Адмыслоўцы адшукалі аналаг бабруйскай знакамітасці – водацяжнай вежы, у якой зараз размешчаны рэстаран з назіральнай пляцоўкай.
“Аказваецца, бабруйская вадацяжная вежа не ўнікальная – піша аўтар тэлеграм-канала “Спадчына” – аналагічная маецца на чыгуначнай станцыі Пагодзіна ў Горках. Бабруйская вежа пабудавана ў 1927 годзе, верагодна, што і горацкая з’явілася ў той жа час.”
Бабруйская водацяжная вежа – турыстычная знакамітасць. Гэта помнік прамысловай архітэктуры 1920-х гадоў. Зараз яна знаходзіцца на балансе гарадскога “Водаканала”, які правёў рэканструкцыю вежы ў 2003 годзе, ператварыўшы яе ў шыкоўны рэстаран з назіральнай пляцоўкай.
Бабруйская вежа. Фота: holiday.by
Інтэр’еры рэстарана “Чырвоная вежа” ў Бабруйску. Фота: holiday.by
Назіральная пляцоўка. Фота: holiday.by. Больш здымкаў – тут.
Вельмі блізкая па архітэктуры вежа знаходзіцца на чыгуначнай станцыі Пагодзіна ў Горках. Магчыма, яна мае роднаснае паходжанне. Архітэктар бабруйскага помніка пакуль невядомы. Таксама засмучае той факт, што ні бабруйская, ні горацкая вежы не ахоўваюцца заканадаўствам як гісторыка-культурныя каштоўнасці.
Вежа ў Горках. Фота: railwayz.info
Аўтар тэлеграм-канала “Спадчына” звяртаецца да адмыслоўцаў пашукаць яшчэ падобныя канструкцыі на Беларусі.