Цеплавы след дапамог знайсці рыбака-пенсіянера, што заблукаў пад Чавусамі

Драматычную гісторыю пошукаў 77-гадовага рыбака на беразе Расты расказала прэс-служба МНС. Мужчына адправіўся на рыбалку, а вярнуць яго змаглі толькі некалькі машын, квадракоптар і цеплавы след ад кастра.

Звычайна, гісторыі пра пошукі людзей, што заблукалі ў лесе, адносяцца да грыбнікоў і збіральнікаў ягад – чалавеку лёгка згубіць арыентацыю ў аднастайных густых зарасніках. Аднак, вечарам 7 траўня дарогу дадому не змог знайсці пенсіянер-рыбак, які паехаў вудзіць на раку Раста ў Чавускім раёне. Што дзіўна – здавалася б, проста ідзі здоўж берагавой лініі і выйдзеш да людзей.

Пенсіянер 1948 года нараджэння аказаўся, аднак, у цяжкай сітуацыі. Мужчына прыехаў да ракі ў раёне вёскі Капані на сваёй аўтамашыне, але, парыбачыўшы, некалькі гадзін не мог знайсці шлях назад да машыны. Некалькі аўтамабіляў ратавальнікаў адправіліся яму на дапамогу, але так і не выйшлі на след пенсіянера – перашкаджала цяжкая прахадзімасць мясцовасці, а таксама тое, што мужчына меў праблемы са слыхам.

Ратавальнікі паднялі ў паветра квадракоптэр і ў нейкі момант пенсіянер сказаў ім па тэлефоне, што бачыць агні беспілотніка. У гэты самы момант у яго, аднак, сеў акумулятар тэлефона. Пошукі працягваліся да змяркання, а знайсці рыбака дапамог цеплавы след ад кастра, які мужчына развёў, каб не замёрзнуць ва ўмовах анамальных майскіх замаразкаў.

Фота: МНС і не толькі