Запуск смеццеперапрацоўчага завода пад Бабруйскам перанеслі амаль на год

Інвестпраект па будаўніцтве пад Бабруйскам смеццеперапрацоўчага завода прастойвае з восені 2023 года – не хапіла сродкаў.

Будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў вёсцы Вішнёўка пад Бабруйскам было запланавана як маштабны інвестыцыйны праект у Магілёўскім рэгіёне. Магутнасці прадпрыемства павінны дазваляць яму перапрацоўваць да 100 тысяч тон смецця ў год. Пастаўшчыкамі сыравіны, як плануецца, стануць сам горад Бабруйск і яшчэ пяць бліжэйшых раёнаў Магілёўскай вобласці.

Запуск завода быў запланаваны на восень 2023 года. Журналісты выдання “Камерцыйны кур’ер” пабывалі на месцы будаўніцтва завода і пераканаліся, што ён ужо практычна гатовы – узведзены вытворчыя карпусы, пракладзена нават тратуарная плітка на тэрыторыі прадпрыемства. Аднак яго гатоўнасць складае пакуль толькі 95%. Не хапіла сродкаў на аплату тэхналагічнае абсталявання – расказаў выданню галоўны інжэнер Магілёўскага упраўлення капітальнага будаўніцтва, якое з’яўляецца галоўным заказчыкам, Ягор Шчанаў.

– Ступень гатоўнасці аб’екта на сёння складае 95 працэнтаў. Астатнія пяць працэнтаў – тэхналагічнае абсталяванне, якое недаплачана і недапастаўлена. Цяпер грошы выдзяляюцца, і як толькі мы іх атрымаем і асвоім, завод будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Пакуль арыентуемся на 1 ліпеня бягучага года. 

Фота: Камерцыйны кур’ер