Асудзілі Алега Сарнацкага

Асудзілі Алега Сарнацкага, магілёўскага фігуранта “справы артапедаў-траўматолагаў”

Магілёўскія фігуранты “справы артапедаў-траўматолагаў” – былы загадчык артапедычнага аддзялення Магілёўскай бальніцы №1 (Лаўсанаўскай) Алег Сарнацкі і былы загадчык траўматалагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы Алег Абелевіч былі арыштаваныя разам з 35-цю іншымі медыкамі-траўматолагамі па ўсёй краіне ў 2022 годзе. Пазней яны былі вызвалены з-пад варты і накіраваны працаваць па спецыяльнасці шараговымі медработнікамі – паведамлялі mogilev.media.

Так, Алег Абелевіч быў накіраваны працаваць шараговым траўматолагам у Магілёўскую гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, а Алег Сарнацкі – на аналагічную пасаду ў Магілёўскую абласную бальніцу.

27 верасня Генеральная пракуратура абвясціла пра прысуд аднаму з іх. Паводле інфармацыі беларускіх СМІ, размова ідзе пра Алега Сарнацкага (на фота), хоць імя абвінавачанага ў матэрыялах пракуратуры не ўказваецца.

Паводле пракуратуры, абвінавачаны з 2018 года да сакавіка 2022-га нібыта сістэматычна атрымліваў грашовыя сродкі ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый, пастаўшчыкоў эндапратэзаў за кожную праведзеную аперацыю па татальным эндапратэзаванні тазасцегнавога або каленнага суставаў з матэрыялаў іх вытворчасці.

За ўвесь час былы загадчык аддзялення нібыта атрымаў узнагароджанне ў памеры 750 даляраў ЗША і звыш 15 тыс. еўра. Паведамляецца, што ў ходзе судовага следства абвінавачаны чыстасардэчна раскаяўся і кампенсаваў у поўным аб’ёме даход, атрыманы незаконным шляхам.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва вынес абвінаваўчы прысуд, але ў калонію Алега Сарнацкага пакуль не адправяць. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады з адтэрміноўкай яго выканання на 2 гады са штрафам у памеры 600 базавых велічынь (22,2 тыс. рублёў).

Фота: Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна г. Магілёва