У Глускім раёне фермер спілаваў на продаж 200 дрэў на ўчастку, з іх 50 дубоў. Што пастанавіў суд

У Глускім раённым судзе быў вынесены прысуд мясцоваму жыхару, кіраўніку фермерскай гаспадаркі, які на выдзеленых яму ўчастках спілаваў на продаж цэлы лес – 50 дубоў, 60 асін, дзясяткі бярозак і ліп. Пастанова суда была апублікаваная сёння на Нацыянальным інтэрнэт-партале – год абмежавання правоў і амаль 33 тысячы штрафу.

Як паведамляецца ў матэрыялах справы, кіраўнік фермерскай гаспадаркі ўзяў у арэнду чатыры ўчасткі зямлі. Раённая землеўпарадкавальная служба дазволіла новаму гаспадару правесці ачыстку тэрыторыі ад хмызняка, аднак мужчына ўспрыняў гэты дазвол з нашмат большым энтузіазмам, чым дазволена па законе. Не толькі хмызняк, а таксама каля двухсот дрэў ён проста спілаваў і падрыхтаваў на продаж. Агульная сума шкоды расліннаму свету склала ў выніку больш за 32 000 рублёў.

На судзе мужчына спрабаваў прызнаць віну толькі часткова, адмаўляючы замысел продажу асабліва каштоўных парод драўніны. Гэты довад судом не быў прыняты, але ў якасці змягчальных абставін было прынята пад увагу, што ў фермера ёсць трое непаўналетніх дзяцей.

Суд пастанавіў спагнаць з мужчыны суму шкоды плюс дзяржпошліну, арыштаваў маёмасць і прысудзіў фермера да аднаго года абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Фота ілюстрацыйнае