Трава, дрэвы і сабакі – вось як выглядае тэрыторыя былога дарожнага прадпрыемства ў Крычаве

Тэрыторыя былога транспартнага прадпрыемства амаль у цэнтры Крычава цяпер закінутая і асабліва нікому непатрэбная – парасла травой і дрэвамі, дзе бегаюць дзікія сабакі. 

Гледзячы на некалі адміністрацыйны будынак і тэрыторыю СПМК-113 трапляеш у паралельную рэчаіснасць нібы гэта не цэнтр Крычава, а закінутае прапрыемства ў нейкім далёкім пасёлку ці мястэчку.  

Гісторыі будаўнічай арганізацыі СПМК-113 вельмі сумная. Дарожнае прадпрыемства СПМК-113 – арганізацыя, якая была некалі ў абласным падпарадкаванні (пра гэта сведчыць нават шыльда на ўваходзе ў адміністрацыйны будынак). На сёння яна фактычна ўжо перастала існаваць хоць, магчыма, на паперы недзе і лічыцца. Адміністрацыйны будынак СПМК-113 занядбаны, як і прылеглая тэрыторыя. 

Такое ўражанне, што тут не было жыцця год 20 як мінімум, а то і больш.

Адзначым, што яшчэ напачатку 2010-х арганізацыя крыху працавала, аднак ужо пакрысе развальвалася. Банкрутам крычаўскае СПМК-113 прызналі ў 2013 годзе, а гэта значыць роўна 10 год таму назад. На сёння тут працуе толькі адзін вартаўнік, а гаспадарчы падворак выкарыстоўваецца для стаянкі некалькіх грузавых машын. Фактычна пасля развалу будаўнічай арганізацыі, адміністрацыйны будынак і прылеглая тэрыторыя перасталі выкарыстоўвацца, а з цягам часу ператварыліся ў занядбанае месца, дзе бегаюць сабакі і іншыя жывёлы, а ганак будынка зарастае дрэвамі і высокай травой.

Фото mogilev media

Вось як выглядаюць аградомікі пад Крычавам, пабудаваныя па праграме адраджэння сяла

Такія ўбогія домікі можна пабачыць у вёсцы Сакольнічы, што знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Крычава. Некалькі домікаў ў вёсцы cтаяць нежылыя, з закалочанымі вокнамі. Натуральна, што калі іх пабудавалі ў часы так званай праграмы “адраджэння сяла” людзі спрабавалі ў іх жыць, але пабудовы аказаліся проста непрыдатны для жыцця, пагэтаму цяпер яны стаяць закінутыя. 

Адзін з дамоў выглядае зусім жахліва: яго ганак рассыпаецца на вачах, тынкоўка абсыпаецца таксама, а па сценах пабудовы пайшлі вялікія шчыліны. Гэта значыць, што пройдзе яшчэ пяць-сем год і такі дом проста разваліцца. Для справядлівасці адзначым прысутнасць у Сакольнічах і нармальных аградомікаў, у якіх жывуць вяскоўцы, але такіх не больш за палову.   

Фота: mogilev media

Што зараз з будынкам былой крычаўскай плябаніі – выбітыя вокны, дзверы

Сённяшні двухпавярховы будынак, што знаходзіцца каля раённага ваенкамату ў Крычаве, колісь быў аднапавярховай плябаніяй.

Пасля разбурэння каталіцкага храма Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў 1930-х гадах бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудавалі. 

Пасля перабудовы былая плябанія стала двухпавярховым будынкам, у якім у пасляваенныя часы знаходзіўся мясцовы паштамт. У ім з тыльнага боку размяшчалася прыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што ацяпляла памяшканні будынка для працаўнікоў пошты.

Будынак плябаніі-пошты стаяў закінуты з 1990-х, бо пасля знікнення СССР паштамт

хутка знік тут. У пачатку 2010-х гг. будынак былой плябаніі быў выкуплены мясцовым

прадпрымальнікам, у ім пачаліся будаўнічыя работы: пафарбаваныя сцены, пастаўленыя шклопакеты, аднак далей справа не пайшла. Пэўны час часткова адрамантаваны будынак выкарыстоўваўся нават як інтэрнат для часовых рабочых, што працавалі на будоўлі новага цэментавага завода каля Крычава. 

У 2021 годзе у двухпавярховым будынку  быў адчынены адукацыйны цэнтр “Sunshine”, дзе рыхтавалі выпускнікоў школ да цэнтралізаванага тэсціравання і міжнародным іспытам. Аднак літаральна праз поўгады цэнтр перастаў працаваць, а будынак плябаніі зноў застаўся пустым. 

Значна горш на сённяшні дзень выглядае прыбудова з белай цэглы, у якой некалі знаходзілася кацельная паштамта: вокны выбіты, дзвярэй няма. Тэрыторыя былой кацельнай ужо шмат год закінутая. І гэта нягледзячы на тое, што будынак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада.