Навіны пабрацімаў. У Клайпедскім парту перабывае найвялікшы за ўсе часы карабель узброеных сіл ЗША, які наведваў Літву

Дэсантны карабель Злучаных Штатаў Амерыкі USS Kearsarge прабудзе ў порце Клайпеды да 23 жніўня. Гэта найвялікшы ваенны карабель, які калі-небудзь заходзіў у Літву. Цырымонія яго вітання запланавана на 22 верасня.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Дэсантны карабель-амфібія класа Wasp – флагман 22-га экспедыцыйнага корпусу марской пяхоты ЗША.

Экіпаж карабля налічвае больш за 2 тысячы. На борт ён здольны ўзяць яшчэ 1,5 тысячы чалавек. Гэты карабель можа несці да 26 верталётаў. Мае стандартнае для такога класу караблёў ўзбраенне, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Delfi.

Выданне адзначае, што ЗША – стратэгічны партнёр Літвы і адзін з галоўных саюзнікаў, які стаіць на варце бяспекі Балтыйскага рэгіёну. Літва дамагаецца пастаяннай і бесперапыннай прысутнасці амерыканскіх войскаў у рэгіёне ў розных формах.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: dcdn.lt