Служба 115 не прымала заяўку, а да дыспетчараў было проста не дазваніцца. “Нажаль, негатыўна спрацаваў чалавечы фактар” – патлумачылі ў вадаканале.
На працягу тыдня ў раёне чацвёртага корпуса сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках з-пад зямлі біла вада – паведамляе “Горацкі веснік”. Прарыў трубы здарыўся ў раёне 16 жніўня, і ў той жа дзень карэспандэнт выдання спрабавала датэлефанавацца ў дыспетчарскую службу водаканала. Там проста не бралі слухаўку. Не адказвалі і па іншым, альтэрнатыўным нумары, які падказалі ў цэнтральнай дыспетчарскай службе Магілёўскага абласнога водаканала. Дазваніцца атрымалася да “115”, і там, здавалася, заяўку прынялі.
Але так толькі здавалася. Праз два дні ўсё той жа паток вады біў з месца прарыву, а на тэрыторыі Акадэміі пачало ўтварацца невялікае азярцо. На паўторны званок у “115” дыспетчар раздражнёна патлумачыў, што падчас папярэдняга званка быў не прыём заяўкі, а кансультацыя, і толькі з другога разу была аформленая скарга.
20 жніўня пытанне пракаментаваў ужо начальнік водаканалізацыйнага ўчастка Горацкага раёна філіяла «Магілёўскі водаканал» УПКП ВКХ «Магілёўаблводаканал» Ігар Сільвестраў:
– Мы ў курсе дадзенай аварыі, заяўка ад службы 115 была перададзена 18 жніўня. На жаль, наш участак не мае ўласнай дыспетчарскай службы, усе нашы спецыялісты знаходзяцца ў пастаянных раз’ездах па працоўных пытаннях, бо вельмі вялікі аб’ём работ у горадзе і ў вёсцы. Таму датэлефанавацца па стацыянарных нумарах сапраўды бывае цяжка. Што ж тычыцца парыву, то ён дастаткова шырокі і складаны. І ў гэтай сітуацыі ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. Акрамя ўсяго, нажаль, негатыўна спрацаваў чалавечы фактар. Усё гэта разам паўплывала на тэрміны рамонтных работ.
20 жніўня, як паведамляе “Горацкі веснік”, заяўка была нарэшце закрытая. Прарыў ліквідавалі.
Фота: “Горацкі веснік”