27 ліпеня ў гісторыі. 200 гусараў супраць 30 000 маскавітаў. Суверэнітэт Беларусі. Заснаванне Скідзеля, геаграфічнага саюза.

Дзень нараджэння гамбургера. 

27 ліпеня 1900 года  амерыканскі гастраном Луі Лесінг прадаў першы гамбургер.

Ён атрымаўся выпадкова, калі скончыліся стэйкі. Лесінг пасмажыў катлету з рэшткаў мяса і паклаў яе паміж двума круглымі булачкамі, дадаў соус і лісцік салаты. Бутэрброд спадабаўся кліенту.

Гамбургеры атрымалі шырокую вядомасць у 1904 годзе на Сусветнай выставе ў Сэнт-Луісе. А пачалі распаўсюджвацца па свеце з 1948 года разам з заснаванай сеткай McDonald’s.

Гамбургер нароўні з джынсамі застаецца сімвалам амерыканскай культуры і самай дэмакратычнай ежай.

1320 год. Войска Вялікага княства Літоўскага перамагло ў бітве пад Меднікамі рыцараў Тэўтонскага ордэна.

Крыжакі страцілі ўсіх 40 братоў-рыцараў і іх дапаможны кантынгент. І гэта адбылося за 90 гадоў да Грунвальдскай бітвы, пасля якой ордэн перастаў існаваць.

1581 год. Да Магілёва падышлі маскоўскія акупанты і спалілі неўмацаваныя пасады. 200 гусараў абаранілі горад.

Гэта адбылося пад час Лівонскай вайны (1558-1583). Маскоўскае войска на чале з М. Катыровым-Растоўскім, А. Хварасцініным. і іншымі ваяводамі скарысталася перамір’ем паміж ваюючымі бакамі і раптоўна напала на ВКЛ, выбраўшы аб’ектам нападу Беларускае Падняпроўе.

Былі выпалены  пасады за Дубравенкай, Лупалава, Падміколле. Сярод рускіх быў «ваявода данскіх казакоў Ярмак Цімафеевіч – атаман казацкі…» – будучы заваёўнік Сібіры.

Рускія войскі аблажылі магілёўскі замак, але, нягледзячы на перавагу ў сіле, яны не змаглі захапіць горад.

Каля 200 гусараў разам з гараджанамі на працягу 7 гадзін абаранялі Магілёў ад 30-тысячнага маскоўскага-татарскага войска. Гусары абаранялі не на сценах, біліся ў чыстым полі. У вырашальны момант бою да Магілёва падышлі атрады ВКЛ на чале з Троцкім, Казаноўскім і Цемруком. Маскоўскім ваяводам падалося, што ім супрацьдзейнічаюць галоўныя сілы ВКЛ, і яны загадалі перапраўляцца праз Дняпро.

У момант пераправы ліцвіны нанеслі вялікія страты ворагу, шмат маскоўскіх салдат было забіта і паранена. Летапісец паведамляў: «Страшно было трупу московского гледети, реку Днепр силным трупом язовища загородили, иж колко недель днепровое рыбы не ядали и воды не пивали, для великого гнюсу…». Пераправіўшыся на левы бераг Дняпра, маскоўскія акупанты спалілі на сваім шляху ўсе вёскі.

1644 год. Паводле прывілея караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазы заснаваны горад Скідзель.

Сёння – горад у Гродзенскім раёне, 9,7 тысяч чалавек, на р. Скідзелька. Вядомы сваімі  цукровым камбінатам і племптушкарэпрадуктарам «Юбілейны».

1697 год. Памёр Дамінік Мікалай Радзівіл (1648/1653-1697).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

Удзельнічаў у бітве з туркамі пад Хоцінам (1673), у вайне 1683 года. Падскарбі надворны літоўскі, падканцлер літоўскі, вялікі канцлер літоўскі, маршалак Трыбунала Літоўскага, староста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі, ардынат клецкі.

Пасол на шматлікія соймы.

1909 год. У Магілёве нарадзіўся Ілля Сяргееў (1909-1991).

Герой Сацыялістычнай Працы.

У 1944-1965 гадах – старшыня прыгараднага Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга калгаса “Камінтэрн” (зараз – ААТ “Палыкавічы”)

Памёр 27 мая 1991 года.

У 2021 годзе на будынку канторы ААТ “Палыкавічы” у яго гонар адкрыта мемарыяльная ўыльда.

1910 год. Памёр Уладзіслаў Дыбоўскі (1838-1910).

Прыродазнавец, палеантолаг, фалькларыст.

Збіраў беларускі фальклор. У штогодніку «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета», «Беларускія загадкі з Мінскай губерні».

Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых мясцін Расійскай імперыі.

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў адседзеў у турме.

