У Крычаве з’явіўся цэлы перасоўны забаўляльны комплекс у мясцовым парку Перамогі, які знаходзіцца ў цэнтры горада. Гэты комплекс быў прывезены з Расіі і ўключае ў сябе выставу васкавых фігур, розныя дзіцячыя каруселі: машынкі, якімі можна кіраваць, слонікі, на якіх можна пакатацца.
Асабліва прыцягвае ўвагу выстава васкавых фігур пад назвай «Империя». Прычым на знешнім баку адной сцяны выставачнай пляцоўкі можна ўбачыць фота тых палітыкаў і гістарычных асобаў, фігуры з воску якіх прадстаўлены: Пётр І, Кацярына ІІ, Ленін, Сталін, Гарбачоў, Пуцін. Больш за тое, забаўляльны комплекс мае і музычнае суправаджэнне ў выглядзе рускай і савецкай папулярнай музыкі. Штовечар песні рускай эстрады чутны на прасторах цэнтральнага парку Крычава.
Адзначым, што вялікага ажыятажу сярод мясцовых жыхароў забаўляльны комплекс не выклікае, нават у выхадныя дні. Тым не менш знаходзіцца ў крычаўскім парку ён будзе да 15 лістапада.