У Замбіі знайшлі рэшткі 476-тысячагадовай драўлянай пабудовы. Гэта найстаражытнае падобнае збудаванне ў свеце.
Археолагі знайшлі ў Замбіі рэшткі найстаражытнейшага драўлянага збудавання. Яны ўяўляюць сабой два апрацаваных бярвяна, выкладзеных адно над дркгім пад вуглом 75 градусаў. Узрост гэтай канструкцыі вучоныя ацэньваюць прыкладна ў 476 тысяч гадоў. Пра гэта паведамляецца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Nature.
Пра матэрыяльную культуру старажытных людзей, якія жылі сотні тысяч гадоў таму, навукоўцы ў асноўным ведаюць па каменных прыладах. Пры гэтым верагодна, што істотную частку артэфактаў нашы продкі рабілі з арганічных матэрыялаў, такіх як дрэва, косці ці скура, але яны рэдка захоўваюцца ў выкапнёвым выглядзе.
На сённяшні дзень, відаць, найстаражытны драўляны прадмет са слядамі апрацоўкі, паходзіць з ашэльскага помніка Гешэр-Бенот-Яакаў, які знаходзіцца ў Ізраілі і датуецца прыкладна 780 000 гадоў таму. Больш добра захаваліся кідальныя палкі і драўляныя дзіды з нямецкага паселішча Шонінген, узрост якіх складае больш за 300 тысяч гадоў.
Лоўрэнс Бархам (Lawrence Barham) з Ліверпульскага ўніверсітэта сумесна з калегамі з Бельгіі, Вялікабрытаніі, Замбіі і Партугаліі прадставіў вынікі раскопак, якія праходзілі ў 2019 годзе ў мясцовасці, якая знаходзіцца побач з вадаспадам Каламба ў Афрыцы. Дзякуючы вільготнасці ў тутэйшых глебах дастаткова добра захоўваюцца арганічныя матэрыялы.
Археолагі выявілі чатыры ўчасткі, у якіх захаваліся пяць драўляных аб’ектаў са слядамі апрацоўкі і яшчэ адзін – без іх. На двух помніках побач з гэтымі знаходкамі таксама прысутнічалі ашэльскія каменныя прылады. З дапамогай аптычнага датавання навукоўцы ўстанавілі, што ўзрост двух помнікаў складае каля 476 ± 23 тысячы гадоў. Два іншых апынуліся маладзей, каля 390 000 гадоў.
Самую значную знаходку навукоўцы зрабілі на помніку BLB5. У адкладах, якія змяшчаюць таксама прылады на сколах, кліверы і ручныя рубілы, яны знайшлі рэшткі драўлянай канструкцыі. Яны ўяўляюць сабой два бервяна, выкладзеных адно на другое пад вуглом 75 градусаў.
Даўжыня верхняга бервяна складае 141,3 сантыметра, а таўшчыня – не больш за 25,6 сантыметры. Прыкладна пасярэдзіне ў ім выразана U-абразная адтуліна, якая, відаць, выкарыстоўвалася для стыкоўкі з буйнейшым ніжэйлеглым бервяном. Навукоўцы выказалі здагадку, што гэтая канструкцыя можа ўяўляць сабой рэшткі платформы, насцілу ці жылля. Па іх дадзеных, гэта найстаражытная вядомая пабудова з дрэва.
Як і на бярвенні з BLB5, на чатырох драўляных артэфактах з іншых помнікаў прысутнічаюць сляды апрацоўкі. Адзін з іх – гэта прадмет даўжынёй 36,2 сантыметра, выраблены з кігеліі афрыканскай (Kigelia africana), які, на думку археолагаў, можа ўяўляць сабой клін. Яшчэ адзін цікавы артэфакт, зроблены таксама з кігеліі афрыканскай, эта прадмет даўжынёй 62,4 сантыметра, які мог выкарыстоўвацца ў якасці палкі-капалкі (на трохмернай рэканструкцыі вышэй).
Фота: Nature