З-за снегападу паўтара мільёна амерыканцаў засталіся без электрычнасці на Каляды. Адменены сотні авіярэйсаў, назіраюцца перабоі ў працы грамадскага транспарту.
Зімовы шторм прынёс моцныя маразы і моцныя ападкі, накрыў большую частку тэрыторыі ЗША. Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША заяўляе, што гэта першае такое маштабнае наступленне халадоў за ўсю гісторыю назіранняў: практычна ўся тэрыторыя краіны апынулася ва ўладзе зімовага шторму.
«Выбуховы цыклон» накрыў тэрыторыю ў 3200 км – ад Тэхаса да Квебека. Моцныя завеі найперш абрынуліся на мяжу ЗША і Канады, у раёне Вялікіх азёр. Бачнасць з-за снегападу ў некаторых раёнах практычна нулявая. У гарадах назіраюцца вялікія перабоі ў працы грамадскага транспарту.
У пятніцу ў ЗША былі адмененыя амаль 6 тысяч рэйсаў, сведчаць звесткі сайта FlightAware. Таксама стала вядома аб адмене 1200 рэйсаў у суботу.
Тэмпература ў Мантане ў пятніцу ўпала да -45°C. Экстрэмальныя ўмовы надвор’я захоўваюцца ў 12 штатах ЗША. Моцныя маразы, парывісты вецер і моцны снегапад сталі прычынай гібелі ўжо 23 чалавек.
У канадскіх правінцыях Антарыё і Квебек моцныя маразы прывялі да адключэння электрычнасці ў дамах, дзе жывуць сотні тысяч чалавек. Жыхароў папярэджваюць аб далейшым пагаршэнні надвор’я.
Метэаролагі кажуць, што такое надвор’е назіраецца ў ЗША і Канадзе раз у некалькі дзесяцігоддзяў.
Фота: BBC