9 снежня. Дзень у гісторыі. Забіты Войшалк. Заснаваны Магілёўскі аддзел геаграфічнага таварыства. Нарадзіліся Максім Багдановіч, Кірк Дуглас

Міжнародны дзень барацьбы з карупцыей (International Anti-Corruption Day, с 2003 года). 

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН. У гэты дзень у 2003 годзе ў Мексіцы была адкрыта для падпісання Канвенцыя ААН супраць карупцыі.

Мэтай заснавання дня, як пазначана ў рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі, было паглыбленне разумення праблемы карупцыі і ролі Канвенцыі ў папярэджанні карупцыі і барацьбе з ёй. 

 

Юр’е зімовы і Ганны (народны каляндар)

“Юра мосціць”. “Ад Ганнаў да Калядаў 2 тыдні і 2 дні”.

Юр’е Зімовы лічыўся апекуном свойскай і лясной жывёлы. У гэты дзень гаспадары аглядалі кароў, падстрыгалі грывы і хвасты коням, а таксама аднімалі ад кабыл жарабят, якіх да вясны ставілі ў асобныя хлявы. Раней лічылася, што 9 снежня ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі і нападаць на скаціну, бо “Юр’я ўжо дае ваўкам свабоду”, таму жывёл нельга было выпускаць на вуліцу.

У гэты дзень некалі прыгонныя сяляне мелі права перамяніць сабе гаспадароў.

Калі паблізу жылля вые воўк – да марозу.

Старыя слухалі ў гэты дзень ваду – кідалі ў палонку падпаленае вуголле з печы, вуголле шыпелі, убіралі ў сябе жыватворную сілу рачной вады. А пасля, з палонкі далонню зачэрпнуўшы некалькі вугольчыкаў, старыя неслі іх курам і парасятам.

У Юр’еў дзень хадзілі слухаць ваду ў студнях: калі ціха – зіма будзе цёплай, пачуюцца гукі – чакай моцных завірух і маразоў.

Да гэтага дня неабходна было раздаць усе пазыкі. Не вярнуць пазыку да Юр’ева дня – усё жыццё ў пазыках хадзіць.

Юр’е з мостам, Мікола (19 снежня) з цвіком.

На Юр’еў дзень у бярлогах мядзведзь моцна засынае.

 

1048 год. Памёр Аль Біруні. 

Вялікі ўзбекскі вучоны з Харэзма, аўтар шматлікіх капітальных прац па гісторыі, геаграфіі, філалогіі, астраноміі, матэматыцы, геадэзіі, мінералогіі, фармакалогіі, геалогіі і іншых. 

У Еўропе быў вядомы пад імем Альбероніус.

Апрача сваёй роднай харэзмскай мовы, аль-Біруні валодаў цюркскай, фарсі, санскрытам, арабскай мовай, а таксама ведаў грэчаскую, сірыйскую мовы, іўрыт і берберскія мовы.

Большую частку свайго жыцця Аль-Біруні правёў у Газні (зараз – Афганістан), дзе працаваў пры двары султана Махмуда Газнаві і яго наступнікаў Масуда і Маўдуда. Аль-Біруні прымаў удзел у паходах Махмуда ў Індыю, дзе таксама пражыў некалькі гадоў.

 

1268 год. Забіты Войшалк. 

Князь навагрудскі (1240-я – 1255, 1258 – 1264), вялікі князь літоўскі (1264 – 1267). Сын Міндоўга, караля літоўскага.

Пашырыў тэрыторыю ВКЛ за кошт уключэння ўсходнебалцкіх зямель Нальшчан і Дзяволтвы.

Быў манахам у Палонінскім манастыры, хадзіў у паломніцтва да гары Афон, але не здолеў дайсці з-за “мяцяжу” ў землях па дарозе, вярнуўся і заснаваў Лаўрышаўскі манастыр (Лаўрыш – імя інака Войшалка).

Пасля нападу на Літоўскую зямлю  мангола-татар Бурундая і галіцка-валынскіх князёў  Войшалк выйшаў з манастыра і зноў сеў на навагародскім стальцы.

Потым зноў жыў у манастыры – Ляшчынскім Свята-Успенскім пад Пінскам.

Галіцкі князь Леў Данілавіч запрасіў на сустрэчу Войшалка ва Ўладзімір-Валынскі і пад час піру забіў яго.

Войшалк быў пахаваны ў царкве св. Міхаіла Вялікага.

Фота: Войшалк засноўвае манастыр. Мініяцюра з Астэрманаўскага І-га тому Ліцэвога летапіснага збору, XVI ст. Бібліятэка Расійскай акадэміі навук, г. Санкт-Пецярбург.

1857 год. На Ашмяншчыне нарадзіўся  Чэслаў Янкоўскі. 

Польскі паэт, крытык, публіцыст, гісторык-краязнаўца.

Быў дэпутатам I і II Дзяржаўнай думы ад Віленскай губерні, падтрымліваў Канстытуцыйна-каталіцкую партыю Літвы і Беларусі, быў членам Краёвай партыі Літвы і Беларусі. 

Рэдактар газет «Kurier Litewski», «Глос польскі». Не лічыў Літву і Беларусь этнічна польскімі землямі.

Выступаў з ідэяй «этнаграфічнай Польшчы».

Аўтар лірычных вершаў, літаратурных нарысаў, перакладаў, 4-томавага даследавання «Ашмянскі павет», «Польскі народ і яго Бацькаўшчына», «Этнаграфічная Польшча», мемуараў.

Паводле некаторых звестак, быў аўтарам лірычнай мініяцюры «Ужо птушкі пяюць усюды», якая памылкова прыпісваецца У. Сыракомлю.

Памёр 6 кастрычніка 1929 года ў Вільні.

 

1891 год. Нарадзіўся Максім Багдановіч. 

Беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык. Зорка беларускай паэзіі.

Яго спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры.

Упершыню пачаў гутарыць на беларускай мове ў 1895 годзе ў в. Вяззе (зараз – Асіповіцкі раён), калі гасцяваў у сваякоў. Там цяпер усталявана мемарыяльная шыльда (на доме сваякоў, з 1986 г. будынак спартовай базы).

Асноўны кірунак яго творчасці – патрыятычнае служэнне сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа.

Сузаснавальнік пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў беларускай паэзіі. Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гістарычнай тэмы і урбаністычных матываў.

Яго творчасць мела першаступеннае значэнне ў гістарычным самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва.

Пераклаў на беларускую мову вершы П. Верлена, Э. Верхарна, Г. Гейнэ, А. Пушкіна, Авідзія, Гарацыя і іншых паэтаў, на рускую – творы Янкі Купалы, Т. Шаўчэнкі, І. Франко.

Памёр 25 мая 1917 года. Пахаваны на Старых могілках у Ялце.

У 1980-х гадах уздымалася пытанне пераносу праху паэта з Ялты ў Мінск.

Працуюць музеі паэта ў Мінску, Гродне, Яраслаўлі, яго імя носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і Ялце, беларускія школы і бібліятэкі.

Помнікі паэту пастаўлены ў Яраслаўлі, Мінску.

У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА “Гадавіны выдатных асоб і падзей”.

 

1915 год. Апублікаваны ўніверсал Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. 

Канфедэрацыя ВКЛ – блок беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх арганізацый у 1915-1917 гадах, што адносіліся да ліберальна-дэмакратычнай плыні краёвасці і выпрацоўвалі мадэлі беларуска-літоўска-латвійскай дзяржавы, якую меркавалася адрадзіць на тэрыторыі былога ВКЛ.

Канцэпцыя больш шырокай канфедэрацыі была распрацавана ў ліпені 1916 года Беларускім народным камітэтам. Яго старшыня А. Луцкевіч абгрунтаваў ідэю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. У гэтую канфедэрацыю павінны былі ўвайсці Беларусь, Літва, Латвія, Украіна. 

Імкненне беларускіх арганізацый да дзяржаўнага адзінства з гэтымі рэгіёнамі тлумачылася найперш эканамічнымі матывамі і жаданнем мець выхад Беларусі да Балтыйскага і Чорнага мораў.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Літвы (16 лютага 1918) і Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918) ідэя канфедэрацыі не ўзнімалася.

У 1919 годзе бальшавікі стварылі Літоўска-Беларускую ССР, якая неўзабаве спыніла сваё існаванне ў сувязі з польскай акупацыяй.

 

1916 год. Нарадзіўся Кірк Дуглас (Ісэр Даніеловіч). 

Амерыканскі кінаакцёр і прадзюсар. Амерыканскі Інстытут Кіно прызнаў яго адным з лепшых кінаакцёраў усіх часоў.

З гомельскіх і чавускіх яўрэяў.

Атрымаў шэраг узнагародаў, у тым ліку “Оскар”, зорку на Галівудскай Алеі Славы. У яго гонар названы праспект у горадзе Палм-Спрынгз, штат Каліфорнія.

Займаўся гуманітарнай дапамогай, за што атрымаў Прэзідэнцкі Медаль за Свабоду, Ордэн Французскага Легіёна, Нацыянальны Медаль за дасягненні ў галіне мастацтва. Быў паслом добрай волі ў Дэпартаменце ЗША.

Бацька акцёраў Майкла, Эрыка Дугласаў, прадзюсараў Джоэля, Пітэра Дугласаў.

Памёр 5 лютага 2020 года.

 

1958 год. На арганізацыйным сходзе членаў геаграфічнага таварыства прынята рашэнне аб арганізацыі Магілёўскага аддзела. 

Магілёўскі аддзел – першая структурная адзінка геаграфічнага таварыства на Беларусі. 

Зарэгістраваны 19 студзеня 1959 года. Першым старшынёй аддзела стаў Мікалай Нешатаеў (1959-1963), вучоным сакратаром – Пятро Лярскі (1959–1963).

У розныя гады ў аддзеле плённа працавала больш за 120 членаў таварыства, сярод якіх вядомыя вучоныя М. Ратабыльскі, П. Лярскі, С. Сідор, Р. Дулаева, М. Клюкін, Ю. Шчарбакоў, М. Звераў, В. Гаркуноў, У. Хамякоў, М. Смаляроў, Г. Рыдзеўскі, Б.Нешатаеў, М. Нешатаеў, І.Шаруха, Дз. Грумо і іншыя.

