У сацыяльных сетках магілёўцы дзеляцца фотаздымкамі з пляцоўкі каля музея этнаграфіі на вуліцы Першамайскай. Як бачна на здымках, камунальнікі перакладаюць траншэю пад камунікацыі.
Месца правядзення работ трапляе на фундамент колішняга касцёла Ксаверыя, які быў пабудаваны ў Магілёве ў пачатку 1700-х гадоў і быў разбураны пасля Другой Сусветнай вайны.
Падчас прац на траншэі частка фундамента касцёла, відаць, была расчышчаная, у кучах зямлі побач можна пабачыць каменне, цэглу.
Не заўважна, каб адначасова на месцы работ праводзіўся археалагічны нагляд.
Фота з сацыяльных сетак