Тыктокерша знайшла міну на полі ў Александрыі, відэа сабрала сотні тысяч праглядаў

Дзіцячы трэнер і тыктокерша з Магілёва з нікам olchik4713 паказала відэа з сельскагаспадарчага поля ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна. Тут маладыя хлопцы і дзяўчаты збіралі цыбулю і натыкнуліся на мінамётную міну, верагодна, часоў Другой Сусветнай вайны. Ролік са знаходкай набраў ужо больш за 342 тысячы праглядаў і працягвае вірусіцца пад дасціпныя каментарыі карыстальнікаў соцсеткі.

@olchik4713 #беларусь #могилев ♬ оригинальный звук – Olchik

Аўтар відэа – трэнер дзіцячай спартыўнай школы, родам з Магілёва. У Шклове яна праходзіць абавязковае размеркаванне. Чаму яна апынулася на полі і збірае цыбулю, дзяўчына адказала проста: “Няма каму збіраць”. Відавочна, што разам з іншымі маладымі трэнерамі яе прыцягнулі да ўборкі ўраджаю на полі мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Каментатары роліка адзначылі стрыманасць хлопцаў на відэа – “І ўсім так усё роўна, далей збіраюць”. “Міна без узрывальніка, бяспечна” – каментуе іншы.

Фота: olchik4713, скрыншот