Геаграфічнае таварыства на тэрыторыі сучаснай Беларусі вядзе сваю гісторыю ад Рускага геаграфічнага таварыства (1845). Магілёўскія географы працавалі ў складзе створанага ў 1867 годзе Паўночна-Заходняга аддзела геаграфічнага аб’яднання (Вільня), у складзе геаграфічнага таварыства БССР (1954), Беларусі (1991).

Беларускае геаграфічнае таварыства Магілёў

 

1960 год. Нарадзіўся Ігар Пракаповіч

Беларускі географ, краязнавец, паэт, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2020), прэміі імя Уладзімера Караткевіча.

Аўтар каля 40 краязнаўчых, у тым ліку па фізічнай геаграфіі, тапаніміцы Пастаўскага раёна,  паэтычных кніг.

Ганаровы сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Адкрыў у Пастаўскім раёне месца старажытнага паселішча і курганны могільнік.

«Чалавек года Віцебшчыны» (2009), пераможца конкурса «Беларускі настаўнік года».

Старшыня Пастаўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы (да 2021), член Навуковай рады Беларускага геаграфічнага таварыства і Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук.

1974 год. Памёр Янка Шутовіч. 

Беларускі літаратуразнавец, выдавец.

Быў членам Беларускага студэнцкага саюза, рэдактарам часопісаў «Студэнцкая думка»,  «Калосьсе», «Шлях моладзі», працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны і ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, настаўнікам, загадчыкам Беларускага музея ў Вільні (1941-1944).

За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння быў зняволены ў лагеры Бяроза-Картуская (1939). У 1944 годзе арыштаваны НКДБ. Вязень ГУЛАГу, ссыльны.

Пасля ссылкі, з 1957 года працаваў у Віленскім дзяржаўным мастацкім музеі, карэспандэнтам часопіса «Полымя».

Займаўся перакладамі твораў літоўскіх і беларускіх пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі М. Гарэцкага «Віленскія камунары», знайшоў дзённік А. Станкевіча.

Фота: Могілка Яна Шутовіча ў Павільнісе (Павіленскія могілкі), Вільня, 2021

 

 

1976 год. Заснаванне Беларускага дзяржаўнага музею народнага архітэктуры і побыту. 

Музей пад адкрытым небам, дзе сабраныя помнікі беларускага народнага драўлянага дойлідства з розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, заснаваны ў адпаведнасці з пастановай партыйных органаў. Знаходзіцца пад Мінскам, каля МКАД, паміж вёскамі Строчыцы і Азярцо, займае плошчу ў 151 гектараў.

Першыя спробы стварыць музэй-скансен на Беларусі былі зробленыя ў 1908 годзе мастаком Ф. Рушчыцам, але гэтаму перашкодзіла Першая сусветная вайна.

Штоверасень з 2009 года ў музеі ладзіцца міжнародны фольк-фестываль «Камяніца».

Музей мае тры асноўныя зоны: экспазыцыйная, вытворча-гаспадарчая і запаведная. Аснова экспазыцыйнай зоны — умоўны падзел тэрыторыі Беларусі на шэсць гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Цэнтральная Беларусь, Падняпроўе, Паазер’е, Усходняе і Заходняе Палессе, Панямонне.

У экспазіцыі гісторыка-этнаграфічнага рэгіёну Цэнтральная Беларусь, заходняя Магілёўшчына  прадстаўлена грамадскім свіранам канца XIX — пачатку XX стагодзя з в. Касарычы Глускага раёна

А вось у экспазіцыі гісторыка-этнаграфічнага рэгіёну Падняпроўе знаходзіцца ветраны шатровы млын пачатку XX стагоддзя з в.  Зелянец Хоцімскага раёна, вяночны (замкнуты) двор з традыцыйным інтэр’ерам з в. Бракава Слабада Чавускага раёна.

 

2004 год. Памёр Сяргей Войчанка. 

Беларускі мастак і дызайнер. Разам з Ул. Цэслерам распрацоўваў  дасціпныя рэклямныя постэры і плакаты на сацыяльныя тэмы.

Аўтар плакатаў «Нержавеющий Сталин», «1939, начало войны в Польше», «Карл Маркс 1990-х», «Афганистан», «Good morning, Belarus!», «От международного года мира – к миру без войн и оружия», «Война несет людям…», «Афган, Forbidden Fruit», «Contemporary art+centre „VITA NOWA“» і іншых.

Праца «Вудсток. 30 лет. – Levi`s» знаходзіцца ў калекцыі Луўра.

Работы Цэслера і Войчанкі выстаўляліся на шматлікіх выставах і атрымлівалі ўзнагароды ў многіх краінах Еўропы.

Уладальнік больш за 40 узнагарод міжнародных конкурсаў, біенале і фэстываляў плакату.

За месяц да смерці адбылася выстава на Манмартры ў Парыжы.

Памёр 9 снежня 2004 года.