Вулкан Этна ладзіць сараўднае шоў, выпускаючы кольцы дыму, як курыльшчык

З пачатку красавіка самы буйны дзеючы вулкан Еўропы забаўляе турыстаў, выпускаючы ў паветра “кольцы дыму”. Рэдкая з’ява, вядомая як “вулканічныя віхравыя кольцы”, утвараецца ў выніку хуткага выкіду газу і дзякуючы форме адтуліны новага кратэра, які нядаўна адкрыўся на вяршыні Этны – паведамляе Associated Press.

Фотаздымкі і відэа паказваюць, што вулкан выглядае як комін, які выдзімае паток кольцаў, альбо як курыльшчык. “Этна б’е ўсе папярэднія рэкорды” – растлумачыў вулканолаг з Нацыянальнага інстытута геафізікі і вулканалогіі ў Катаніі Барыс Бенке – “ні адзін вулкан на Зямлі не стварае столькі паравых кольцаў, як Этна.” 

Фота з адкрытых крыніц

 

Вулканічным попелам у Інданэзіі накрыла некалькі вёсак, загінулі 11 чалавек

Вывяржэнне вулкана Марапі на востраве Суматра ў Інданэзіі застала знянацку 75 альпіністаў. Таксама некалькі вёсак былі накрытыя вулканічным попелам.

Маштабнае вывяржэнне вулкана Марапі на Суматры адбылося днём 3 снежня паведамляе Reuters. Паводле звестак СМІ, пры гэтым адбываліся выкіды вулканічнага попелу на вышыню тры кіламетры. Калі пачалося стыхійнае бедства, паводле звестак выратавальных службаў, у раёне вулкана знаходзіліся 75 альпіністаў. 49 з іх удалося аператыўна эвакуіраваць. Некаторым з выратаваных спатрэбілася медыцынская дапамога з-за апёкаў. 11 чалавек загінулі, яшчэ 12 лічацца зніклымі без вестак.

Фота: Global Look Press/Priyo Utomo/XinHua

8 чэрвеня ў гісторыі. Ушанаванне Мухамада. Утварэнне Магілёўскай губерні. Вывяржэнне Лакі. Адкрыта суднаходства па Дняпры.

Cусветны дзень акіянаў (World Oceans Day, з 1992). 

Сусветным акіянам пакрыта ¾ паверхні Зямлі. Таму дакладней нашу планету называць Акіян, а не Зямля. Большасць вучоных падзяляюць сусветны акіян на 5 частак: Ціхі (самы вялікі, больш за ўсё сухазем’е, 180 млн. кв. км), Атлантычны, Індыйскі, Паўночны Ледавіты, Паўднёвы Ледавіты. Але, напрыклад у ЗША, падзел іншы: Паўночны і Паўднёвы Ціхія, Паўднёвы і Паўночны Атлантычныя, Індыйскі, Паўночны і Паўднёвы Ледавітыя. 

У школах Беларусі вучаць, што акіянаў чатыры: Ціхі, Атлантычны, Індыйскі, Паўночны Ледавіты. Усе воды Беларусі належаць да басейна Атлантычнага акіяна.

632 год. У Медыне памёр Мухамад (Магамет, 571-632).

Прарок, заснавальнік Ісламу, арабскі рэлігійны і палітычны дзеяч. 

Перад смерцю даў волю рабам, раздаў грошы і зброю бедным. Быў пахаваны ў доме сваёй любімай жонкі Аішы. Дом увайшоў у храмавы комплекс першай мячэці Масджыд ан-Набі, які стаў  другой пасля Каабы ў Меке мусульманскай святыняй. У Медыне прарок надыктаваў значную частку Карана. 

На Беларусі мусульмане жывуць больш за 600 гадоў. Першымі прадстаўнікамі ісламу сталі татары ў XIV-XVI стагоддзях. На сёння мусульман у краіне больш за 30 000 чалавек.

Саборная мячэць у Мінску.

1772 год. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай утворана Магілёўская губерня.

У яе склад увайшлі Магілёўская, Мсціслаўская, Аршанская, Рагачоўская правінцыі.

У 1777 годзе  губерня была падзеленая на 12 паветаў. У 1778-1802 гадах замест губерні існавала Магілёўскае намесніцтва, якое ў 1796 годзе ўвашло у склад Беларускай губерні. 

Адноўлена губерня ў 1802 годзе. 11 ліпеня 1919 года губерня была скасаваная, 9 яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губерню, Мсціслаўскі павет перададзены Смаленскай, Сенненскі – Віцебскай губерням. 

У 1897 годзе тэрыторыя губерні складала 42 134 квадратныя вярсты, насельніцтва – 1 708 тысяч чалавек.

1783 год. Вулкан Лакі ў Ісландыі пачаў сваё васьмімесячнае вывяржэнне.

Даўжыня лававага струменя, які выліўся з 25-кіламетровай расколіны, перавышала 130 км, а пляц, заліты ім, склаў 565 км². 

У паветра падняліся клубы атрутных злучэнняў фтору і дыяксіду серы, якія загубілі больш за 50% пагалоўя жывёлы ў Ісландыі (загінула прыкладна 11 000 галоў буйной рагатай жывёлы, 200 000 авечак, 30 000 коней, а таксама амаль усе птушкі і мноства рыб). 

