Амаль восем месяцаў у вёсцы пад Горкамі не могуць адрамантаваць парваны вадаправод

Жыхары Ходараўкі пачалі скардзіцца ў “Магілёўаблвадаканал” яшчэ летам мінулага года, але дыспетчар ім прама заявіла – рамантаваць не будзем, бо няма людзей.

Даць рады працёкшым трубам у сваёй вёсцы не можа нават начальнік камунальнага ўчастка, стараста вёскі і цэлы дэпутат, які разам з іншымі жыхарамі закупае пітную ваду ў бутэльках. Пра праблемы вёскі ў Горацкім раёне піша мясцовая раённая газета. 

Карэспандэнты газеты пабывалі на месцы і пацвердзілі – па вуліцах цячэ вада, перапоўненыя калодзежы зацягнула густой зялёнай расліннасцю. Мясцовыя жыхары патлумачылі, што вадаправод у вёсцы рамантуюць кожны год, а ўжо праз пару тыдняў пасля рамонту ён усё роўна працякае. Мясцовы жыхар, дэпутат сельскага савета і стараста вёскі, які працуе начальнікам камунальнага участка, Аляксандр Астапенка патлумачыў, што іх прадпрыемства тое-сёе ў вёсцы зрабіла, але праблемныя ўчасткі знаходзяцца на балансе іншай арганізацыі – “Магілёўаблвадаканал”. Гэтае прадпрыемства проста ігнаруе сігналы вяскоўцаў пра парваныя трубы:

– Раней, яшчэ ў 2023 годзе, мы накіравалі афіцыйны ліст у «Магілёўаблводаканал» з просьбай правесці рамонт водаправода на ўчастку каля дома № 74 на платнай аснове, паколькі ў нас няма спецыялістаў.  – расказаў Аляксандр Астапенка – Але да гэтага часу адказу на свой зварот не атрымалі. Вусна па тэлефоне дыспетчар сказала, што ў іх няма магчымасці ліквідаваць парыў, бо не хапае людзей.

Фота: “Горацкі веснік”