Вандалы атакуюць скейт-пляцоўку ў Бабруйску ўжо два гады, і іх дагэтуль не знайшлі

Спартыўную пляцоўку для скейтбордынга і ВМХ-спорта у чарговы раз залілі машынным алеем.

Скейт-пляцоўку ў Бабруйску, размешчаную паміж школамі №10 і №31 усталявалі тут два гады таму – мясцовыя актывісты выйгралі дзяржаўны грант на 25 000 рублёў і самастойна абсталявалі трасу. Аднак ужо адразу пасля адкрыцця аматары скейтбордынга адчулі подых варожасці, што сыходзіць ад невядомых. У тым жа 2022 годзе нехта абадраў з элементаў трасы металічныя лісты, выкінуўшы адзін з іх на тэрыторыі суседняй школы. Потым пачаліся заліванні трасы машынным алеем.

Мясцовы актывіст Данііл, які стаяў за ініцыятывай па стварэнні пляцоўкі, расказаў выданню bobr.by, што адзін з такіх інцыдэнтаў адбыўся проста перад спаборніцтвамі ў мінулым годзе. Тады хлопцам прыйшлося экстрана засыпаць пляцоўку пяском, каб ніхто са спартоўцаў не атрымаў траўму, паслізнуўшыся на элементах.

 Заліванне трасы алеем паўтарылася на днях. Нехта невядомы пашкодзіў фігуры на пляцоўцы. Данііл адзначае, што скаргаў ад мясцовых жыхароў на тлум са спартовай пляцоўкі не паступала, пагэтаму цяжка здагадацца, хто так узненавідзеў іх месца для заняткаў. Пасля кожнага інцыдэнту былі напісаныя звароты ў міліцыю, але ніякага плёну гэта ўсё яшчэ не дало.

– Скейтбордынг і BMX-спорт цяпер вельмі папулярныя. У Бабруйску шмат таленавітых юнакоў, якія рыхтуюцца і выступаюць на сур’ёзных спаборніцтвах. Таму такія спартовыя месцы нам неабходны. – распавёў Данііл – Зімой хлопцы ездзяць трэніравацца ў Мінск на крытыя пляцоўкі, а вясной прыходзяць сюды. За дзень пляцоўку могуць наведаць каля 50 чалавек.

Фота: bobr.by