Вулканічны попел засыпаў часткова ці цалкам пашы на большай частцы тэрыторыі вострава. Пачаўся голад. Загінула каля 10 000 тысяч чалавек (20% насельніцтва Ісландыі). Дадзенае вывяржэнне лічыцца адным з самых пагібельных за апошняе тысячагоддзе і самым буйным лававым вывяржэннем за гістарычны час. Перыяд, які рушыў за вывяржэннем, вядомы як “бедства ў смузе”. Вывергнуты вулканам тонкі попел хутка дабраўся да Еўропы, а 1 ліпеня 1783 года яго заўважылі нават у Кітаі. На працягу наступных 2-3 гадоў тэмпература паветра ў Паўночным паўшар’і знізілася на 1,3 ºC, што прывяло да неўраджаю і голаду ў многіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку Вялікім княстве Літоўскім.

Кратары Лакі.

1922 год. Нарадзіўся Уладзімір Белы (1922-1994).

Беларускі вучоны ў галіне матэрыялазнаўства, акадэмік АН БССР, доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны вынаходнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР.

Быў рэктарам Гомельскага і Беларускага дзяржаўных ўніверсітэтаў. Аўтар 350 вынаходак, атрымаў 20 патэнтаў ЗША, Англіі, ФРГ, Японіі, Італіі, Францыі, Швецыі і іншых краін.

Імя вучонага прысвоена Інстытуту механікі металапалімерных сістэм і скверу перад інстытутам у Гомелі.

1947 год. Упершыню адкрылася суднаходства па ўсяму Дняпру ад Смаленска да Чорнага мора.

Працягласць суднаходства 2201 км, у тым ліку па тэрыторыі Беларусі 595 км. 

У 1951-1990-х гадах па Дняпры ажыццяўляліся перавозкі не толькі будаўнічых, лясных матэрыялаў, збожжа, але і крыварожскай жалезнай руды да Брэста (па прытоку – Прыпяці), а потым у ГДР і сілезскага вугаля з Польшчы ў адваротным накірунку. Зараз, у сувязі з абмяленнем рэчышча, з эканамічнымі праблемамі на тэрыторыі краіны, суднаходства ажыццяўляецца толькі ў раёне Магілева, на мяжы з Украінай, у асноўным па Дняпроўска-Бугскаму і Мікашэвіцкаму каналах і прытоку Дняпра – Прыпяці, у нізоўях Сожа – прытока Дняпра. Грузазварот рачнога транспарту складае менш за 0,1%.

1947 год. Заснаваны магілёўскі ўнівермаг.

Першапачаткова размяшчаўся на першым паверсе будынка былога гатэля «Дняпро» – на рагу вуліцы Першамайская і Кааператыўнага завулка. Магілёўцы, якія жылі ў тыя часы, з задавальненнем наведвалі тры секцыі – абутковую, галантарэйна-парфумерную і тэкстыльную. У 1960 годзе ЦУМ атрымаў прапіску ў новым будынку па вуліцы Першамайская, 61, а яшчэ праз 20 гадоў ён пашырыўся за кошт прыбудаванага новага будынка з боку аптэкі №1.

У 1947-1990-х гадах універмаг па праве лічыўся «ўзорным інстытутам савецкага культурнага гандлю». Любы прыезджы госць імкнуўся пабываць тут, прагуляцца па аддзелах, нібы па музеі, бо ЦУМ да таго ж быў сапраўдным адлюстраваннем беларускай прамысловасці і прызнаным увасабленнем апошніх павеваў моды.

1956 год. Памёр Язэп Фарботка (1893-1956).

Беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык, акцёр, удзельнік грамадска-палітычнага руху Беларусі і Украіны пачатку ХХ стагоддзя.

У 1918 годзе быў кансультантам і кіраўніком справамі беларускай дэлегацыі на перамовах з Украінскай Народнай Рэспублікай, дзе абмяркоўваліся вайскова-палітычныя пытанні і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны. З яго удзелам у Кіеве была створаная сумесная гандлёвая палата, Беларуска-Украінскае Таварыства Збліжэння. З’яўляўся супрацоўнікам літаратурна-асветніцкага аддзела Наркамасветы Літоўска-Беларускай ССР, адміністратарам Беларускага тэатра ў Мінску выкладаў заалогію ў Віленскім універсітэце кандыдат навук. У 1922 г. пра Фарботку згадвае Я. Карскі ў трэцім томе «Беларусаў».

1967 год. У  Мікалаеўшчыне адкрыты філіял мінскага музея Якуба Коласа.

Акрамя гэтага, філіялы знаходзяцца ў Стаўбцоўскім раёне: у Акінчыцах, Смольні, Альбуці. Сядзіба Акінчыцы, дзе з’явіўся на свет Якуб Колас, цяпер уваходзіць у рысу горада Стоўбцы. 

За 5 км ад Стоўбцаў знаходзіцца сядзіба Альбуць, дзе будучы пісьменнік жыў з сям’ёй ад 1890 года і якую ён апісаў у паэме «Новая зямля» пад назвай «Парэчча». За некалькі кіламетраў, у Смольні, жылі маці, дзядзька, браты і сёстры літаратара. Менавіта тут у 1912 годзе ўпершыню сустрэліся Якуб Колас і Янка Купала. Хутар Ласток, дзе захаваўся аўтэнтычны дом, у якім з 3 да 8 гадоў жыў Якуб Колас, аддзяляе ад Смольні каля 8 км. Тут захаваліся дом, хлеў, гумно – усе яны стаяць з тых часоў, калі тут жыла сям’я Міцкевічаў. Адзін з пакояў дома аддадзены пад музейныя экспанаты. 

