У прапагандысцкім роліку паказваюцца кадры, на якіх Павел Чуркін выказвае рашучасць ваяваць на баку Украіны супраць расійскай акупацыі.
Былы палітзняволены Павел Чуркін быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ па Магілёўскай вобласці ў абласным цэнтры. Ролік са сцэнай затрымання і допытам былога палітзняволенага паказалі ў эфіры прапагандысцкай праграмы тэлерадыёкампаніі Магілёў. Раней Павел Чуркін адсядзеў адзін год у турме №4 за трапную характарыстыку Аляксандра Лукашэнкі.
На прадэманстраваным відэа бачна, што падчас прэсінгу ў момант затрымання Павел Чуркін прызнае, што здымаў нейкія матэрыялы для перадачы Збройным сілам Украіны. Таксама дэманструецца запіс яго звароту да ўкраінскіх спецслужбаў, дзе Чуркін тлумачыць сваё імкненне да супрацоўніцтва жаданнем дапамагчы ўкраінскаму народу ў барацьбе з пуцінскім рэжымам з далейшай мэтай вызваліць Беларусь ад дыктатуры Лукашэнкі. На паказаным фрагменце допыту мужчыны супрацоўнікамі беларускіх спецслужбаў, Павел Чуркін гаворыць, што планаваў перайсці беларуска-украінскую мяжу, каб потым пайсці служыць у войску.
Паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які інкрымінуецца Паўлу Чуркіну са словаў вядучай прапагандысцкага роліка, у якасці пакарання прадугледжаны турэмныя тэрміны ад 7 да 15 гадоў альбо ад 10 да 20 гадоў, а таксама пажыццёвае зняволенне і смяротнае пакаранне – у залежнасці ад часткі артыкула.
Фота: ТРК “Магілёў”, скрыншот