Навіны пабрацімаў. Мікалеўская вобласць зноў атакаваная Расіяй. Ёсць пацярпелыя, у тым ліку дзеці

У Вазнясенску параненыя 9 чалавек. З іх 4 дзяцей. Дзяўчынцы асколкам вырвала вока.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Паводле старшыні абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма, расійскія ракеты пацэлілі ў пяціпавярхоўку і прыватныя дамы. Атакаваны горад быў днём.

«Па стане на 13.00 (кіеўскі час, ММ) пацярпелі сем чалавек, трое з іх дзеці. Адно дзіця цяпер на аперацыі», – напісаў  Кім у сваім тэлеграм-канале.

Праз паўгадзіны кіраўнік абласной адміністрацыі звесткі абнавіў.

«У 13.30. 9 параненых, у тым ліку 4 дзяцей. З дзецьмі ўсё складана. Узрост ад 3 да 17 гадоў», напісаў ён.

Пазней дадаў, што пацярпелай падчас абстрэлу дзяўчынцы вырвала вока і яе перавозяць у Мікалаеў.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

фота з рэсурсу: t.me/mykolaivskaODA, t.me/uniannet