1922 год. У Бруселі заснаваны Міжнародны геаграфічны саюз.

Міжнароднае навуковае аб’яднанне географаў. Месца размяшчэння Сакратарыята – Дэлі, Індыя. Першы Міжнародны геаграфічны кангрэс прайшоў у 1871 годзе ў Антверпене.

Геаграфічны саюз аб’ядноўвае больш 88 краін.

7 сакавіка 2022 году прыпынена членства Рускага геаграфічнага таварыства з прычыны расійскай агрэсіі ва Украіну.

Беларускае геаграфічнае таварыства – член Міжнароднага геаграфічнага саюзу з 1991 году.

Першы тэрытарыяльны (абласны) аддзел Беларускага гаеаграфічнага таварыства – Магілёўскі, створаны ў 1959 годзе.

1923 год. Нарадзілася Таццяна Карпінская (1923-1943).

Магілёўская камсамолка-падпольшчыца.

У Вялікую Айчынную вайну член падпольнай групы К. Мэтэ. Кватэра Карпіпскіх па вуліцы Вялікая Грамадзянская была асноўнай яўкай падпольшчыкаў. Тут Таня і яе маці друкавалі ўначы па пішучай машынцы падпольную газету «За Родину» (пазней – «За Советскую Родину»), лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, захоўвалі боепрыпасы і медыкаменты для партызан, данясенні разведкі. У сакавіку 1943  нацысты арыштавалі Карпінскіх і пасля жорсткіх катаванняў расстралялі ў ліпені 1943 года.

Пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступепі. Яе імем названы завулак у Магілёве і карабель. На будынку СШ №1 (да рэвалюцыі – прыватная Марыінская жаночая гімназія) г. Магілёва, якую яна скончыла (1941), усталявана мемарыяльная дошка.

1941 год. Пачала выдавацца «Менская газэта».

Да 5 лютага 1942, потым да 28 чэрвеня 1944 як “Беларуская газета”. Выдавалася на беларускай мове. Самае буйное беларускае антысавецкае перыядычнае выданне ў перыяд Другой сусветнай вайны. Рэдактары: А. Сянькевіч, У. Казлоўскі, А. Дземчанка, М. Шкялёнак.

Інфармавала пра дзейнасць Беларускай народнай самапомачы, Беларускай краёвай абароны, Беларускай цэнтральнай рады, Саюза беларускай моладзі. Шмат увагі аддавала праблемам моўнай палітыкі, выкладання ў пачатковай школе, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, выхавання нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі культурнага жыцця на месцах.

Друкавала папулярныя нарысы па гісторыі і культуры Беларусі. На старонках газеты змешчаны ўспаміны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, матэрыялы пра сталінскія злачынствы – артыкулы пра Катынскі расстрэл, лагеры НКУС, успаміны Ф. Аляхновіча, сведчанні былых вязняў, творы Н. Арсенневай, Л. Геніюш, М. Зарэцкага, М. Багдановіча, М. Загорскага, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі.

Выйшла 272 нумары.

Сядзяць (злева направа): У. Казлоўскі, Н. Арсеннева, А. Сянкевіч. Стаяць (злева направа): У. Кушаль, А. Адамовіч, Караленка. Мінск, 1942

1955 год. Нарадзіўся Барыс Лазука.

Мастацтвазнавец, педагог. Кандыдат мастацтвазнаўства (1989).

Даследчык беларускага мастацтва XVII–XVIII стагоддзяў, барока.

Працаваў у Віцебскім педінстытуце, Міністэрстве культуры, прарэктарам і загадчыкам кафедры Беларускай акадэміі мастацтваў, загадчыкам аддзела старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ, дырэктарам Музею старажытнабеларускай культуры.

Даследчык беларускага мастацтва XVII-XVIII стагоддзяў, праблем барока. Аўтар вучэбнага дапаможкіка «Гісторыя мастацтваў».

1969 год. Памёр ураджэнец в. Байлюкі (зараз – Глускі раён) Яўхім Кіпель (1895-1969).

Педагог, дзеяч беларускай эміграцыі.

Член Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, сакратар аддзелу прыроды і народнай гаспадаркі Інстытуту беларускай культуры.

Двойчы арыштоўваўся савецкімі органамі ўнутраных спраў. Быў фігурантам сфальсіфікаванай крымінальна-палітычнай справы «Саюзу вызвалення Беларусі». Рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988.

Аўтар кнігі ўспамінаў пра савецкія лагеры «З іхняга раю».

Стваральнік Аб’яднання беларускіх вязняў савецкіх лагераў.

Член Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі. Публікаваўся ў беларускай эмігранцкай прэсе. Успаміны Яўхіма Кіпеля захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

1981 год. Нарадзіўся Арцём Арашонак.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Фіналіст літаратурнага конкурса імя Н. Арсенневай Беларускага ПЭН-цэнтра.

