Узламалі “Сіламер” – а магілёўцы абураны несправядлівай гульнёй, а не крадзяжом

У Магілёве ўламалі гульнявы апарат і скралі адтуль грошы. Аднак негатыўная рэакцыя некаторых магілёўцаў аказалася скіравана на ўладальніках такіх апаратаў, а не на ўзломшчыкаў.

3 чэрвеня 2025 года, як паведаміў тэлеграм-канал магілёўскай міліцыі, у Ленінскі РУУС звярнуўся прадстаўнік адной з арганізацый горада, які распавёў, што было выкрадзена каля 1 300 рублёў. Аказалася, што да здарэння датычныя два прыяцелі: раней судзімыя 27-гадовы і 25-гадовы мясцовыя жыхары. Маладыя людзі мелі патрэбу ў грашах і вырашылі такім хутка падзарабіць. 

“Яны прыйшлі ў гандлёвы цэнтр, узламалі гульнявы апарат “Сіламер” і забралі з яго ўсе грошы, якія пасля патрацілі на асабістыя патрэбы. У дачыненні да фігурантаў следчымі распачатая крымінальная справа” – гаворыцца ў паведамленні.

Аднак рэакцыя некаторых магілёўцаў не была такой, якой, пэўна, чакалі ў міліцыі. Адзін з карыстальнікаў Фэйсбука ў групе “Могилев Live” задаўся пытаннем, калі пачнуць прыцягваць да адказнасці ўладальнікаў падобных апаратаў за махлярства.

“Колькі дзіцячых слёз праліта, пасля таго як дзіця ўкінуў манету і нічога не адбываецца. А тэлефоны тэхпадтрымкі ніколі ніхто не падымае. Хто праверыць наладу апаратаў, дзе нібыта можна выйграць каштоўныя прызы калі своечасова націснеш кнопку? Бо яны першапачаткова настроены на пройгрыш” – напісаў карыстальнік пад нікам Павел Струновіч.

Фота з адкрытых крыніц