслужаны калектыў Беларусь. Тэатр вядомы па гастролях гледачам у Балгарыі, Бельгіі, Германіі, Латвіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Францыі, Харватыі, Чарнагорыі, Эстоніі.

 


15 ліпеня 1949 года нарадзіўся Леанід Лісоўскі.

Географ, краязнавец, байкапісец.

Выхаванец геаграфічнага факультэту Магілёўскага педагагічнага інстытуту. Дацэнт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэту. Даследчык прыроды Палесся, яго экалагічных праблем. Аўтар больш за 250 навуковых прац. Аўтар баек для часопісу «Вожык».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыі» і іншых адкрытых у інтэрнэце звестак


 

Дзень у гісторыі. Паўстала выдавецкае таварыства, друкавала творы беларускіх пісьменнікаў. Нарадзіўся Павел Пруднікаў, пісаў пра сталінскія рэпрэсіі. Памёр Пётр Конюх, оперны спявак, у яго рэпертуары быў гімн «Магутны Божа»

14 ліпеня 1911 года нарадзіўся Павел Пруднікаў.

Пісьменнік, заслужаны работнік культуры. У Клімавіцкім і Браслаўскім краязнаўчых музеях працуюць экспазіцыі, прысвечаныя яму.

Аўтар твораў пра сталінскія рэпрэсіі. Сам ён быў рэпрэсаваным.

11 жніўня 1937 году яго арыштавалі. Некалькі месяцаў утрымліваўся ў ленінградскіх «Крыжах». Атрымаў восем гадоў ссылкі. Быў этапаваны ў Бурацію. Працаваў на будаўніцтве чыгунак, шыннага заводу ў Омску і горна-металургічнага камбіната ў Нарыльску, грузчыкам у рачным порце.

Аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў аб беларускіх літаратарах.

Нарадзіўся ў вёсцы Стары Дзедзін (цяпер – Клімавіцкі раён).


14 ліпеня 1913 года ў Вільні заснаванае Беларускае выдавецкае таварыства.

Паўстала на базе выдавецтва «Нашай Нівы» і знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Галоўную мэту сваёй дзейнасці бачыла ў духоўным адраджэнні беларускага народу.

Існавала ў 1913-1915 і 1919-1930 гадах. Выдавала і распаўсюджвала творы беларускай літаратуры.

Спыніла дзейнасць у пачатку 1930-х гадоў пасля забароны ўрадам Польшчы легальных формаў вызваленчага руху.


14 ліпеня 1927 года нарадзіўся Георгій Штыхаў.

Археолаг, гісторык-медыявіст.

Даследчык старажытных гарадоў Полацкай зямлі, вытокаў беларускай народнасці. Узначальваў Беларускую асацыяцыю ахвяр палітычных рэпрэсій.


14 ліпеня 1992 года памёр Аляксей Карпюк.

Пісьменнік, грамадскі дзеяч.

Аўтар твораў пра жыццё Заходняй Беларусі ў 1-й палове 19 стагоддзя. Гэта тэма дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць старонкі нацыянальнай гісторыі

21 красавіка 1972 быў выключаны з КПСС па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае. У 1970–1972 не мог нідзе ўладкавацца на працу.

У яго абарону пісаў Васіль Быкаў.

Імя Карпюка носіць адна з вуліц Гродна, усталявана Мемарыяльная шыльда на гродненскай вуліцы Алаізы Ажэшкі.


14 ліпеня 1994 года памёр Пётр Конюх.

Сусветна вядомы оперны спявак, бас,

Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні.

Запісваў на пласцінкі беларускія песні, сярод якіх быў гімн «Магутны Божа».

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў у польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Герой бітвы пры Монтэ-Касіна. Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў.

У 1975 г. прыязджаў у Беларусь. Памёр у ЗША.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і з іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц


 

 

У Магілёве разгарнутая экспазіцыя, якую «арыштоўвалі» па зняволенні вылучэнца на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі

Яна падаецца, як выстава «Тихая жизнь» з шэдэўраў карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку». Яе адкрыццё запланавана на 15 ліпеня ў выставачнай залі Музею гісторыі Магілёва.

Калекцыя ацэньвалася ў 20 мільёнаў долараў.

