Работы на Камасмольскай вуліцы, на месцы касцёла Ксаверыя груба парушылі заканадаўства – Акадэмія навук

Магілёўскі гісторык Яўген Балбераў атрымаў афіцыйны адказ з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі наконт земляных прац у Магілёве. “Зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў” – гаворыцца ў дакуменце.

Як паведамлялі mogilev.media, на месцы касцёла Ксаверыя ў цэнтры Магілёва камунальнікі праводзілі земляныя работы ў 20-х чыслах красавіка, прычым археолагі пры гэтым заўважаныя не былі. Таксама мы пісалі, што падчас рамонту дарожнага палатна на вуліцы Камсамольскай у Магілёве была выяўлена магчыма дарэвалюцыйная брукаванка, якая потым канчаткова знікла

З пытаннем пра законнасць падобных дзеянняў магілёўскі гісторык Яўген Балбераў звярнуўся ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі – пра што ён напісаў у сваім FacebookЗемляныя работы па вуліцы Камсамольскай, а таксама на падмурках былога езуіцкага касцёла Святога Францыска Ксаверыя ў г. Магілёве праводзіліся незаконна, без апавяшчэння і ўзгаднення з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі – адказалі Балбераву.

Профільны інстытут даведаўся пра правядзенне гэтых работ з публікацый у інтэрнэце. Быў неадкладна праведзены агляд, але на яго момант брук па Камсамольскай вуліцы ўжо не выяўлены, яго лёс не вядомы. Інстытутам зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Земляныя работы, праведзеныя з выкарыстаннем цяжкай тэхнікай, знішчаюць верхнія напластаванні культурнага пласта Шклоўскага пасада. Дадзены ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Магілёва: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт».

Фота: mogilev.media, Яўген Балбераў

У Магілёве камунальнікі капаюць на месцы касцёла Ксаверыя, археолагі пры гэтым не заўважаны

У сацыяльных сетках магілёўцы дзеляцца фотаздымкамі з пляцоўкі каля музея этнаграфіі на вуліцы Першамайскай. Як бачна на здымках, камунальнікі перакладаюць траншэю пад камунікацыі.

Месца правядзення работ трапляе на фундамент колішняга касцёла Ксаверыя, які быў пабудаваны ў Магілёве ў пачатку 1700-х гадоў і быў разбураны пасля Другой Сусветнай вайны.

Падчас прац на траншэі частка фундамента касцёла, відаць, была расчышчаная, у кучах зямлі побач можна пабачыць каменне, цэглу.

Не заўважна, каб адначасова на месцы работ праводзіўся археалагічны нагляд.

Фота з сацыяльных сетак