У Магілёў на афіцыйны канцэрт запрасілі спевака, які ў акупаваным Херсоне віншаваў з Днём Расіі

У складзе ўдзельнікаў канцэрта «Магілёў – маё натхненне!» у гонар Дня горада, звяртае на сябе ўвагу Руслан Аляхно. Выхадзец з Бабруйска, няўдалы ўдзельнік «Еўрабачання – 2008», ён адзначыўся ў дзясятых чыслах чэрвеня, калі разам з расійскімі артыстамі здзейсніў турнэ па ДНР і ЛНР, завяршыўшы яго 12 чэрвеня выступам у акупаваным Херсоне на свяце, прысвечаным Дню Расіі.

У сваім інтэрв’ю «Мінскай праўдзе» Аляхно прызнаўся, што быў адзіным беларускім артыстам – удзельнікам прапагандысцкага турнэ. Інфармацыю пра паездку і відэа з яе Аляхно размясціў ва ўсіх сваіх сацыяльных медыя.

Святочны канцэрт «Магілёў – маё натхненне!» пройдзе 1 ліпеня на стадыёне «Спартак». Чакаецца, што на гэтым канцэрце таксама адбудзецца ўручэнне штогадовых прэмій ад гарвыканкама «Дасягненне».

Кошт білетаў для шараговых гледачоў складае ад 55 да 59 рублёў.

Крыніца: MyCity.by

галоўнае фота: Мінская Праўда