Асіповіцкі доктар перавёў грошы махлярам, якія прадставіліся галоўным урачом і начальнікам з вобласці

Жыхара Асіповіч аферысты надурылі на 3000 рублёў. У ход пайшлі актуальныя тэмы – “дапамога Украіне”, страх перад начальствам.

Для таго, каб асіпаўчанін паверыў у неабходнасць пераводу, ашуканцы завялі фэйкавы акаўнт галоўнага ўрача Асіповіцкай бальніцы Паўла Шацілы – начальніка пацярпелага, паведамляе “Осиповичи Инфо”. Усё далейшае было ўжо справай тэхнікі. “Ліпавы” галоўны ўрач у перапісцы назваў імя Аляксандра Старавойтава – начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя. Старавойтаў не змог да вас дазваніцца – напісаў падстаўны галоўны ўрач – набярыце яму самі і ён вам усё раскажа.

Мужчына ператэлефанаваў фэйкаваму “Старавойтаву” і той паведаміў, што з яго банкаўскага рахунку рэгулярна спісваюцца грошы ў “фонд фінансавання Украіны”. Страх перад высокім начальствам спрацаваў – мужчына вывеў сродкі на той рахунак, які падказалі махляры. Неўзабаве мужчына разабраўся, што на тры тысячы рублёў яго “вылечыў” зусім не начальнік і звярнуўся ў міліцыю.

Фота ілюстрацыйнае