У Чарнобыльскую зону адчужэння на Радуніцу будуць прапускаць усіх жадаючых

На Радуніцу часткова здымаюцца абмежаванні на наведванне Чарнобыльскай зоны адсялення і адчужэння ў Магілёўскай вобласці. Так, з 26 па 29 красавіка з 9:00 да 17:00 грамадзяне змогуць свабодна заехаць на гэтую тэрыторыю для наведвання магіл родных у сувязі са святкаваннем Радуніцы.

Як паведамляе аддзел кантролю за выкананнем прававога рэжыму на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання, уезд будзе дазволены без пропуску – дастаткова мець пры сабе пашпарт і дакументы на транспартны сродак.

Зона адчужэння была створаная вакол Чарнобыльскай атамнай станцыі і ў месцах радыяцыйнага забруджвання пасля аварыі 26 красавіка 1986 года. На тэрыторыі Украіны абмежаванні, дарэчы, не такія строгія, як у Беларусі. У 2010 годзе тут было прынята рашэнне адкрыць Зону для ўсіх жадаючых (да гэтага наведванні былі абмежаваныя). Вынікі даследаванняў паказалі, што на тэрыторыі гэтых маршрутаў у 30-кіламетровай зоне можна заставацца да 4-5 дзён без шкоды для здароўя, а ў 10-кіламетровай зоне без шкоды для здароўя можна заставацца 1 дзень. 

Выява ўзятая з адкрытых крыніц (wikimedia.org)

Як на Радаўніцу можна наведаць могілкі, што знаходзяцца ў забруджанай радыяцыяй зоне

Значная колькасць тэрыторый Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Краснапольскага і Касцюковіцкага раёнаў Магілёўшчыны ўваходзяць у зону адчужэння, наведваць якую без спецыяльных прапускоў забаронена. Раз у год, на Радаўніцу, гэтая забарона здымаецца, каб блізкія змаглі наведаць пахаванні сваіх родных і прыбрацца на іх. Наведванне зоны без прапускоў дазваляецца сёлета з 22 па 25 красавіка з 9.00 да 17.00.

Пры гэтым наведвальнікам неабходна прытрымлівацца асноўных правіл бяспекі. Ні ў якім разе не распальваць кастры і не спальваць смецце – яго можна толькі адносіць на спецыяльныя пляцоўкі.

Таксама, пры рабоце на могілках неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку – працаваць у медыцынскіх масках і пальчатках, пасля завяршэння страсануць сваю верхнюю вопратку, вымыць адкрытыя ўчасткі цела прывезенай з сабой вадой. Асаблівую ўвагу варта надаваць дзецям, каб яны не адхіляліся ад дарослых.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае.