У Дональда Трампа стралялі на перадвыбарчым мітынгу

Стралок забіты, яго матывы высвятляюцца. Таксама загінуў адзін з наведвальнікаў мітынга, яшчэ двое цяжка параненыя.

Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп атрымаў лёгкае раненне – куля прабіла верхнюю частку яго правага вуха. “Я пачуў свіст, стрэлы і адразу адчуў, як куля раздзірае скуру” – пракаментаваў замах на яго жыццё палітык. 

Як паведамляе з месца падзей The New York Times, страляніна на перадвыбарчым мітынгу Дональда Трампа  адбылася днём 13 ліпеня па амерыканскім часе ў гарадку Батлер, што ў Пенсільваніі. Падчас выступу Трампа прагучалі некалькі стрэлаў з аўтаматычнай зброі. Кандыдат у прэзідэнты ЗША схапіўся рукой за сваё вуха і неўзабаве асеў на падлогу, яго ачапілі целаахоўнікі. Таксама, стрэламі былі збітыя з ног яшчэ некалькі чалавек, што знаходзідіся побач. Момант пакушэння трапіў на відэа (асцярожна, жорсткія кадры).

На дадзены момант названа меркаванае імя чалавека, што здзейсніў замах – Томас Мэцью Крукс. 

Як пішуць амерыканскія СМІ, незадоўга да пакушэння некаторыя ўдзельнікі перадвыбарчага мітынга заўважылі падазронага мужчыну са зброяй, што лез на дах суседняга будынка, аднак іх паведамленні былі праігнараваныя супрацоўнікамі бяспекі. 

Страляніна вялася з будынка, размешчанага прыкладна ў 125 метрах ад трыбуны, з якой выступаў Дональд Трамп.

Навіна будзе дапаўняцца.

Фота з адкрытых крыніц.