Найбуйнейшую карпаратыўная мастацкую калекцыю ў Беларусі Белгазпрамбанк, якім кіраваў Віктар Бабарыка, пачаў збіраць у 2011 – 2012 гадах. Першымі былі набытыя работы мастакоў Парыжскай школы – выхадцаў з Беларусі. Пазней калекцыю прызналі найбуйнейшым зборам работ экспрэсіяністаў Парыжскай школы ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

photo.virtualbrest.ru

Калекцыя налічвала 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Увесь збор ацэньваўся ў 20 мільёнаў долараў.

11 чэрвеня 2020 году, па арышце кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, карціны з калекцыі «Белгазпрамбанку» былі канфіскаваны разам з іншымі каштоўнасцямі. Яны сталі рэчавымі доказамі і былі далучаныя да матэрыялаў крымінальных спраў супраць «Белгазпрамбанку». Аб іх месцазнаходжанні не паведамлялася.

23 чэрвеня 2021 году іх вярнулі ў мастацкую галерэя «Арт-Беларусь». Ці ўсе мастацкія каштоўнасці, сабраныя «Белгазпрамбанкам» захаваныя ў поўным аб’ёме невядома.

artbelarus.by

Канкурэнта Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году Віктару Бабарыку 6 ліпеня 2021 году асудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніях узмоцненага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры, хабарніцтве.

У Магілёве пакажуць 28 карцін жывапісу і графікі.

Пра выставу «Тихая жизнь» на старонцы Музею гісторыі Магілёва ў Фэйсбуку напісана, што ў экспазіцыі прадстаўленыя 38 карцін жывапісу і графікі, створаных знакамітымі мастакамі – ураджэнцамі Беларусі. Сярод іх легендарны прадстаўнік «Парыжскай школы» Хаім Суцін, выбітны касцюмер, дызайнер і сцэнограф Леон Бакст, знакаміты Фэрдынанд Рушчыц – удзельнік аб’яднання «Свет мастацтва», заснавальнік жанру мадэрнісцкага пейзажа ў мастацтве Беларусі; ураджэнец Магілёўшчыны, яркі прадстаўнік жывапісу ў стылі «мадэрн», блізкі сябар Альберта Эйнштэйна Абрам Маневіч і многія іншыя.

artbelarus.by

У прэзентацыі выставы адзначана, што аснову экспазіцыі склалі пейзаж і нацюрморт – два найбольш абʼёмна прадстаўленыя ў сусветнай культуры жанры. Выстаўленыя карціны разнастайныя па стылістыцы і гэтак жа разнастайныя па выбары месца іх стварэння.

 

Дзень у гісторыі. Фестываль «Басовішча». Нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч, саліст гурта «Верасы». Супермесяц

13 ліпеня 1868 года памёр Канстанцін Тышкевіч.

Гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі.

Стварыў Лагойскі музей старажытнасцяў. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музею старажытнасцяў.

Даследаваў курганы, гарадзішчы і замчышчы.


13 ліпеня 1897 года нарадзіўся Міхась Міцкевіч.

Грамадскі і культурны дзеяч, брат Якуба Коласа.

Удзельнік нацыянальнага руху, дэлегат 1-га Усебеларускага кангрэсу, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.

З 1944 году ў эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопісу «Беларус». Рэдагаваў часопіс «Голас Царквы».

data.cyclowiki.org


13 ліпеня 1938 года нарадзіўся Юрый Марухін.

Кінарэжысёр, сцэнарыст, аператар.

Працаваў на «Беларусьфільм», старшыня праўлення Беларускага саюзу кінематаграфістаў. 

Рэжысёр шэрагу фільмаў, у тым ліку, «Маці Урагану», аператар шматлікіх карцін, «Магіла льва», «Час выбраў нас».

sb.by


13 ліпеня 1990 года пачаўся І Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Праходзіў у Польшчы ля мястэчка Грудак на Беласточчыне з ініцыятывы Беларускага аб’яднання студэнтаў і гмінным асяродкам культуры.

Фестываль беларускай рок і альтэрнатыўнай музыкі. Удзельнічалі як беларускія, так і польскія гурты.

Традыцыйна на фестывалі ладзіўся конкурс маладых выканаўцаў, якія паспяхова прайшлі адбор. Штогод на фестываль прыязджала да 15 тысяч чалавек.


13 ліпеня 1952 года нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч.

Эстрадны спявак. Аўтар папулярных эстрадных песень.

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатру песні.


13 ліпеня 1942 года нарадзіўся Харысан Форд.

Ягоныя продкі паходзілі з Беларусі. Па мацярынскай лініі, дзед і бабка – Ганна Ліфшуц і Гары Нідэльман, яўрэйскія імігранты з Мінску.

Амерыканскі актор кіно і тэлебачання, прадзюсар.

Здымаўся ў фільмах «Зорныя войны», «Індыяна Джонс», «Самалёт прэзідэнта» і многіх іншых.

Яго фільмы сабралі больш за 5.4 мільярда долараў у Паўночнай Амерыцы і больш за 9.3 мільярда долараў ва ўсім свеце, што робіць яго сёмым па прыбытку акторам у Паўночнай Амерыцы.

themoney.co


13 ліпеня ў 21:38 па мінскам часе зʼявіцца супермесяц.

Месяц падыдзе да Зямлі бліжэй чым 400 тысяч км. Назіраць астранамічную з’яву можна з любой кропкі краіны.

belnovosti.by


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

 

День у гісторыі. Памёр Даніловіч, даследчык рукапісаў. Нарадзіўся Камароў, мастак, які малюе вобразы «зніклага» Магілёва. Зьявіўся на свет Істман, які зрабіў фатаграфію агульнадаступнай

12 ліпеня – Дзень фатографа (Дзень святой Веранікі).

Святую Вераніку ўважаюць за апякунку фатографаў і фатаграфіі.

12 ліпеня нарадзіўся Джордж Істман – заснавальнік кампаніі Kodak. Дзякуючы ягоным высілкам фатаграфія стала даступнай многім.


12 ліпеня 1843 года памёр Ігнат Даніловіч.

Гісторык права і археограф.

Даследчык летапісных і заканадаўчых помнікаў Вялікага Княства Літоўскага. Апісаў рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута Вялікага Княства Літоўскага. 

Апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 году.

Трымаўся ідэі адраджэння літоўска-беларускай дзяржавы.


12 ліпеня 1916 года нарадзіўся Лаўрэнцій Абецэдарскі.

Гісторык.

Стваральнік навуковай школы вывучэння дасавецкага перыяду гісторыі Беларусі. Крытык тэорыі «залатога веку» у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Суаўтар дапаможніка для школ «Гісторыя БССР», двух- і пяцітомнай «Гісторыі БССР».

bramaby.com


12 ліпеня 1953 года нарадзіўся Базыль Камароў.

Мастак, графік, краязнавец, руплівец беларушчыны.

Стваральнік гістарычных выяваў Магілёва, макетаў старажытнага гораду для экспазіцый музеяў.

i.ytimg.com


12 ліпеня 1976 года нарадзіўся Андрэй Міхневіч.

Беларускі лёгкаатлет (штурханне ядра).

Бронзавы прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў 2008 у Пекіне. Чэмпіён Еўропы. Прызнаваўся найлепшым спартсменам 2003 года.

wiki.bobr.by


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Магілёўцы даведаліся, хто такія людзі Ямата і адкрылі для сябе іх культуру

Музей Бялыніцкага-Бірулі разгарнуў незвычайную для беларусаў выставу традыцыйнай японскай культуры «Людзі Ямата – скарб краіны». У ёй прадстаўленая прыватная калекцыя даследніцы краіны ўзыходнага сонца Анастасіі Кавалёвай, а таксама прадметаў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музею.

У экспазіцыі – аўтэнтычныя прадметы адзення і аксесуары: кімано, абутак, торбачкі, вееры, а таксама часопісы на японскай мове, рэпрадукцыі шырмаў XVI стагоддзя, прыклады завязвання паясоў на розных выпадкі.

Анастасіі Кавалёвай у дзень адкрыцця выставы правяла экскурсію, падчас якой расказала пра асаблівасці экспанатаў. Напрыклад, у яе калекцыі ёсць кімано, якое стваралася цягам некалькіх гадоў, а таксама традыцыйнае японскае адзежа, набыць якую могуць толькі дужа заможныя людзі.

Пра асаблівасці японскай культуры яе даследніца расказвае на лекцыйных занятках у музеі Бялыніцкага-Бірулі.

У перакладзе з японскай Ямата значыць вялікая гармонія і свет. Яшчэ Ямата – гэта племянны саюз, які існаваў у японскіх астравах у 3-4 стагоддзях. Гэта дзяржаўнае ўтварэнне стала асноваю для ўзнікнення японскай дзяржавы. У Японіі ёсць аднайменны горад у прэфектуры Канагава.