У 1990 годзе ў в. Пінкавічы Пінскага раёна запрацаваў яшчэ адзін музей Якуба Коласа. На жаль, Магілёўшчына не мае ніводнага помніка Якубу Коласу.

1968 год. Пайшоў з жыцця Міхал Самбікін (1878-1968).

Этнічны беларус, фізіка-географ, буйны беларускі, рускі і ўкраінскі метэаролаг, прафесар, член геаграфічнага таварыства, член–карэспандэнт Геафізічнай Абсерваторыі Пецярбургскай Акадэміі навук, удзельнік экспедыцый па барацьбе з засухамі, замаразкамі.

Загадчык кафедры метэаралогіі Беларускага сельскагаспадарчага інстытута (Горкі), прафесар кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута. 

8 ліпеня 1941 года, калі немцы захапілі чыгуначную станцыю Пагодзіна (Горкі), 63-х гадовы прафесар з некалькімі супрацоўнікамі БГСГА пешшу пагнаў статак з 130 галавамі элітнага быдла на ўсход. Пад час месячнага 1 100 км пераходу, пад пастаяннымі авіяналётамі ворага, загінулі толькі 4 коровы).

1985 год. Прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Магілёва” Аляксандру Разумаву (1909-2003).

Герой Савецкага Саюза, палкоўнік, які праявіў гераізм пры вызваленні г. Чавусы, пры фарсіраванні рэк Бася, Раста, Дняпро, а полк пад яго камандаваннем 28 чэрвеня 1944 года адным з першых уварваўся ў Магілёў і знішчыў у вулічных баях больш за 1 000  гітлераўцаў, узяў у палон 440 салдат і афіцэраў, уключна 2 генералаў.

Аляксандр Кірылавіч Разумаў – Вікіпедыя

2022 год. Памёр Серж Мінскевіч (Мыцько, 1969-2022).

Беларускі паэт і перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў літкансультантам газеты «Пераходны ўзрост», у акадэмічных Інстытуце гісторыі (удзельнік археалагічных экспедыцый), Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.

Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху “Бум-Бам-Літ”.

Аўтар вершаў, перакладаў, прозы, сатыры, якія друкаваліся ў «Крыніцы»,  «Чырвоная змена»,  «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць», «Зрок», «Маладосць», «Першацвет», у літаратурных альманахах, зборніках

Займаўся бардаўскай песняй, рок-музыкай. Быў музыкам, спеваком, аўтарам песень у рок-гурце «Жах». Пісаў электронную музыку. На радыё ставіліся ягоныя радыёпастаноўкі фантастычных і гумарыстычных апавяданняў. Узнагарджаны прызам «За развіццё беларускай аўтарскай песні» на фестывалі «Бардаўская восень» (Бельск Падляскі, 1996).

Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы «Gaude Polonia».

Перакладаў з польскай А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Я. Івашкевіча, С. Мрожака, С. Лема і іншых, з англійскай.

Страшэнныя катаклізмы – зачаравальныя фотаздымкі

На Зямлі ў канцы сакавіка працягвалася чарада прыродных катклізмаў. 

Апоўзень у Эквадоры.

2 красавіка выратавальнікі дасталі з-пад завалаў целы яшчэ чатырох чалавек  пасля апоўзня, які адбыўся 28 сакавіка ў Алаўсі – цэнтральнай частцы Эквадора. Агульная колькасць загінуўшых дасягнула 27 чалавек, 37 атрымалі раненні, з-пад завалаў дасталі 32 чалавекі.

У выніку апоўзня былі знішчаны не менш як 57 жылых дамоў, яшчэ 163 атрымалі пашкоджанні. Без вестак прапаўшымі лічацца 72 чалавекі, 

Далейшыя пошукі абцяжарваюць ападкі і небяспека новых апоўзняў. 

Аб’ём грунту, які сышоў, ацэньваюць у 2 мільёны кубічных метраў, некаторыя дамы пахаваны на глыбіні больш за 40 м пад зямлёй (заставачнае фота).

Таіланд.

Працягваюцца лясныя пажары ў Таіландзе. Гарыць лес у нацыянальным парку Кхао Лаем. Турысты эвакуяваны ў небяспечныя месцы.

Бура ў Кітаі.

У канцы сакавіка кітайскую паўночна-усходнюю правінцыю Гірын накрыла пясчаная бура. 

Набярэжная ракі Сунгары пад час пясчанай буры.

Вывяржэнне Мерапі.

Амаль месяц працягваецца вывяржэнне вулкана Мерапі – самага актыўнага ў Інданэзіі.

Пад час апошняга вывяржэння ў  2010 годзе было эвакуіравана 350 000 жыхароў, загінула 353 чалавекі.

Фота з адкрытых крыніц.

На Венеры выяўлены вулкан, які дзейнічае

Пры параўнанні архіўных здымкаў паверхні Венеры, зробленых місіяй NASA “Магелан” у пачатку і ў канцы 1991 года, навукоўцы выявілі змяненне памераў і формы жэрала найбуйнейшага венерыянскага вулкана Маат, а таксама з’яўленне на яго схіле новага лававага патоку.

Па меркаванні аўтараў артыкула, апублікаванага ў свежым выпуску часопіса Science, гэта першы неабвержны доказ таго, што нетры Венеры захоўваюць актыўнасць, а на яе паверхні дагэтуль працягваюцца вулканічныя вывяржэнні. 

Раней лічылася, што геалагічная актыўнасць на другой планеце Сонечнай сістэмы спынілася 800 мільёнаў гадоў таму.

Гара Маат – гэта шчытавы вулкан дыяметрам у сотні кіламетраў з вельмі спадзістымі (у сярэднім 1,25 °) схіламі, пакрытымі патокамі застылай лавы працягласцю да 400 км (на загалоўным фотаздымку маштаб па гарызанталі ў 22,5 разоў меншы, чым па вертыкалі). На вяршыні гары знаходзіцца кальдэра памерам 28×31 км, усярэдзіне якой адзначаныя па меншай меры пяць кратараў дыяметрам 5-10 км.

Цэлы шэраг прыкмет паказвае на тое, што вулкан Маат утварыўся зусім нядаўна. Па-першае, на яго схілах адсутнічаюць сляды ўдарных кратараў. Па-другое – выключна вялікая вышыня, якая можа сведчыць аб наяўнасці пад ім мантыйнага плюма, які яе падтрымлівае. Па-трэцяе – незвычайная адсутнасць венерыянскага “снегу” – ападкавай субстанцыі невядомай прыроды з высокім альбеда ў радыёдыяпазоне, якой пакрыты многія горныя вяршыні на Венеры.

Параўнаўшы выявы гары Маат, зробленыя ў лютым і кастрычніку 1991 года, даследчыкі заўважылі змены формы і памеру аднаго з жарал на паўночным боку вулкана. Круглявая адтуліна плошчай 2,2 кв. км вырасла прыкладна ўдвая і набыла няправільную форму, вышыня сцен жарала паменшылася, а само яно запоўнілася лавай амаль да бакоў, ператварыўшыся ў лававое возера. На Зямлі змены такога маштабу звычайна звчзаны з вулканічнай актыўнасцю, няхай гэта будзе выліванне лавы на паверхню ці рух магмы пад жаралом, якое выклікае абвальванне яго сцен і пашырэнне адтуліны.

Правёўшы камп’ютарнае мадэляванне, пры якім разглядаліся розныя геалагічныя падзеі, такія як апоўзні ці землятрусы, навукоўцы прыйшлі да высновы, што падобныя змены маглі быць выкліканыя толькі вывяржэннем. Акрамя таго, на паўночным схіле гары Маат на больш познім здымку бачны новы лававы паток, супастаўны па памерах з тым, які разліўся пры вывяржэнні шчытавога вулкана Кілауэа на востраве Гаваі ў 2018 годзе на Зямлі.

Фота: Часопіс Science

Дзень у гісторыі. 21 сакавіка. Дзень раўнадзенства. Вывяржэнне Эяф’ядлаёкюдль. Нарадзіліся класік літаратуры Ф. Багушэвіч, мітрапаліт Філарэт, фізік А. Патупа. Памёр паэт-песеннік А. Русак.

Сусветны дзень паэзіі (World Poetry Day, з 1999 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

Паэзія аб’ядноўвае краіны, народы, культуры і дапамагае людзям зразумець адзін аднаго. На працягу стагоддзяў думкі і пачуцці, надзеленыя ў паэтычную форму, пранікаюць у сэрцы людзей, нагадваючы, што мы ўсе адна вялікая сям’я і што мы, такія розныя, насамрэч вельмі падобныя.

Асноўная мэта Дня паэзіі заключаецца ў падтрымцы моўнай разнастайнасці сродкамі паэтычнага самавыяўлення. Гэты дзень закліканы садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, выкладанню паэзіі, аднаўленню дыялогу паміж паэзіяй і іншымі відамі мастацтва, даць магчымасць маладым талентам заявіць аб сабе.

У гэты дзень таленавітым аўтарам прысуджаюць узнагароды, уручаюць прэміі. Праводзяцца літаратурныя чытанні. Праводзяцца прэзентацыі кніг, паэтычныя вечары.

У навучальных установах ладзяцца тэматычныя вечары. Навучэнцы выступаюць з дакладамі аб жыцці літаратурных дзеячаў, чытаюць на памяць рыфмаваныя радкі.

Міжнародны дзень лялечніка (International Puppetry Day, з 2003 года).

Лялечны тэатр любяць гледачы ўсіх узростаў. Мова лялек універсальная, яе разумеюць без слоў жыхары ўсіх кантынентаў і краін. Лялькі выступаюць сёння не толькі на сцэне, але і на экранах. Мастацтва артыстаў лялечнікаў, нажаль, амаль заўсёды ананімна.

Ініцыятарам прафесійнага свята выступіў вядомы іранскі тэатральны дзеяч Джывад Золфагарыха. У 2000 годзе на XVIII Кангрэсе Міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек у Магдэбургу ён вынес дадзеную прапанову на абмеркаванне. Дзень зацверджаны ў 2003 годзе.

Дзень лялечніка – выдатная нагода для правядзення лялечных фестываляў, на якія з’язджаюцца лепшыя артысты жанру з усёй планеты, каб паказаць калегам і гледачам новыя творчыя знаходкі. І натуральна, прыхільнікі лялечнага тэатра заўсёды 21 сакавіка прыходзяць павіншаваць акцёраў.

У Беларусі працуюць лялечныя тэатры ў Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Гродна, Магілёве, Докшыцкая батлейка Патупчыка, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка».

Дзень Зямлі (Earth Day)

Назва, якая выкарыстоўваецца ў дачыненні да розных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўвесну і закліканы заахвоціць людзей быць больш уважлівымі да далікатнага навакольнага асяроддзя на планеце Зямля. Сімвалам дня з’яўляецца зялёная грэчаская літара Θ на белым фоне.

Дні Зямлі праводзяцца ў сакавіку, на дзень вясновага раўнадзенства і 22 красавіка.

Дзень Сусветнага раўнадзенства ў 2023 годзе прыпаў на 21 сакавіка. Раўнадзенства па Мінску фіксуецца а 05:24:21. Натуральны год для планеты доўжыцца не 365 сутак, а 365,24, таму дата заўсёды крыху зрушваецца і надыходзіць крыху раней ці пазней.

1562 год. Гомель атрымаў Магдэбургскае права і  герб “у чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж”.

Горад бярэ пачатак ад 1142 года як цэнтр радзімічаў. Уваходзіў у ВКЛ (1335–1772), меў замак, быў цэнтрам староства. Пад час знаходжання ў Расійскай імперыі – павятовы цэнтр Магілёўскай губерні. 

У 1919–1926 гадах быў у складзе РСФСР. Цэнтр вобласці ад 1938 года. 

Моцна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 

Зараз – другі ў краіне па насельніцтву (504 тысячы чалавек), адзін з самых зяленых, буйны культурны, прамысловы цэнтр. Працуюць знакамітыя сваёй прадукцыяй заводы і фабрыкі “Гомсельмаш”, ліцейны,  хімічны, шпалерны, «Камінтэрн», кандытарская «Спартак». Дзейнічаюць цырк, 3 тэатры, 7 вну, палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў.

1840 год. Нарадзіўся Францішак Багушэвіч.

Беларускі грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.

Яго літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць стала падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя.

Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Скончыў Віленскай гімназію. Выключаны з Пецярбургскага ўніверсітэта за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах.

Служыў Чарнігаве, на  Сумшчыне, у Валагодскай губерні, Вільні ў судовых палатах.

Пасля звальнення са службы ў 1898 годзе жыў у Кушлянах (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр.

Аўтар вершаў, апавяданняў, баек  на польскай, беларускай мове, публіцыстычных артыкулаў, зборнікаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі», «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка».

У яго творчасці таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, моцныя матывы нацыянальнага адраджэння.

Творчасць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу развіцця беларускай мовы.

Пры жыцці яго творы ў Расійская імперыі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.

У БССР былі ўпершыню выдадзены ў 1922 годзе («Дудка беларуская»). Аднак у 1930-я гады ў БССР творчасць Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 года яго кнігі не друкаваліся. 

3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР выдаў загад № 33, згодна з якім усе выданні твораў Францішка Багушэвіча павінны былі спальвацца.

Памёр 15 красавіка 1900 года.

1935 год. Нарадзіўся  Філарэт (Кірыл Вахрамееў).

Праваслаўны царкоўны дзеяч Беларусі, іерарх Рускай праваслаўнай царквы, прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі (1989–2013). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета Беларусі (1990–1995). Герой Беларусі, кавалер Ордэна Ф. Скарыны.

Прыняў манаства ў 1959 годзе. З 1978 года служыў на Беларусі. Падчас дэпутатства апекаваўся праграмамі дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

З 1989 года займаўся стварэннем і разбудовай Беларускай Праваслаўнай Царквы, пры ім былі адроджаны ўсе гістарычна існаваўшыя епархіі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы, Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў, адноўлены  Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

Па яго ініцыятыве ў царкоўны каляндар унесена новае свята «Сабор Беларускіх святых» і ўстаноўлены агульнацаркоўныя святы ўсіх беларускіх святых, сярод якіх імёны прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеляў Кірылы Тураўскага, Георгія Каніскага і іншых. 

Арганізаваў пераклад кніг Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову.

Памёр 12 студзеня 2021 года. Пахаваны ў Жыровіцкім манастыры.

1945 год. Нарадзіўся Аляксандр Патупа.

Савецкі, беларускі фізік, філосаф, пісьменнік, папулярызатар навукі.

Скончыў фізічны факультэт МДУ імя М. В. Ламаносава. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар філасофіі, прафесар.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, БДУ, дырэктарам Цэнтра даследаванняў будучыні.

Аўтар прац у вобласці квантавай тэорыі, фізікі высокіх энергій, касмалогіі, электрадынамікі, праблем прагназавання, сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, права, мастацкіх кнігі «Фантакрим-CCI», «Ловушка в цейтноте», «Нечто невообразимое», больш за 300 артыкулаў публіцыстыкі.

Арганізатар і генеральны дырэктар выдавецка-паліграфічнай кампаніі «Эридан», найстарэйшага прыватнага выдавецтва Беларусі.

З’яўляўся старшынёй Назіральнага камітэта Беларускай Праваабарончай Канвенцыі і Назіральнага Сойма «Хельсінкі-CCI», прэзідэнтам Беларускага Саюза прадпрымальнікаў, віцэ-старшынёй Беларускай Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і удзельнікам шматлікіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў 3-га сектара.

Памёр 1 чэрвеня 2009 года.

1959 год. Памёр Павел Растаргуеў (1881–1959).

Беларускі мовазнаўца. Правадзейны член Інбелкульта, доктар філалагічных навук, прафесар.

У 1918 г. чытаў курс лекцый беларускай мовы ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Вывучаў беларускія гаворкі, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа, праблемы беларускай літаратурнай мовы.

У 1934 годзе арыштаваны ДПУ, асуджаны, высланы ў Караганду.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1947-1948 гадах па запрашэнні Якуба Коласа працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР.

1987 год. Памёр Адам Русак (1904-1987).

Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум  і Ленінградскую кансерваторыю.

Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, Белдзяржфілармоніі.

Аўтар вершаў,  вершаў для дзяцей, больш за 10 зборнікаў паэзіі. 

На тэксты яго вершаў напісана каля 300 песень. З іх найбольш вядомымі сталі песні: «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох».

2010 год. Пачалося буйное вывяржэнне вулкана Эяф’ядлаёкюдль на Ісландыі.

Вывяржэнне прывяло да закрыцця паветранай прасторы часткі Еўропы і адмены авіярэйсаў у сакавіку – красавіку 2010 года. Вулкан лічыўся нядзейсным, бо папярэдняе вывяржэнне было зарэгістравана ў 1821 годзе.

Вышыня вулкана 1666 м, дыяметр кратара – каля 4 км. Знаходзіцца за 200 км на ўсход ад Рэйк’явіка.

У Інданэзіі палае “гара агня”, якая ўжо знішчала гарады, вёскі і адно царства

Працягваецца вывяржэнне інданезійскага вулкана Мерапі, якое пачалося яшчэ 11 сакавіка – паведамляе centralasia.media.

Патокі лавы працягваюць расцякацца вакол вулкана. Улады заклікалі насельніцтва не набліжацца да вулкана бліжэй за 7 км. Трэці ўзровень небяспекі з чатырох увялі ў рэгіёне.

“Ёсць патэнцыйныя небяспекі ў выглядзе лававых лавін і гарачых аблокаў у паўднёва- і паўднёва-заходнім сектары”, – вынікае з паведамлення. Звестак аб пацярпелых і разбурэннях няма.

Мерапі (“гара агню”) – самы малады і актыўны ў Інданезіі з 129 дзеючых вулканаў астраўной краіны. Ён месціцца на востраве Ява непадалёк ад г. Джок’якарта. Вышыня яго сягае 2910 м.

Буйныя вывяржэнні вулкана назіраюцца ў сярэднім кожныя 7 гадоў, дробныя – двойчы на год, а дыміць вулкан амаль кожны дзень. 

У 1006 годзе ў выніку вывяржэння Мерапі было знішчана яванска-індыйскае царства Матарам. 

Адно з самых разбуральных вывяржэнняў зафіксавана ў 1673 годзе, калі было знішчана некалькі гарадоў і мноства вёсак ля падножжа вулкана. 

У XIX стагоддзі было зафіксавана 9 вывяржэнняў, у першай палове XX стагоддзя – 13.

У 1930 годзе пры вывяржэнні загінула каля 1300 чалавек. Пры вывяржэнні ў 1974 годзе былі знішчаны два пасёлкі, а ў 1975 годзе – буйны пасёлак і 5 мастоў, загінула 29 чалавек. Апроч гэтага, зафіксавана некалькі выпадкаў гібелі турыстаў і вулканолагаў, магілы якіх можна знайсці прама на вулкане.

У 2010 годзе пры вывяржэнні Мерапі было эвакуіравана 350 000 чалавек, аднак некаторыя вярнуліся – у выніку загінулі 353 чалавекі, якія трапілі ў піракластычны паток. 

Апошняе вывяржэнне Мерапі пачалося 11 сакавіка.

Фота з адкрытых крыніц

Вывяржэнне вулкана на Курыльскіх астравах.

Магчыма, спраўджваецца папярэджанне Хугербітса аб мегаземлятрусе, пра якое пісалі mogilev.media.

Трэці дзень запар ідзе вывяржэнне вулкана Эбека на Курыльскіх астравах. 1 сакавіка ён выкінуў слуп попелу вышынёй 2 500 метраў – паведамляе rbc.life

Кадры вывяржэння вулкана апублікаваны тэлеграм-каналам Kuril band з подпісам: «Да гэтага ўвогуле немагчыма прывыкнуць. Кожны раз – наймагутнае захапленне».

Попел распаўсюдзіўся шлейфам на 5 км. Ратавальнікі не бачаць пагрозы для жыхароў астравоў. У Паўночна-Курыльску попелапад не назіраўся. Пах серавадароду не адчуваецца.

Дзеючы вулкан Эбека вышынёй 1156 м, размешчаны прыкладна за 7 км ад Паўночна-Курыльска, лічыцца адным з найбольш актыўных вулканаў Вялікай Курыльскай грады. Ён рэгулярна дае падставы для навін, папярэдняе вывяржэнне было 13 лютага 2023 года. А ў верасні 2022 года пад акампанемент вулкана прыйшлося праводзіць лінейку да пачатку новага навучальнага года.

Нагадаем, што нідэрландскі сейсмолаг Фрэнк Хугербітс, які прадказаў нядаўні наймацнейшы землятрус у Турцыі і Сірыі, папярэдзіў, што ў пачатку сакавіка новыя падземныя штуршкі дойдуць да Расіі. Разбуральны землятрус можа адбыцца як раз на Курыльскіх астравах.

На Гаваях у выніку землятрусу пачалося вывяржэнне Кілауэа

Пасля землятруса 16 лютага магнітудай 4,8, на Гаваях абудзіўся адзін з актыўных шчытавых вулканаў – паведамляе “Вакол Свету” са спасылкай на Геалагічную службу ЗША. І вывяржэнне працягваецца зараз.

Вывяржэнне адбываецца на закрытай тэрыторыі нацыянальнага парка, але небяспеку для людзей уяўляе вулканічны газ, які пераносіцца ветрам.

