Быхаўскія міс Марпл дапамаглі знайсці злодзея

Пра крадзёж 100 рублёў грошай быхаўская 70-гадовая пенсіянерка нават не ведала. Яна двойчы выходзіла са сваёй кватэры на пяць-дзесяць хвілін не замыкаючы дзверы, і гэтага аказалася дастаткова, каб са стульчыка ў пярэднім пакоі знікла сумка з кашальком – паведамляе афіцыйны сайт Камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці.

Затое прапажу западозрыла іншая пенсіянерка з таго ж самага пад’езда ў шматкватэрным доме па вуліцы Савецкай у Быхаве. Яна знайшла знаёмую сумку суседкі ў падвальным памяшканні і прынесла яе пацярпелай.

 

Жанчыны выявілі прапажу грошай з кашалька пенсіянеркі і выклікалі міліцыю. Следча-аператыўная група яшчэ не паспела наведаць пацяраелую, як пранізлівасць прыватнага дэтэктыва праявіла яшчэ адна пенсіянерка з таго ж самага пад’езда. Яна знайшла ў падвальным памяшканні бутэльку з-пад піва і прынесла яе ў дом абрабаваны суседкі.

Эксперты выявілі на бутэльцы адбіткі пальцаў і ў той жа дзень быў затрыманы 45-гадовы мясцовы жыхар за адміністратыўнае правапарушэнне (верагодна, першапачаткова яму інкрымінавалася толькі распіццё піва). Мужчына прызнаўся ў крадзяжы грошай з кватэры пацярпелай. 

Па словах затрыманага, ён прыходзіў да былой жонкі, якая пражывае ў гэтым жа доме, і пакуль чакаў яе, выпіваў піва. І заадно зазірнуў у адчыненую кватэру пенсіянеркі. Выкрадзеныя грошы ў яго канфіскавалі часткова – частку сумы ён паспеў патраціць. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру.

Рабочы загінуў на заводзе ў Крычаве

Паводле папярэдніх звестак, раніцай 5 снежня на тэрыторыі аднаго з крычаўскіх заводаў адбыўся адвольны рух канструкцыі, якую рамантаваў мужчына. 44-гадовага работніка прадпрыемства заціснула металаканструкцыяй і ад атрыманых траўм ён памёр – паведамляе БелТА.

Следчыя органы праводзяць агляд месца здарэння, апытваюць сведкаў, забіраюць тэхнічную дакументацыю. Плануецца назначэнне экспертных даследаванняў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Магілёвец выцягнуў гаманец у хлопца, пакуль той біў яго сябра

Дзве кампаніі адпачывалі ў адным з начных клубаў Магілёва – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Адзін з дваіх маладых людзей з адной кампаніі непрыгожа выказаўся пра дзяўчын з другой. 26-гадовы прыяцель дзяўчын вырашыў паставіць на месца нахабніка і стаў ад душы мясіць яго кулакамі і каленам.

Сябар хлопца, які бездапаможна цярпеў удары, наблізіўся да бойкі, нібыта спрабуючы спыніць агрэсара, а сам незаўважна выцягнуў у 26-гадовага прыяцеля дзяўчын кашалёк з задняй кіішэні. 500 рублёў з гаманца забраў сабе, пагуляў па горадзе а потым падкінуў пусты кашалёк назад пад дзверы начнога клуба. Узбуджана крымінальная справа за крадзёж.

Пенсіянер загінуў на пажары ў Дрыбінскім раёне

У жылым доме ў вёсцы Кішчыцы Дрыбінскага раёна на пажары знойдзены загінулы гаспадар 1949 года нараджэння, пенсіянер. Трагедыя адбылася ўвечары другога снежня. Прычыны пажару і гібелі ўстанаўліваюцца.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц.

Зноў тонкі лёд – пад Чэрыкавам патануў рыбак

Жыхара вёскі Гронаў Чэрыкаўскага раёна знайшлі толькі на другія суткі. 26 лістапада ён перастаў выходзіць на сувязь, назаўтра яго прыйшоў праведаць усхваляваны брат – паведамляе cherikovnews.by. Брат знайшоў дом гаспадара пустым, а з хаты па непачышчанаму снегу ланцужок слядоў вёў да ракі Сож, што цячэ за агародам.

Ратавальнікі былі выкліканыя бліжэй да вечара 27 лістапада. Яны выявілі на тонкім лёдзе ракі два праломы, рыбацкі стульчык і снасці. Раніцай 28 лістапада каманда вадалазаў знайшла цела пенсіянера. Адзначаецца, што ён вёў здаровы лад жыцця, алкаголем не злоўжываў. Трагедыя адбылася з-за неабачлівасці рыбака – лёд быў моцны з аднаго берага затона, але тонкі на другім.