Аўтар кніг сэнр’ю, танка, кароткай прозы, прозы.

Друкаваўся ў «Нашай ніве», «Літаратуры і мастацтве», «Дзеяслове», «ARCHE», ўматлікіх альманахах, зборніках.

Адзін са 198 перакладчыкаў, што прымалі ўдзел у стварэнні фундаментальнай анталогіі беларускага перакладу «Галасы з-за небакраю».

Аўтар перакладаў на беларускую мову Г. Гесэ, Э. Фрыда, Э. Рэмарка, Г. Бёля, К. Нёстлінгер, І. Бадмерсгоф, Р. Лінке, Х. Крупы, Г. Айгі і іншых.

Яго творы перакладзены на англійскую, польскую і рускую мовы.

1984 год. Памёр Зіновій Бабій (1935-1984).

Украінскі і беларускі оперны спявак, акцёр. Народны артыст. Пры жыцці яго называлі «Беларускі Арфей» або «Наш Каруза».

Вучыўся ў Кіеўскай і Беларускай кансерваторыях, працаваў у ансамбле песні і танца Прыкарпацкай ваеннай акругі, оперных тэатрах Кіева, Львова, у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

Характару голасу і артыстычнай індывідуальнасці спевака ў найбольшай ступені адпавядалі партыі драматычнага плана.

Талент і майстэрскае валоданне голасам дазволілі артысту ствараць непаўторныя вобразы на сцэне, у тым ліку, у класічных операх – Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Каніо («Паяцы» Р. Леанкавала), у творах рускіх кампазітараў — Герман («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С. Танеева), у операх нацыянальнага рэпертуару – Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага).

Меў вялікі канцэртны рэпертуар, які ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў.

Гастраляваў у Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Францыі, Канадзе.

1990 год. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

Ініцыятыва належала Сойму Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне». За прыняцце Дэкларацыі прагаласавала 229 дэпутатаў.

25 жніўня 1991 году пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў Савецкім Саюзе Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце набыла статус канстытуцыйнага закона і захоўвала юрыдычную сілу да 15 сакавіка 1994 году.

Ад 1991 да 1996 году галоўнае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці, быў прымеркаваны да даты прыняцця «Дэкларацыі». 

У 1996 году з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, у выніку якога Дзень незалежнасці быў перанесены на 3 ліпеня.

1991 год. Адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць аб загінуўшых вязнях канцлагера на тэрыторыі магілёўскага завода «Строммашына».

Дошка адкрыта па адрасе вуліца Першамайская, 83 (дарэвалюцыйны дом генерала М.  Цынамзгварава, зараз – будынак тэлерадыёкампаніі).

У 1941 годзе на тэрыторыі завода імя Дзімітрава (пасля вайны – «Строммашына») СС быў створаны лагер прымусовай працы для абслугоўвання сваіх падраздзяленняў на акупаваных тэрыторыях.

У працоўны лагер накіроўвалі ўсялякага роду майстравых людзей, як з цывільнага насельніцтва, так і з ваеннапалонных.

2008 год. Памёр Валерый Міронаў (1927-2008).

Беларускі артыст балета, педагог. Народны артыст.

Вядучы саліст Дзяржаўнага тэатру оперы і балета Беларусі, выканаўца роляў у шматлікіх пастаноўках «Князь-возера», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня».

Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча. Служыў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, выкладаў у Беларускім харэаграфічным вучылішчы.

Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамантычнай накіраванасцю. Мастацтва Міронава вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутранага свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца.

У нацыянальных балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В. Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г. Вагнера).

Лідзія Ражанава і Валер Міронаў.

2018 год. Назіралася самае доўгае месяцавае зацьменне XXI стагоддзя.

Зацьменне было цалкам бачна ва Усходняй Афрыцы, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, у Антарктыдзе. У Паўднёвай Амерыцы, Заходняй Афрыцы і Еўропе зацьменне пачалося пры ўзыходзе Месяца, ва Усходняй Азіі і Аўстраліі — наадварот, пры захадзе.

Унікальныя астранамічныя назіранні ў сакавіку

У сакавіку можна будзе ўбачыць няўзброеным вокам адразу некалькі планет – дастаткова рэдкая з’ява – паведамляе навуковы дырэктар Маскоўскага планетарыя Фаіна Рублёва. Акрамя таго, чакаецца актыўнасць метэорнага патоку Лірыды.

Венера.

«Венера будзе вечарамі ззяць над заходнім гарызонтам. Яе можна будзе назіраць у яснае надвор’е, у тым ліку калі 24 сакавіка Месяц і Венера пройдуць побач адзін з адным. 

