У Горках дамагаюцца ад камунальнікаў прыбраць газоны. Тыя на патрабаванні жыхароў не рэагуюць. Людзі робяць выснову: газоны, гэта нічыйная пляцоўка.
Жыхары дамоў на вуліцы Будаўнікоў наракаюць, што леташняя лістота гурбамі ляжыць паміж дрэў і сярод кустоўя, хоць ужо ў бліжэйшы час настане пара падстрыгаць маладую траву.
– Мы кожны год прыбіраем каля свайго пад’езда і пад вокнамі з супрацьлеглага боку дома. Супрацоўнікі дзіцячага сада, які знаходзіцца побач, таксама падтрымліваюць парадак на даручанай тэрыторыі. А вось гэтыя газоны, атрымліваецца, нічые? Ці іх усё ж такі павінны прыводзіць у парадак работнікі камунальных службаў? Я ўжо некалькі разоў звярталася да іх, прасіла прыбраць гэтае лісце, вынік пакуль нулявы – распавяла выданню horki.info Ірына Уладзіміраўна, жыхарка аднаго з тутэйшых дамоў.
Вуліца Будаўнікоў знаходзіцца на ўскраіне горада, але гэта густазаселенае паселішча побач з цэнтральнай вуліцай райцэнтру Якубоўскага. Ад райвыканкаму 10 хвілінаў гарадзкім аўтобусам.
Яна сцвярджае, што ўжо пісала прадпрыемству “Камунальнік” і тэлефанавалі на “гарачую лінію115”, але адзінае, што зрабілі службы – змялі частку лістоты ў кучы ды пакінулі.