 

Тры тыдні запоя – мужчына ў Бабруйску біў нажом жонку і выкінуўся з пятага паверха

Гісторыя завяршылася без трагедыі, жанчына паспела выскачыць з кватэры, а яе муж не разбіўся.

Пара пражывала ў Бабруйску на вуліцы Батава. Трыццаціпяцігадовы мужчына трэці тыдзень запар знаходзіўся ў запоі, і ў дзень здарэння паспеў выпіць ужо з раніцы. Яго жонка вырашыла пакінуць кватэру і пачала апранаць куртку, каб выйсці на вуліцу.

Адносіны паміж сужэнцамі былі мякка кажучы нацягнутымі, жанчына ўжо падала на развод, хоць пара працягвала жыць разам. Пабачыўшы сыход жонкі, мужчына ўзраўнаваў яе і стаў дапытвацца, ці сапраўды яна ад яго сыходзіць і ці ў яе хто-небудзь ёсць. Жанчына адказала станоўча і тут муж накінуўся з нажом. Ён паспеў тройчы ўдарыць жонку ў шыю і спіну, пасля чаго яна здолела вырвацца з кватэры. На шум выбегла маці, якая пражывала разам з парай.

Пасля нападу на жонку, мужчына выскачыў з пятага паверха праз вакно. Зараз ён знаходзіцца ў лякарні, заведзеная крымінальная справа.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Тры дзяўчыны загінулі ў жахлівай аварыі пад Чавусамі

Машыну выкінула ў кювет, дзе яна разбілася аб дрэва і загарэлася. Дааццаціпяцігадовая кіроўца Audiі дзве яе пасажыркі 19 і 24 гадоў узростам загінулі на месцы – перадае Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Яшчэ адну 22-гадовую пасажырку выкінула з машыны падчас аварыі. Яна выжыла і знаходзіцца ў лякарні.

Трагедыя адбылася а трэцяй гадзіне ночы 29 лістапада. Яе прычынай стала тое, што вадзіцель не справілася з кіраваннем на фоне цяжкага надвор’я і дрэннай дарогі – мяркуюць следчыя. Узбуджана крымінальная справа.

Фота: ДАІ

 

Лысыя калёсы і небяспечнае надвор’е – на магілёўскай аб’язной адбылася жахлівая аварыя

18-гадовая дзяўчына загінула ў выніку сутыкнення аўтамабіля Renault і фуры Scania – паведамляе Тэлеграм-канал абласнога УУС. Трагедыя адбылася 26 лістапада каля 18:30 гадзін паблізу вёскі Засценкі.

46-гадовы вадзіцель Renault не ўлічыў умовы надвор’я, не выбраў бяспечную дыстанцыю да трактара МТЗ, які рухаўся з ім у спадарожным напрамку і ажыццяўляў ўборку праезнай часткі. У выніку машыну занесла на паласу сустрэчнага руху, дзе адбылося сутыкненне з грузавым аўтамабілем Scania.

Ад атрыманых траўмаў 18-гадовая дзяўчына, якая знаходзілася ў Renault, загінула на месцы. Вадзіцель і яшчэ адна яго пасажырка дастаўлены ў бальніцу.

На легкавым аўтамабілі былі ўстаноўлены зімовыя шыны з моцным зносам пратэктара.

Пенсіянер загінуў у Абідавічах на пажары

У Абідавічах Быхаўскага раёна 25 лістапада адбыўся пажар у прыватным доме. Трагедыя здарылася ў 13.16. Ратавальнікі выявілі цела пенсіянера 1959 года нараджэння – перадае БелТА са словаў прэс-службы абласнога МНС. Сам дом належыць іншай жыхарцы аграгарадка, жанчыне 1961 года нараджэння. Яна не пацярпела. Прычыны пажару высвятляюцца.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілустрацыйны характар.

Падзенне дзевяцігадовай дзяўчынкі ў Магілёве – падрабязнасці

Нашы чытачы распавялі шчымлівыя падрабязнасці надзвычайнага здарэння, якое днямі адбылося ў Магілёве ў адным з дамоў па праспекце Шмідта. Нагадаем, дзевяцігадовая дзяўчынка выпала з вакна кватэры на шостым паверсе і ўпала на дах магазіна, размешчанага на першым паверсе дома. У цяжкім стане яна была шпіталізаваная.

Як стала вядома Магілёў.media, дзяўчынка мае асаблівасці развіцця, і самастойна адчыніла вакно. Пасля падзення яна доўгі час праляжала на даху магазіна “Славянскі”. Калі ратавальнікі і “хуткая дапамога” забіралі дзяўчынку, тэмпература яе цела паказвала ўсяго 24 градусы. Зараз медыкі змагаюцца за жыццё малечы.