У невялікую рэчку Крычаўку, што ўпадае ў Сож, сцякае каналізацыйны ручай, які падпітваецца вадой са сцёкавай трубы новага жылога квартала.
Побач з дамамі ў мікрараёне Камсамольскі ў Крычаве знаходзіцца вялікі маляўнічы яр, які працінае невялікая рэчка Крычаўка. Яна мае тры водных прытока, адзін з якіх з’яўляецца каналізацыяй. Размешчана каналізацыя ў лагчынцы побач з новай школай №8. Вада, якая выцякае з яе, ператвараецца ў моцны ручай, які нясе сваю брудную ваду ў Крычаўку. Прычым гэтай каналізацыі ўжо і не адзін дзясятак год.
У гэты ж каналізацыйны ручай, які мае непрыемны пах, выліваецца вада са сцёкавай трубы трох новых дамоў мікрараёна, што будаваліся на працягу 2018-2020 гадоў. Праблема са сцёкавай трубой узнікла яшчэ ўвесну 2020 года, аднак яна не вырашана да сённяшняга дня, бо ні мясцовыя жыхары, ні супрацоўнікі крычаўскай санэпідэмстанцыі гэтай праблемы, відаць, не заўважаюць.
Адзначым, што на працягу 2019-2020 гадоў крычаўскімі чыноўнікамі абмяркоўвалася пытанне адаптацыі берага Крычаўкі ў ланшафтна-рэкрэацыйную зону. Больш за тое, у Крычаўскім райвыканкаме ў гэты ж час адбыліся грамадскія абмеркаванні наконт экалагічнай ацэнкі градабудаўнічага праекта – будаўніцтва новага жылога квартала каля школы №8, якія да пазітыўных вынікаў не правялі.
Фота: mogilev.media