Правядзенне конкурса па рэканструкцыі савецкага мемарыяла ў Клайпедзе разбурае прапагандысцкія клішэ расійскіх прапагандыстаў аб непавазе да памяці савецкіх воінаў у краінах Балтыі.
6 мая у Клайпедзе прайшло пасяджэнне конкурснай камісіі, якая да вечара 8 мая вызначыць лепшую ідэю перапланіроўкі пахавання савецкіх воінаў у Парку скульптур.
На конкурс свае прапановы прапанавалі шэсць аўтараў. Па папярэдніх падліках, кошт іх рэалізацыі можа вар’іравацца ад 160 000 да 1 350 000 еўра – паведамляе atviraklaipeda.lt.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
У склад конкурснай камісіі ўваходзяць галоўны архітэктар Клайпеды, кіраўнік Дэпартамента аховы спадчыны, скульптар, архітэктары, гісторык.
Умовы конкурсу ўключалі патрабаванне абапірацца на сусветную практыку стварэння мемарыяльных аб’ектаў, іх прыклады і аналіз.
Аўтары праекта «FHV0409» прапануюць на месцы існуючага мемарыяла стварыць зусім новы мемарыял. Яны хочуць зрабіць прастору, якая распасціралася б ад вуліцы С. Даўканта да Парка скульптур, злучаная своеасаблівым тунэлем з нанесенымі на сценах прозвішчамі загінулых салдат.
Праект «KLP0700» прапануе стварыць новы акцэнт, які абазначыў бы салдацкія могілкі, якія існуюць на гэтым месцы.
Праект “KNT1724” максімальна выкарыстоўвае старыя элементы існуючага мемарыяла.
У бачанні праекта «NAU2023» месца ранейшага мемарыялу становіцца максімальна інтэгравальнай прасторай у рашэнні Парка скульптур, які рэканструюецца ў цяперашні час.
Аўтары праекта “ААА4321” прапануюць трансфармаваць існуючы мемарыял у сквер, у якім з’явіўся б намёк на тое, што тут былі могілкі, але без звыклай сімволікі могілак. Цікавы дадатак – фантан.
Праект “SSS2023” прапануе закансерваваць старыя канструкцыі мемарыяла: пакінуць бетонныя сцены, увесь пляц і пруд і пераўтварыць іх у прастору тыпу сквера. Цікавым з’яўляецца пошук кропак судотыку з сістэмай фартыфікацыйных умацаванняў, якая была ўсталявана яшчэ падчас напалеонаўскіх войн, прапануецца новы акцэнт – алтар
Рэканструкцыя Парку скульптур патрабуе і дадатковых раскопак – перапахаванне савецкіх воінаў на гэтай тэрыторыі праводзілася ў 1956 годзе і няма дакладных звестак аб тым, хто і дзе быў пахаваны.
Ва ўсіх прадстаўленых на конкурса праектах не прадугледжана напісанне прозвішчаў салдат лацінскімі літарамі. Іх пакінуць так, як яны былі напісаны ў ваенных дакументах – на мове арыгінала, кірыліцай. У існуючым мемарыяле імёны воінаў напісаны на літоўскай і рускай мовах.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.