Беларускі расследвальніцкі цэнтр выпусціў новае даследаванне пра памылку ў зняцці еўрапейскіх санкцый з бабруйскага прадпрыемства «Белшына». Як паказалі расследвальнікі, кампанія працягвае супрацоўнічаць з Міністэрствам абароны Расіі, а ў 2023 годзе дыстрыб’ютарам прадпрыемства стаў «Торговый дом “БелАЗ”», які знаходзіцца пад кантролем Дзмітрыя Лукашэнкі.
Бабруйскае прадпрыемства «Белшына» ў сакавіку 2024 года дамаглося прыняцця судовага рашэння, якое зняла з завода еўрапейскія санкцыі. Тады суд вырашыў, што кампанію бяздоказна абвінавацілі ў садзейнічанні агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, а таксама ў тым, што прадпрыемства з’яўляецца “кашальком” сям’і Лукашэнкі.
Каманда незалежнага медыярэсурса Беларускі расследвальніцкі цэнтр апублікавала вялікі матэрыял, у якім давяла, што зняццё санкцый з бабруйскага прадпрыемства было памылкай. Ужо пасля ўвядзення санкцый «Белшына» актыўна прысутнічала на расійскім рынку, у тым ліку пастаўляючы сваю прадукцыю абаронным прадпрыемствам. А з 2023 года бабруйскі вытворца працуе ў Расіі праз дыстрыб’ютара, які знаходзіцца пад кантролем сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыя.
Гісторыя падпарадкавання «Белшыны» сям’ёй Лукашэнкі, якую расказваюць даследчыкі БРЦ, коратка выглядае так. У лютым 2023 года генеральнага дырэктара прадпрыемства Андрэя Бунакова са скандалам пасадзілі ў турму, абвінаваціўшы ў карупцыі. Нібыта працуючы на расійскім рынку праз дыстрыб’ютара «Импориа Тайерс», бабруйчане пастаўлялі шыны па заніжаных коштах, чым наносілі шкоду ўласнаму прадпрыемству. У выніку месца «Импориа Тайерс» заняў «Торговый дом “БелАЗ”», які на 45% належыць Прэзідэнцкаму спартоваму клубу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі. Пры гэтым “Гандлёвы дом “БелАЗ”” купляў у “Белшыны” звышбуйнагабарытныя шыны для расійскага рынку па кошце ніжэйшым за той, па якім «Белшына» прапаноўвала свайму ўласнаму гандлёваму дому ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Што да супрацоўніцтва з расійскім Міністэрствам абароны, даследвальнікі БРЦ прыводзяць факты, што з 2022 па 2023 год дыстрыб’ютар бабруйскага завода «Белнефтехим-Рос» і Мінабароны Расіі падпісалі некалькі кантрактаў на суму больш за 1,5 млрд расійскіх рублёў ($19,5 млн). Толькі за першае паўгоддзе 2023-га «Белнефтехим-Рос» прадаў Міністэрству абароны тавараў на суму больш за $11 млн.
Сярод пакупнікоў бабруйскай прадукцыі ў Расіі – ТАА «ШЕРП» і ТАА «АЗ “НАЗ”» (экс-«Автозавод “ГАЗ”»), а таксама АТ «Автомобильный завод “Урал”». ТАА «Нижегородский ТД “Белшина”» прадаваў шыны АТ «БАЗ», ПАТ «КАМАЗ», АТ «СЭГЗ» і АТ «СКБ», якое знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага Саюза. Усе пералічаныя кампаніі вырабляюць вайсковую тэхніку, што можа сведчыць пра тое, што прадукцыя «Белшыны» шырока выкарыстоўваецца ў расейскай вайсковай прамысловасці.
На вайскова-тэхнічным форуме «Армия-2023», які праходзіў у Падмаскоўі, паводле БРЦ, былі прадстаўленыя ўзоры расійскай ваеннай тэхнікі, абсталяваныя шынамі «Белшына». Сярод іх, напрыклад, самаходная гаўбіца «Мальва» — адна з перадавых распрацовак расейскага войска. Такія гарматы выкарыстоўваюцца ў нападах на Харкаўскую вобласць.
Фота: VPK.name