Адзін з самых небяспечных кветкавых шкоднікаў трапляе ва Усходнюю Еўропу разам з замежным пасадачным матэрыялам – ён смокча сокі раслін і пераносіць вірусныя хваробы.
Заходні (каліфарнійскі) кветкавы трыпс, радзімай якога з’яўляецца заходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі, зараз абмежавана распаўсюджаны і ў Еўропе.
Гэта казурка велічынёй 1,4-2,0 мм, якая вядзе патаемны лад жыцця, наносіць шкоду кветкавым пупышкам, бутонам, кветкам, а таксама сцёблам і лістоце. Шкоду прычыняюць і лічынкі і дарослыя казуркі. Ротавым апаратам яны праколваюць скурку раслін і высмоктваюць змесціва клетак расліннай тканіны. У месцах пашкоджанні з’яўляюцца жоўтыя хлоратычныя плямы або рыскі, якія пасля зліваюцца. Пазней пашкоджаныя органы расліны вянуць, на іх з’яўляюцца некратычныя адтуліны. Потым лісце нярэдка ападае, а бутоны кветак не раскрываюцца.
На моцна заражаных раслінах могуць з’явіцца абясколераныя “серабрыстыя” ўчасткі, асабліва прыкметныя на цёмна-зялёным лісці раслін, а таксама на цёмна афарбаваных пялёстках. Сілкаванне трыпса ў кветкавых пупышках выклікае дэфармацыю кветак і пладоў. Паглынанне пыльцы не дазваляе расліне сфарміраваць паўнавартасныя кветкі. Акрамя таго, сваімі экскрэментамі казуркі забруджваюць пялёсткі кветак, што недапушчальна для салатнай гародніны.
У цяпліцах за год шкоднік можа ўтварыць 12-15 пакаленняў. Заўважана, што заходні кветкавы трыпс у цяпліцах хутка выцясняе тытунёвага. Адна з прычын гэтага – хутчэйшае развіццё яго пры адных і тых жа тэмпературах. У летні час каліфарнійскі трыпс здольны размнажацца па-за цяпліцамі на разнастайнай культурнай і дзікай расліннасці. У беларускіх кліматычных умовах у адкрытым грунце ён не зімуе.
Паспяховая абарона раслін ад заходняга кветкавага трыпса магчымая толькі пры строгім захаванні правіл унутранага каранціну, а таксама пры выкарыстанні ўсяго комплексу прафілактычных і знішчальных мерапрыемстваў.
Паколькі трыпс распаўсюджаны вельмі шырока, то асноўнай мерай па прадухіленні пранікнення і распаўсюджванні шкодніка з’яўляецца папярэдняя праверка месца вытворчасці расліннай прадукцыі, якое павінна быць вольным ад заходняга кветкавага трыпса. Гэта пацвярджаецца праведзенымі абследаваннямі і фітасанітарным сертыфікатам – папярэджвае Наталля Фёдарава, вядучы аграном-
дзяржаўны інспектар Магілёўскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін на старонках газеты “Зямля і людзі”.
Магілёў.media пісалі пра гіганцкага іспанскага смаўжа, які распаўсюджваецца па Усходняй Еўропе разам з пасадачным матэрыялам.