Таксама ўвечары і ноччу ў сузор’ях Цяльца і Блізнят дастаткова высока над гарызонтам будзе бачны Марс, але ён у параўнанні з Венерай не такі яркі. Не кожны месяц можна бачыць адразу некалькі планет.

Юпітэр.

Па вечарах на заходнім гарызонце можна будзе назіраць Юпітэр, аднак ён будзе бачны непрацяглы час. 

Уран і Няптун.

Уран і Няптун таксама будуць знаходзіцца над гарызонтам, але іх без тэлескопа разглядзець нельга.

Дзень раўнадзенства.

Дзень вясновага раўнадзенства наступіць 21 сакавіка, калі Сонца перасячэ лінію нябеснага экватара і пяройдзе з Паўднёвага паўшар’я ў Паўночнае. 

У гэты момант у паўднёвай паўкулі (паўшар’і) пачнецца восень, у паўночнай, гэта значыцца і на тэрыторыі Беларусі, настене астранамічная вясна.

Назіранне сузор’еў.

Зараз можна без праблем назіраць сузор’і Вялікай і Малай Мядзведзіцы. Зімовае сузор’е Арыёну з яркімі зоркамі і зорку Сірыўс з сузор’я Вялікага Сабакі зараз яшчэ можна назіраць, але яны паступова будуць хавацца за гарызонтам. 

Сярод незаходзячых будуць добра бачныя сузор’і Касіяпеі, Цэфея і Персея на паўночным захадзе.

Фота мае ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц.

Раніцай 8 снежня Месяц закрые сабой Марс

Раніцай 8 снежня на Марс упадзе месяцовы цень, перадае The Guardian. 

У ноч з 7 на 8 снежня Месяц пачне набліжацца да Марса на начным небе. 

У чацвер уранні Марс будзе максімальна набліжаны да Зямлі і будзе адбіваць максімальна магчымую колькасць святла, што дазволіць назіраць за ім няўзброеным вокам пры спрыяльных умовах надвор’я.

Зацьменне ўвогуле працягнецца прыкладна з гадзіну. У розных еўрапейскіх гарадах яно будзе бачна ў розны час. Так, напрыклад, у Лондане яно пачнецца па Грынвічу ў 4:30 раніцы, па Мінску ў 7:30  і прыкладна ў 4:58 па Грынвічу, 7:58 раніцы па Мінскаму часу чырвоная планета поўнасцю знікне.

Лепш бачна зацьменне будзе бачна ў Вялікабрытаніі, Паўночнай Еўропе, Грэнландыі, Паўночнай Амерыцы і на поўначы Афрыкі.

Астрафатограф з ЗША засняў усе фазы зацьмення Месяца

Для гэтага яму спатрэбілася скампанаваць разам 150 тысяч фатаграфій, піша Universe Today.

На дэманстрацыі сапраўды можна ўбачыць, як Месяц рухаўся скрозь цень Зямлі падчас зацьмення. На фотаздымках выразна бачныя памер і форма ценю Зямлі. Гэтыя падзеі абсалютна чароўныя і зусім сюррэалістычныя.

Астрафатограф-аматар Эндру Макарці ўжо не першы раз здзіўляе сваю аўдыторыю неверагоднымі здымкамі нябесных цел. 

Зараз Макарці стварыў неверагодны складовы малюнак, які паказвае Месяц на розных стадыях начнога зацьмення. На кадрах выразна відаць, як Месяц рухаўся скрозь цень Зямлі падчас зацьмення. 

– У цэлым я зрабіў каля 150 тысяч малюнкаў. – сказаў Макарці – Месяц быў «сабраны» разам, каб паказаць усе яго дэталі і асаблівасці.

8 лістапада адбудзецца самае доўгае і вельмі рэдкае месячнае зацьменне

8 лістапада бягучага года адбудзецца поўнае зацьменне Месяца з максімальнай фазай у 13:59 і працягласцю амаль 6 гадзін, паведамляюць сібірскія астраномы.

Яно пачнецца ў 11.01 і скончыцца ў 16.56 па мінскім часе, а гэта 5 гадзін 54 хвіліны 40,6 секунд. Поўная фаза зацьмення працягнецца больш за гадзіну – 85,5 хвілін.

Рэдкасць маючай адбыцца з’явы ў тым, што можна будзе ўбачыць пакрыццё планеты Уран, якая будзе зацемненая Месяцам.

Спадарожнік пройдзе праз паўночную частку зямнога ценю, афарбаваўшыся ў чырванавата-бурае адценне.

25 кастрычніка жыхары Беларусі, некаторых іншых краін назіралі частковае сонечнае зацьменне, пра што паведамлялі Магілёў.media.