Пры вывяржэннях Кілауэа заўсёды выкідваецца вялікая колькасць вулканічнага газу. У яго склад уваходзіць і вадзяная пара, і двухвокіс вугляроду, і двухвокіс серы. Паколькі апошні выкідваецца з вяршыні, ён стварае бачную смугу, вядомую як вог (Vog – volcanic smog – вулканічны смог). Вог небяспечны для здароўя людзей і жывёл, пашкоджвае сельскагаспадарчыя культуры і дзікія расліны.

Дадатковую небяспеку ўяўляюць вулканічныя часціны, лёгкія аскепкі вулканічнага шкла з лававых фантанаў, якія пакрываць зямлю пылам у некалькі сотняў метраў ад жэрла вулкана, разносяцца моцным ветрам на вялікія адлегласці. У людзей гэтыя амаль бязважкія часціцы могуць выклікаць раздражненне скуры і вока.

Кальдэра Кілауэа цяпер нестабільная, тут здараюцца ўтварэнні рашчылін, каменяпады, якія яшчэ больш актывізуюцца землятрусамі. 

Доступ мясцовых жыхароў і турыстаў на тэрыторыю нацыянальнага парка спынены яшчэ ў 2008 годзе.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 16 лютага. Выбух Хуайнапуціна. Адчынены саркафаг Тутанхамона. Нарадзіліся літаратар Іван Навуменка, музыка Чэслаў Неман

1600 год. Зафіксавана першае моцнае еўрапейскае пахаладанне. 

Выклікана выбухам перуанскага вулкана Хуайнапуціна (Huaynaputina, на мове кечуа “малады вулкан”). Пасля гэтага ў Еўропе некалькі год фактычна не было лета, Балтыйскае мора замярзала да Готланду, глыбока прамярзалі беларускія рэкі. Хроніка Баркулабаўскага манастыра падае жудасныя карціны прыроднай і гуманітарнай катастрофы, якая ахапіла Рэч Паспалітую і ВКЛ.

1758 год. Нарадзіўся Юльян Урсын Нямцэвіч. 

Палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык.

Удзельнік распрацоўкі Канстытуцыі 3 мая 1791 года, член Адукацыйнай камісіі (міністэрства адукацыі). Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам і сакратаром Т. Касцюшкі. Трапіў у палон і быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу.

Пасля амністыі ў 1796 годзе разам з Касцюшкам выехаў у ЗША.

Пасля вяртання ў Варшаву ў 1807 годзе, займаў пасады сакратара Сената Варшаўскага княства, Царства Польскага, старшыні Таварыства сяброў навук у Варшаве.

Падчас паўстання 1830–1831 гадоў увайшоў у склад Часовага ўрада. Пасля задушэння паўстання яго маёмасць была канфіскавана, у тым ліку і багатая бібліятэка. На эміграцыі ў Парыжы заснаваў Польскую бібліятэку.

Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (сем тамоў, 1822-1836). Яго камедыя «Пан Навіна» ставілася ў Віцебску ў 1820 годзе. 

У падарожжах па Беларусі апісваў помнікі.

Памёр 21 мая 1841 года.

1902 год. Нарадзіўся Рыгор Мурашка. 

Беларускі паэт.  

Служыў у Чырвонай Арміі, працаваў у часопісе «Бальшавік Беларусі», Дзяржаўным выдавецтве БССР. Член «Маладняка».

Падчас Вялікай Айчыннай вайны застаўся ў Мінску. У «Беларускай газеце» апублікаваў нарыс пра здачу Мінска, уцёкі партыйнага кіраўніцтва. Быў у мінскім падполлі, партызаніў. 

Загінуў у красавіку 1944 годзе ў час прарыву блакады.

Аўтар зборнікаў апавяданняў, раманаў, аповесцяў. Вядомаць набыў пасля рамана «Сын» (1929) аб падзеях напярэдадні рэвалюцыі 1905 года. Гэты твор з сакавітай народнай мовай і цікавымі гістарычнымі эпізодамі стаў адным з папулярных і заняў адно з значных месцаў у беларускай савецкай літаратуры.

1905 год. Памёр  Павел Баброўскі. 

Беларускі гісторык і этнограф, генерал ад інфантэрыі, сенатар.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Дваранскі полк (Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча), Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба. Удзельнік  вайны з Турцыяй (1853-1854), быў начальнікам некалькіх юнкерскіх вучылішчаў, Ваенна-юрыдычнай акадэміі. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Аўтар больш за 100 прац па гісторыі, правазнаўстве, археаграфіі, геаграфіі, біялогіі, педагогіцы, этнаграфіі, статыстыцы, эканоміцы, краязнаўстве, у тым ліку «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі…. Гродзенская губернія», нарысаў пра Гродна, Слонім, Зэльву i іншыя, па гісторыі лейб-гвардыі Эрыванскага і Праабражэнскага палкоў.

Добра ведаў беларускую мову, захапляўся гісторыяй роднага краю і ўніяцкай царквы.

1923 год. Брытанская экспедыцыя археолага Говарда Картэра знайшла каменны саркафаг фараона Тутанхамона. 

Была выкрыта пахавальная камера ў пірамідзе, у якой знаходзілася вялікая драўляная скрыня, абабітая ліставым золатам і пакрытая рытуальнымі іерогліфамі і выявамі. 

Унутры яе і быў непасрэдна каменны саркафаг Тутанхамона, а ўжо ў самім саркафагу знаходзіліся тры труны па прынцыпе матрошкі, адзін у адным. Дзве знешнія труны былі драўляныя з залатымі элементамі і інкруставаныя каштоўнымі камянямі. А трэцяя, найбольш сціплая па памерах, была выканана з чыстага золата, агульная вага якога склала каля 100 кілаграмаў і ўтрымлівала ў сабе непасрэдна мумію Тутанхамона.

Грабніца Тутанхамона – адзіная не разрабаваная, дайшла да навукоўцаў амаль у першародным выглядзе. Знойдзена ў лістападзе 1922 года Г. Картэрам і лордам Дж. Карнарванам.

1925 год. Пры Інстытуце беларускай культуры заснавана бібліятэка. 

Цяпер гэта – Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Акадэміі навук.  

У 1926 годзе вяла абмен з 100 кнігасховішчамі СССР і больш за 70 у ЗША, Канадзе, Германіі, Польшчы і Францыі. У 1948-1956 гадах насіла імя В. Бялінскага. 

З 1956 года носіць імя Якуба Коласа. 

У сучасны 7-павярховы будынак з 10-ярусным кнігасховішчам пераехала ў 1967 годзе. Мае 5 мільёнаў найменняў кніг, часопісаў, карт.

Кабінет Пятра Глебкі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі
Кабінет Пятра Глебкі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі

1925 год. Нарадзіўся Іван Навуменка. 

Беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Акадэмік, доктар філалагічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.

Працаваў ў газетах, часопісе «Маладосць», загадчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ, дырэктарам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР,  віцэ-прэзідэнтам АН БССР, Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990).

Аўтар апавяданняў, каля 20 кніг апавяданняў, аповесцей, раманаў, п’ес, Збора твораў у 6 тамах, літаратуразнаўчых прац пра творчасць Якуба Коласа, пісьменнікаў-дэмакратаў, Янкі Купалы і іншых.

Памёр 17 снежня 2006 года.

1939 год. У в. Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна нарадзіўся Чэслаў Неман (Выдрыцкі). 

Польскі музыка. Псеўданім узяў у гонар ракі Нёман.

Шырокае прызнанне атрымаў у 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую версію яго песні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». 

У Парыжы  выступаў разам з такімі знакамітасцямі як “Spencer Davis Group”, “Kinks” і “Pretty Things”. Са сваёй групай «Akwarele» у Сопаце зрабіў сенсацыю з песняй “Dziwny est ten swiat” (1967), запісаў тры альбомы, правёў серыю тураў і прыняў удзел у шэрагу фестываляў, шмат гастраляваў па Еўропе, СССР, стаў удзельнікам цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх Гульняў у Мюнхене. 

Усяго запісаў 22 альбомы.

Памёр 17 студзеня 2004 года. Пад час яго пахавання,  на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала найбольш вядомая песня з яго рэпертуару «Дзіўны гэты свет».

1952 год. Памёр Еўсцігней Міровіч (1878-1952). 

Беларускі драматург і тэатральны рэжысёр. Народы артыст Беларусі. Мастацкі кіраўнік, рэжысёр Беларускага тэатра імя Янкі Купалы. Прафесар. Аўтар шэрагу п’ес на беларускай мове, у тым ліку «Машэка»,  «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», пастаноўшчык мюзікла «На Купалле».

Дзякуючы Е. Міровічу, пастаноўкі беларускага тэатра набылі прафесійную трываласць. Ён прынёс на беларускую сцэну цыркавую лёгкасць і эстрадна-кабарэшную бесклапотнасць. 

З вострасацыяльнай «Паўлінкі» ён зрабіў авангардна-гратэскнае, амаль цыркавое дзейства, у якім галоўнае было не балючая тэма «свае прадалі свайго», а яркі, фантастычны грым, танцы ў стылі «Мулен-Руж», камічныя эфекты эстэтычна тоесныя тагачасным камедыям Ч. Чапліна і Г. Ллойда.

1987 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Залман Гарэлік. 

Беларуск  геолаг, тэктаніст, арганізатар геалагічнай службы Беларусі, адзін з адкрывальнікаў першых радовішчаў калійных і каменнай солі, нафты. Доктар геолага-мінералагічных навук.

Працаваў у Інстытуце геалагічных навук, начальнікам Беларускага геалагічнага ўпраўлення, дацэнтам кафедры геалогіі БДУ, галоўным геолагам Беларускага інстытута прамысловага праектавання, у Беларускім навукова-даследчым геолагаразведачным інстытуце.

Стварыў геатэктанічны кірунак у вывучэнні нетраў і мінеральных рэсурсаў. Упершыню выканаў тэктанічнае раянаванне тэрыторыі Беларусі і абгрунтаваў структурныя крытэрыі прагназавання радовішчаў соляў і нафты ў Прыпяцкім прагіне.

2012 год. Памёр Леанід Анцімонаў. 

Беларускі мастак

Выкладчык графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута,  прафесар вышэйшай педагагічнай школы ў польскай Зялёнай Гуры.

Працаваў у розных графічных тэхніках, акварэлі, алейным жывапісе.

Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў: па графіцы, манатыпіі, гравюры на кардоне, фларатыпіі.

Сярод асноўных твораў: «Кветка папараці», «Мефістофель», «Дрэва жыцця», «Ахвярапрынашэнне», «Канец ХХ стагоддзя. Рэквіем», цыклы работ «Успаміны пра вайну», «На купальскую ноч», «Рэпрэсіі», «Поры года» (2003) і іншыя.

Творам мастака ўласцівыя філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы.