Горад расіяне сталі «віншаваць» з 233-годдзем абстрэлам уночы. Адна з ракет пацэліла ў старое, спісанае судна, што выклікала шквал жартаў. Страляніна па Мікалаеве абышлася без ахвяр.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Паводле кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма, Мікалаеў зазнаў абстрэл блізу гадзіны ночы. Атакаваныя былі таксама і паселішчы вобласці.
Пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы, прыватныя прадпрыемствы, транспартныя сродкі і іншыя аб’екты інфраструктуры, дадае выданне «Новости N».
img.novosti-n.org
Адна з першых выпушчаных ракет па Мікалаеве трапіла ў спісанае судна. Яно перавярнулася і затанула. Пашкоджанні атрымаў і сам прычал.
Судна ўжо даўно было выведзена з эксплуатацыі і стаяла ля прычала ў чаканні ўтылізацыі на металалом. Папярэдне вядома, што расіяне выпусцілі па ім ракету С-300.
img.novosti-n.org
«Сёння акупанты вырашылі «павіншаваць» Мікалаеў з Днём гораду. Рашысты ўдарылі ракетамі, аднак яны зноў змарнавалі сілы і грошы на «вельмі важны абʼект», – адрэагаваў на затапленне судна прэс-афіцэр абласной ваеннай адміністрацыі Дзмітрый Пляцянчук.
«Арыгінальна (не) расійскія акупанты павіншавалі з 233-годдзем горад карабелаў, затапіўшы старое спісанае судна сваёй ракетай. Сімвалісты хр*новы. Шалеюць ад сваёй немачы», – адзначыў ён.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».