Былы мэр за 9 гадоў працы пакінуў пасля сябе разнастайную спадчыну. Паспрабуем падвесці першыя вынікі, бо шмат што па-сапраўднаму выявіцца значна пазней. Тым не менш, падаецца, што Віктар Шорыкаў і Уладзімір Цумараў – два прэтэндэнты на званне лепшага старшыні гарвыканкама часоў незалежнасці.
Напачатку трэба сказаць, што крытыкаваць дзейнае начальства за памылкі і хваліць яго ж за добрыя справы пасля сыходу ў адстаўку – добры тон і нават норма ў дэмакратычным грамадстве. Падлізнікі ж робяць усё наадварот: яны лісліва хваляць чалавека, пакуль ён на высокай пасадзе, і аблайваюць яго адразу пасля сыходу. Сёння час калі крытыкаваць ужо позна, а час усхваляць яшчэ не прыйшоў. Можна казаць аб’ектыўна.
Цумараў не быў белым і пухнатым. Яго часцяком крытыкавалі за аддаленасць ад патрэб простых людзей, за панскасць у пэўных сітуацыях, за праз калена зробленыя нават добрыя праекты, за гэтыя кіламетры тратуарнай пліткі… За што толькі яго не крытыкавалі.
Але Цумарава ж хвалілі за інфраструктурныя пераўтварэнні ў горадзе, за тое, што не саромеўся быць проста чалавекам, падпяваў артыстам на канцэртах, як мэр быў дастаткова даступным і адкрытым і г.д.
Тут важна адзначыць і ўсведамляць, што ганебнай мянушкі да яго не прыклеілася. А гэта пра многае кажа.
Што ж змянілася ў горадзе за гады яго кіравання? За што мы можам сказаць яму дзякуй?
Актыў Цумарава:
Першае, што згадваецца, гэта парк “Падміколле”. Сапраўднае дзецішча мэра. Мала хто здзівіцца, калі нейкі аб’ект у парку будзе праз шмат гадоў названы ягоным імем.
Па другое, гэта масты. Усе магілёўскія масты праз Дняпро былі адрамантаваны пры ім, як і большасць іншых маставых пераходаў горада. Гэта было складана, патрабавала шматлікіх узгадненняў і вельмі значна. А ільвы на Пушкінскім мосце – нібыта напамін пра гэта.
Рамонт дарожнага покрыва і разгрузка цэнтра горада ад транспартных патокаў. Адкрытая новая дарога-дублер для вуліцы Якубоўскага і Загараднай шашы. Капітальна адрамантаваныя Першамайская і Крупская і г.д.
Мноства пешаходных дарожак у гады яго кіравання Магілёвам былі пабудаваны або адрамантаваны.
Пасіў Цумарава:
Парк “Падміколле” створаны без уліку прапаноў краязнаўцаў і эколагаў. У некаторых парк выклікае ўражанне безгустоўнай мешаніны розных стыляў, у той час як сапраўдныя каштоўнасці Падміколля былі груба выкарчаваныя. Бульдозерамі руйнавалі падмуркі старажытных камяніц. Мяшалі з брудам культурны слой. З-за неахайнай працы экскаватараў унікальныя дрэвы ў парку ссохлі.
Так і не была створана сетка веладарожак. А тыя, што з’явіліся, праходзяць выключна ля буйных транспартных трас і экалагічна шкодныя для веласіпедыстаў.
Бюджэтныя сродкі марнаваліся на тратуарную плітку, літаральна ўкапваліся ў зямлю, хаця маглі б быць выдаткаваны больш рацыянальна. Гранітная плітка на плошчы Славы ламаецца падчас кожнай уборкі снегу, тады як павінна была б быць доўгавечнай.
Няўлік думак жыхароў пры правядзенні рэканструкцый мікрараёнаў. Але, трэба прызнаць, што апошняя праблема носіць сістэмны характар і не магла быць вырашана ў рамках аднаго асобна ўзятага горада.
Як бачым, пасля Цумарава засталіся дасягненні, пра якія можна казаць. Ад папярэдняга яму мэра гораду не засталося нічога, за выключэннем разбітых дарог. Сур’езна параўноўваючы значэнне розных мэраў горада, многія магілёўцы прыходзяць да высновы, што Віктар Шорыкаў і Уладзімір Цумараў – прэтэндэнты на званне лепшага старшыні гарвыканкама часоў незалежнасці. Пры іх шмат чаго было зроблена.
Так што дзякуй, Уладзімір Міхайлавіч. Здароўя вам і плёну ў жыцці.