На абмяленне ракі звяртаюць увагу жыхары Магілёва. Яны спадзяюцца, што яе выратуе дождж, які абрынуўся 21 чэрвеня на горад.
10 чэрвеня Белгідрамет папярэджваў аб праблемах з суднаходствам. Тады гараджане заўважылі, што прагулачнае судна, якое курсуе па рацэ, вымушанае было скарэктаваць маршрут.
20 чэрвеня Белгідрамет паведаміў ужо пра неспрыяльныя ўмовы для працы рачнога транспарту.
Падобная сітуацыя была на іншых буйных рэках вобласці. На Сажы ў Крычаве і Слаўгарадзе ўзровень вады апусціўся ніжэй адзнакі, што лімітуе суднаходства. А на Бярэзіне ў Бабруйску ўзровень сягнуў яе.
Белгідрамэт адзначае: на рэках вобласці наагул пераважае абмяленне.
Тым часам тыя хто назірае за зменамі клімату і сітуацыямі на рэках адзначаюць, што ў мінулыя гады абмяленне было большым.
Бліжэйшымі днямі нас чакаюць неспрыяльныя гідраметэаралагічныя з’явы. Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Чакаюцца моцныя дажджы, узмацненне ветру.
У працяг тэмы. Занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі забараніў купацца дзецям і дарослым на гарадскім пляжы, піша “Веснік Магілёва”.
Узятыя пробы вады з Дняпра не адпавядаюць гігіенічным нарматывам і мікрабіялагічным паказчыкам. У рацэ забароненыя заняткі воднымі відамі спорту.
Тое ж тычыцца пляжам на Пячэрскага і Грабянёўскага азёраў.