У Расіі спрагназавалі рост коштаў на тавары першай неабходнасці на 30%

Эканамічны аналітык папярэдзіў, што больш за ўсё пацерпяць бедныя слаі грамадства.

Генеральны дырэктар інфармацыйна-аналітычнага агенцтва Infoline, што даследуе рынак тавараў і паслуг, Іван Фядзякоў у інтэрв’ю рэсурсу ura.ru спрагназаваў рост коштаў на самыя папулярныя і танныя тавары ў Расіі. У бліжэйшы час гэты рост можа скласці 10-30% і вышэй.

– У тавары першай цаны ў меншай ступені закладваюцца маржынальныя складнікі вытворцаў, якімі можна часткова дэмпфаваць (дэмпфіраванне – штучнае падаўленне хістанняў – mogilev.media) павышэнне сабекошту. Даводзіцца трансляваць цалкам рост затрат у цану канчатковага прадукту. Такім чынам, усе сыравінныя тавары, гэта значыць тыя тавары першай цаны, якія складаюць асноўны кошык бедных хатніх гаспадарак, у першую чаргу даражэюць да 30% і вышэй. – сказаў Іван Федзякоў.

Ён назваў асноўныя прадукты харчавання, якія можна ўключыць у спіс тавараў першай неабходнасці: хлеб, малако, яйкі, мяса, свежая садавіна і гародніна, макароны і крупы, кансервы, соль і цукар.

Аналітык патлумачыў, з чым звязаны высокі інфляцыйны ціск. “Гэта наступствы паслаблення рубля, якое ў мінулым годзе склала амаль 30%, востры дэфіцыт на рынку працы, які назіраецца ў шырокім спектры галін эканомікі. Таксама гэта следства высачэзных працэнтных ставак. Нагадаю, што Цэнтральны банк з пачатку 2024 года трымае 16%. Усе гэта закладваецца ў кошт тавараў і, зразумела, аказвае вельмі сур’ёзны ўплыў на рост цэн” – зазначыў эксперт.

Паводле яго слоў, у большай ступені ад росту інфляцыі пацерпяць бедныя слаі насельніцтва.

Павышэнне коштаў у Расійскай Федэрацыі вельмі часта прыводзіць да імгненных наступстваў і ў Беларусі – з паліц знікаюць, альбо сур’ёзна растуць у коштах хадавыя тавары.

Фота: mogilev.media