14 помнікаў Асіповіцкага, Бабруйскага, Бялыніцкага і Мсціслаўскага раёнаў выключаны са Спісу помнікаў і фактычна прызнаны страчанымі.
Пастановай Міністэрства культуры на падставе рашэння Навукова-метадычнай рады ў студзені 2023 года шэраг помнікаў археалогіі рэгіёна – найперш курганы ды курганныя могільнікі, а таксама адно гарадзішча – пазбаўлены ахоўнага статусу.
У Беларусі помнікі гісторыі і культуры, у тым ліку археалогіі, знаходзяцца на асаблівым палажэнні і могуць быць выключаны з Дзяржаўнага спісу пры наяўнасці заключэння аб іх поўным вывучэнні і толькі па рашэнні Міністэрства культуры. Такая высокая ступень аховы павінна забяспечваць захаванасць помнікаў ад знішчэння.
І вось Міністэрства вырашыла вельмі спецыфічна ахоўваць археалагічную спадчыну вобласці – выключыць помнікі з ахоўнага спісу. У Асіповіцкім раёне выключана найбольшая колькасць помнікаў – 9, у Бабруйскім – 2, у Бялыніцкім – 1, у Мсціслаўскім – 2.
Абвінавачванне ў знішчэнні гісторыка-культурнай спадчыны ў адрас Міністра культуры А. Маркевіча будуць па-чалавечы зразумелыя, але горкая праўда заключаецца ў тым, што дэ факта пастанова прызнае існуючы стан рэчаў. З-за нездавальняючай аховы амаль усе гэтыя курганы ўжо знішчаны ў ранейшыя або цяперашнія часы. Іх папросту няма. Часам спецыялісты не могуць нават знайсці месца, дзе раней быў курган.
У дадзенай сітуацыі археолагаў і краязнаўцаў заўсёды найбольш бянтэжыць выключэнне гарадзішчаў, бо той жа вал ці роў – гэта элементы фартыфікацыйнага дойлідства. І таму пры поўным вывучэнні археалагічнага пласта яны працягваюць мець гісторыка-архітэктурную вартасць, і было б лагічна захоўваць іх як помнікі гісторыі, а не проста выкідаць са Спісу.
Адзінае ліквідаванае ў пастанове гарадзішча І тыс. г. нашай эры знаходзіцца каля вёскі Лютня на 0,3 км на захад ад вёскі на беразе ракі Суточка. Як можна было непрыкметна знішчыць цэлае гарадзішча – незразумела.
На вялікі жаль, адсутнасць рэальнай сістэмы аховы помнікаў археалогіі пры іх фармальнай юрыдычнай абароне дазваляе думаць, што гэтая пастанова Савета Міністраў будзе не апошняй. І яшчэ шмат археалагічных помнікаў будзе выведзена са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Палымяныя абяцанні некаторых магілёўскіх парламентарыяў пра тое, што распрацоўка сістэмы абароны помнікаў, найперш археалогіі – іх галоўнае перадвыбарчае абяцанне народу, так і застаецца пустым гукам.
Фота з адкрытых крыніц.