З Апавяшчэння аб грамадскіх абмеркаваннях аб’екта «Аўтамабільная дарога Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы», якое размешчана чавускай раённай газетай “Іскра”, сталі вядомымі тэрміны рэканструкцыі трасы.
Рэканструкцыі падлягае ўчастак трасы Р-122 ад 13,508 км да 81,480 км (амаль 68 км), які праходзіць па тэрыторыі Магілёўскага, Чавускага і Чэрыкаўскага раёнаў.
Уражваюць запланаваныя тэрміны ажыццяўлення дзейнасці: 1 этап – з 13-га па 44 кіламетры – з уводам у эксплуатацыю ў 2027 годзе, 2 этап – з 44-га кіламетра па 81-шы – з уводам у эксплуатацыю ў 2036 годзе. 3 этап – узвядзенне абходу г. Чавусы – з уводам у эксплуатацыю ў 2047 годзе. Атрымліваецца, што агулам будаўніцтва 68 кіламетраў трасы і аўтаабхода Чавус расцягнецца на 24 гады.
Неверагодна, але факт – на працягу 10-13 гадоў будаўнікі плануюць рамантаваць участак у 37 км (ад 44 да 81), або па 3 км на год.
Пакуль Р-122 будзе рэканструявацца, у свеце ўжо будуць іншыя транспартныя сродкі, іншыя транспартныя шляхі, інўшыя будаўнічыя тэхналогіі. І наогул невядома, колькі застанецца насельніцтва у Чавусах, Чэрыкаве да сярэдзіны ХХІ стагоддзя.
Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар