У Клайпедзе выбралі лепшыя праекты рэканструкцыі мемарыяла савецкім воінам

Клайпедскае самакіраванне аб’явіла папярэднія вынікі конкурса па ідэі праекта рэканструкцыі месца захавання салдат Савецкага Саюза часоў ІІ Сусветнай вайны. Правядзенне гэтага конкурса разбурае клішэ расійскіх прапагандыстаў аб непавазе да памяці савецкіх воінаў у краінах Балтыі.

На конкурс было прадстаўлена шэсць праектных ідэй па ўладкаванні прасторы побач з вул. С. Даўканта (S. Daukanto) – паведамлялі раней mogilev.media. Згодна з рашэннем камісіі па ацэнцы конкурсных праектаў 11 мая, вылучаны першыя тры праекты – інфармуе atviraklaipeda.lt. Удзельнікі, якія занялі першыя 3 месцы ў конкурсе праектаў, могуць разлічваць на ўзнагародуі: I месца – 8000 еўра, II месца – 5000 еўра, III месца – 3000 еўра.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Першае месца (94,17 бала з 100 магчымых) камісія прысудзіла праекту «NAU2023», аўтарамі якога з’яўляюцца Р. Амшыеюс і М. Чарнютэ-Амшыене.

Яны прапануюць інтэграваць рэканструяваную прастору ў агульную «тканіну Парка скульптур». Пры рэалізацыі іх ідэі будзе пашырана плошча зялёных зон і пасаджана больш новых дрэў, захаваны каменныя таблічкі з прозвішчамі загінулых, і імі будуць адзначаны месцы пахавання, пракладзены новыя пешаходныя дарожкі.

Другое месца (76,67 бала) прысуджана праекту «SSS2023», які стварылі А. Скіезгелас, Э. Пілвеліс, Э. Вайнорютэ, Т. Свідэрскас.

Трэцяе месца (72,5 бала) у праекта «KLP0700» В. Пілкаускаса, Л. Каваляўскаса, Р. Пілкаўскайтэ.

Канчатковы парадак і пераможца конкурсу будуць аб’яўлены пасля правядзення працэдуры грамадскіх закупак. Самакіраванне павінна заключыць з ім дамову на падрыхтоўку тэхнічнага задання.

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

Фота atviraklaipeda.lt